Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 2013


Беларуская служба Радыё Свабода
Беларуская служба Радыё Свабода

Працяг гістарычнага цыклю паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных юбілею Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004-х і ў 2009 годзе.

2013 год быў годам клясычнай Свабоды — сьвежыя і дакладныя навіны, жывыя рэпартажы — у тым ліку з кіеўскага майдану, дзе працавалі нашыя карэспандэнты, апэратыўная аналітыка, разнастайныя погляды і камэнтары ў блогах і спэцыяльных праграмах, нязьменная ўвага да лёсу палітзьняволеных і іх сем’яў.

***
Сёньня гучыць юбілейная, 60-я перадача сэрыі «На хвалі Свабоды», і традыцыйна — як 5 і 10 гадоў таму — я запрасіў у госьці дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука, які падвядзе вынікі мінулай працы, разгледзецца ў сёньняшнім дні, а таксама паразважае пра тое, што можа чакаць нас заўтра.

— Аляксандар, калі б РС было сто гадоў як бы ахарактарызавалі першыя 60?


На прэзэнтацыі кнігі "Зкімбы - Зымбы" ў Менску, 15.05.2013
На прэзэнтацыі кнігі "Зкімбы - Зымбы" ў Менску, 15.05.2013
«Будзем спадзявацца, што РС выканае сваю місію нашмат раней і ня будзе патрэбнай, як выканалі сваю місію і перасталі выходзіць у эфір перадачы на польскай, літоўскай, чэскай і іншых мовах — мовах краінаў, дзе перамаглі каштоўнасьці дэмакратыі і свабоды слова.

Радыё Свабода заўсёды было голасам праўды — праўды пра гісторыю, пра злачынны савецкі рэжым, пра падзеі ў сьвеце, пра жыцьцё ў БССР. А праўду камуністычныя улады ня толькі не любілі, але і баяліся.

Таму нашу 60-гадовую гісторыю я б падзяліў на два вялікія пэрыяды — ад 1954 да 1 сьнежня 1988-га — гэта час, калі Свабоду глушылі, калі людзі рызыкавалі калі слухалі, рызыкавалі калі абмяркоўвалі пачутае. Другі пэрыяд пачаўся з часам галоснасьці, беларускую Свабоду перасталі глушыць».

Мы працягнем гутарку з Аляксандрам Лукашуком крыху пазьней, а зараз я раскажу пра тое, што яшчэ мы рабілі ў 2013 годзе.

***
Ад 1 студзеня 2013 году Альгерд Бахарэвіч распачаў свой трэці сэзон на Свабодзе, гэтым разам — са сваім «Календаром». Кожны дзень на працягу ўсяго году гучалі ў эфіры і публікаваліся на сайце эсэ, прысьвечаныя нейкай гістарычнай падзеі або асобе.

З «Календара Бахарэвіча» паслухаем эсэ «За нашу і вашу», прысьвечанае Дню Волі 25 сакавіка.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:34 0:00
Наўпроставы лінк


***
«Бібліятэка Свабоды» ў 2013 годзе пабіла рэкорд — у гэтым годзе выйшла 6 кніг. Варта адзначыць, што і ў 2013-м у шорт-лісьце Прэміі Гедройця апынулася кніга «Бібліятэкі Свабоды» — «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча». Альгерд Бахарэвіч, як і годам раней, атрымаў другую прэмію.

А цяпер пра кнігі 2013-га. «Справа Бяляцкага», якую напісаў Валер Каліноўскі, дае поўны агляд дзейнасьці палітвязьня Алеся Бяляцкага і ягонай праваабарончай арганізацыі «Вясна-96».

Наш калега Алег Грузьдзіловіч назваў сваю кнігу «Хто ўзарваў менскае мэтро?» і даў у ёй падрабязны аналіз судовага працэсу над двума тэрарыстамі, запрапанаваўшы свой вэрдыкт.

«Турма і здароўе» выйшла з-пад пяра прафэсара мэдыцыны Юрыя Бандажэўскага — ён ня толькі дае свае парады, як захаваць здароўе, але і адказвае на шматлікія пытаньні слухачоў і чытачоў.

«Жывая мова» Юрася Бушлякова — практычныя парады, як правільна і прыгожа гаварыць па-беларуску. Кніга любові. Пра яе і яе аўтара мы яшчэ сёньня пагаворым.

Кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы» — сапраўдны бэстсэлер палітычнай літаратуры, чытачы ацанілі ня толькі эмацыйны напал, але і дакумэнтальны характар тэксту, яго ўнікальныя крыніцы.

Урэшце ў сьнежні адбылася прэзэнтацыя кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ» — бязьлітасна дакладная хроніка прававога бязьмежжа, у якое ўлады кінулі Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.


***

Мы гаворым далей з маім госьцем — дырэктарам беларускай Свабоды Аляксандрам Лукашуком.


— Як адзначаюць у сваіх лістах слухачы, з канцом глушэньня праблема якаснага прыёму не зьнікла: Свабода засталася на кароткіх хвалях, пазьней дадаліся сярэднія, але з тэрыторыі суседняй Літвы. Чаму Свабода ў Беларусі, у адрозьненьне ад украінскай, расейскай, грузінскай службаў, ніколі не была ў дыяпазоне FM, не трансьлявалася у самой краіне?

«Гэта сапраўды так — мы як радыё працягвалі вяшчаць як за часам халоднай вайны. На жаль, нават у кароткі пэрыяд дэмакратычнага разьвіцьця, пасьля паразы камуністычнага путчу, да прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, улады ў Беларусі не пусьцілі Свабоду у краіну. І пасьля некаторыя горка пра гэта пашкадавалі. Я памятаю, як Мечыславу Грыбу, апошняму сьпікеру больш-менш дэмакратычна абранага Вярхоўнага Савету не давалі слова ні на дзяржаўным радыё, ні на тэлебачаньні, а яго зварот да выбаршчыкаў праз расейскае тэлебачаньне выразалі з эфіру — і ён прыйшоў зь целаахоўнікамі ў нашу маленечкую студыю ў двухпакаёвай кватэры, бо гэта аказалася адзінае месца ў Беларусі, дзе ён меў свабоду слова ў 1995 годзе».

***
Год 2013 у сьвеце

Славаччына і Вугоршчына пераходзяць на эўра. — Папа Рымскі Бенедыкт XVI сышоў у адстаўку, новым папам абраны кардынал Хорхэ Марыя Бэргольё, які прыняў імя Францішак. — КНДР абвясьціла пра стан вайны з Паўднёвай Карэяй. — Харватыя ўступае ў Эўразьвяз. — Прэзыдэнт Эгіпту Мухамад Мурсі адхілены ад улады вайскоўцамі. — На прэзыдэнцкіх выбарах у Грузіі перамог Георгі Маргвэлашвілі. — У Вільні празходзіць саміт Усходняга партнэрства. — У Кіеве ў адказ на адмову ўраду ад эўраінтэграцыі зьбіраецца стотысячны Эўрамайдан. — Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымлівае Эліс Манро.

***
На працягу ўсяго 2013 году штодня гучалі ў эфіры імёны ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі. На сайце svaboda.org мы апублікавалі 60 тысячаў імёнаў і біяграмаў людзей, якія загінулі за савецкім часам ад рук савецкай улады. «Знайдзі сваіх», — зьвярталіся мы да чытачоў, і шмат хто знаходзіў, прысылаў свае папраўкі і дапаўненьні. Гэтая адрэдагаваная, вывераная публікацыя — плён больш чым дзесяцігадовай падрыхтоўчай карпатлівай працы Сяргея Дубаўца, які кожны дзень зачытваў у эфіры сухія канцылярскія радкі нечага бязьлітаснага лёсу.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:51 0:00
Наўпроставы лінк


***

Мы вяртаемся да гутаркі з нашым сёньняшнім госьцем — дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандрам Лукашуком.

- Як бы вы ахарактарызавалі апошнія чвэрць стагодзьдзя гісторыі Свабоды?


«Гэта быў час бурнага разьвіцьця — ў 1998-м у нас зьявіўся свой інтэрнэт-сайт, Беларуская служба была адной зь першых трох з трох дзесяткаў, хто гэта зрабіў. У 2002-м выйшла першая кніга „Бібліятэкі Свабоды“ — „Верш на Свабоду“. Мы сталі партнэрам першага незалежнага тэлебачаньня па-беларуску — тэлеканалу Белсат. Сёньня Свабода — больш чым радыё, гэта і тэлебачаньне, і выдавецтва, і інтэрнэт-газэта, інтэрнэт-часопіс, інтэрнэт-бібліятэка, інтэрнэт-радыё, нас можна слухаць праз спадарожнік, атрымліваць навіны праз Твітэр, глядзець у сацыяльных сетках. І канечне — зьмянілася роля аўдыторыі: нашыя слухачы і гледачы удзельнічаюць ў стварэньні праграмаў, іх галасы, меркаваньні, іх допісы і фотаздымкі, успаміны і пытаньні — вельмі каштоўная частка праграмнага зьместу Свабоды».

***
2013 ГОД У БЕЛАРУСІ
Уладзімер Сакульскі
Уладзімер Сакульскі
Вікторыя Азаранка другі раз запар выйграе тэнісны турнір Australian Open у Сыднэі. — Праходзіць агульнанацыянальная дыктоўка па тэксце «Лістоў з-пад шыбеніцы» К. Каліноўскага. — Адкрыты тэлеканал «Беларусь-3». — Прэмію Гедройця атрымлівае Ўладзімер Някляеў за раман «Аўтамат з газіроўкай». — Над Беларусьсю лютуе ўраган Ксавіер. — Альбом «Беларусь прэс-фота» прызнаны экстрэмісцкім. — У Беларусу з-за эпідэміі афрыканскай чумы масава зьнішчаюцца сьвіньні. — У Менску прайшоў VI зьезд беларусаў сьвету. — У Менску арыштаваны кіраўнік Уралкалію Ўладзіслаў Баўмгертнэр. — Алесь Бяляцкі абвешчаны ляўрэатам міжнароднай прэміі імя Вацлава Гаўла. — Мінюст пазбаўляе ліцэнзіі выдавецтва «Логвінаў». Кіраўніком Праваслаўнай царквы ў Беларусі прызначаны мітрапаліт разанскі Павел.

***
Юрась Бушлякоў
Юрась Бушлякоў
2013 год прынёс нам балючыя страты — нас пакінулі двое вельмі сьветлых людзей. 7 ліпеня пайшоў з жыцьця наш гукарэжысэр Валодзя Сакульскі, жыцьцялюбны, аптымістычны чалавек, якога нам моцна не хапае.

А 4 чэрвеня пасьля доўгага змаганьня зь цяжкай хваробай памёр філёляг, пэдагог, журналіст Радыё Свабода Юрась Бушлякоў. Юрась на радыё быў галоўным даглядчыкам за чысьцінёю мовы, бо афіцыйна ў нас пасады моўнага рэдактара ніколі не было. На хвалях Свабоды ён выступаў з глыбокімі і грунтоўнымі моўнымі парадамі, якія склалі зьмест яго кнігі «Жывая мова». Над кнігай ён працаваў да апошніх дзён свайго жыцьця, аднак патрымаць яе ў руках яму ўжо так і не давялося. Цэлы год на нашых хвалях гучалі начытаныя ім самім парады з кнігі.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:00 0:00
Наўпроставы лінк


***

Я працягваю гутарку з нашым госьцем — Аляксандрам Лукашуком.

- Назавіце тры рэчы, якія вылучаюць Беларускую Свабоду з астатніх службаў РС/РСЭ?

«Бібліятэка — амаль 50 выданьняў кніг і дыскаў, ад выступаў на Свабодзе Васіля Быкава да біяграфіяў палітвязьняў, ад гістарычных кніг паводле перадачаў Уладзімера Арлова і Вячаслава Ракіцкага да бліскучай эсэістыкі Рыгора Барадуліна, Сяргея Дубаўца і Альгерда Бахарэвіча, — цяпер яна ўся даступная на сайце svaboda.org.

Другое — гэта перадача Свабоды „Галасы салідарнасьці“ — калі ў адну ноч на новы 2011 год на нашых хвалях гучалі імёны сямісот арыштаваных пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Іх чыталі міністры замежных справаў Чэхіі і Польшчы, амэрыканскія сэнатары і і францускія філёзафы, былыя прэм’ер міністры краінаў вялікай васьмёркі і культавыя кінаакторы, а адкрываў чытаньне былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і завяршаў былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. Дарэчы, апошні ліст у сваім жыцьці Вацлаў Гавэл напісаў на просьбу Беларускай Свабоды- гэта было каляднае віншаваньне беларускім палітвязьням.

І трэцяе — гэта наша аўдыторыя. Толькі ў Беларусі па-мойму могуць з такімі моцнымі пачуцьцямі ставіцца да Свабоды — мы падрыхтавалі кнігу, у якую сабралі выказваньні слухачоў пра радыё — гэта нешта фэнамэнальнае. І я думаю, справа ня толькі ў прафэсійнай працы, унікальных гасьцях, высакаякасным зьмесьце праграмаў — а справа яшчэ у дзьвюх рэчах: гэта жывая беларуская мова выклікае такі водгук, і гэта шчырасьць, зь якой гучаць галасы — іншымі словамі, гэта зварот ня толькі да розуму, але й да сэрца слухачоў. Некалі Васіль Быкаў казаў: „Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю Свабоду. Тое сталася звычаем і патрэбай душы“. Так казаў вялікі слухач, вялікі сябра і аўтар Свабоды Васіль Быкаў.

Радыё Свабода для многіх нашых слухачоў — сапраўды патрэба душы. А душа, як вядома, субстанцыя неўміручая».
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

УСЕ ПЕРАДАЧЫ "НА ХВАЛІ СВАБОДЫ":
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG