Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так званыя рэфэрэндумы ва Ўкраіне: чаму мы ніколі не даведаемся праўды?


Карэспандэнтка нашага радыё Дэйзі Сіндэлер падсумоўвае сумневы, якія спадарожнічалі гэтым падзеям

Сэпаратысты у двух усходніх рэгіёнах Украіны, на Луганшчыне і на Данеччыне, сьцьвярджаюць, што так званыя рэфэрэндумы аб самавызначэньні, які адбыліся 11 траўня, прайшлі для іх вельмі пасьпяхова. Аднак абодва гэтыя плебісцыты на ўсходзе Ўкраіны пакуль што выклікаюць больш пытаньняў, чым даюць адказаў.

Карэспандэнтка нашага радыё Дэйзі Сіндэлер падсумоўвае сумневы, якія спадарожнічалі гэтым падзеям.

Пра што вядома дакладна?


Самазваныя ўлады ў абодвух рэгіёнах сьцьвярджаюць, што ідэя самавызначэньня атрымала падтрымку пераважнай большасьці выбаршчыкаў: 89% у Данецку і блізка 96% у Луганску.

Афіцыйны Кіеў і шэраг заходніх краінаў, уключаючы ЗША, не прызналі легітымнасьці гэтага галасаваньня.
Афіцыйны Кіеў і шэраг заходніх краінаў, уключаючы ЗША, не прызналі легітымнасьці гэтага галасаваньня.


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў сказаў, што Масква «з павагай адносіцца да волевыяўленьня насельніцтва Данецкай і Луганскай абласьцей» і заклікае да «цывілізаваных» перамоваў паміж Кіевам, Данецкам і Луганскам.

Галасаваньне не абышлося бяз гвалту. Прынамсі адзін чалавек быў забіты ў горадзе Краснаармейск Данецкай вобласьці.

Пра што вядома, што яно застаецца невядомым?


Колькі людзей на самой справе прагаласавала? Сэпаратысты сьцьвярджаюць, што яўка, па меншай меры, была на ўзроўні 70% у абодвух рэгіёнах. Разам Данецк і Луганск складаюць 15% насельніцтва Украіны — гэта каля 7 мільёнаў чалавек. Але дакладныя зьвесткі пра выбаршчыкаў не былі пададзеныя, як не было і ніякага вытлумачэньня, якім чынам камісіі на выбарчых участкаў змаглі падлічыць сотні тысяч бюлетэняў так хутка. Дзейны прэзыдэнт Украіны Аляксандр Турчынаў сказаў, што яўка склала 24% у Луганску і 32% у Данецку. Але і ён не падаў ніякіх канкрэтных лічбаў.

У чым трэба сумнявацца?


Усё выглядае занадта проста. Падрыхтоўка так званых рэфэрэндумаў заняла менш чым месяц і, паводле сэпаратыстаў, каштавала менш за 1700 даляраў

Нябачныя выбаршчыкі? У той час як сэпаратысцкія і прарасейскія карэспандэнты распавядалі пра натоўпы і доўгія чэргі на выбарчых участках ды перад участкамі, іншыя журналісты ў Луганску і Данецку сьведчылі аб нізкай яўцы, паведамляючы, што на некаторых выбарчых участках было амаль цалкам пуста на працягу дня. У некаторых месцах сэпаратысты ня здолелі наладзіць галасаваньня для ўсіх. У Марыюпалі, дзе жыве паўмільёна чалавек, арганізатары адкрылі ўсяго восем выбарчых участкаў — у выніку перад участкамі ўзьніклі доўгія чэргі і урны, якія былі пастаўленыя на ходніках, засталіся без нагляду.

Ціск на выбаршчыкаў. Амаль усе важнейшыя выбарчыя ўчасткі ахоўваліся мужчынамі ў балаклавах і з аўтаматамі. Многія з іх аддалі свае галасы пры зброі. Некаторыя выбарчыя ўчасткі не былі ў стане забясьпечыць асобныя кабіны, і выбаршчыкі запаўнялі свае бюлетэні на відавоку ўсіх прысутных. У адным дакумэнтальна пацьверджаным выпадку чалавек, які прагаласаваў «супраць», сказаў журналістам, што ён прагаласаваў «за», хутчэй за ўсё зь меркаваньняў асабістай бясьпекі.

Працэдурныя парушэньні. Паводле ўкраінскага заканадаўства выбарчыя камісіі на выбарчых участках павінны быць ўкамплектаваныя не менш чым дзевяцьцю сябрамі. На шмат якіх выбарчых участках было ня болей за тры чалавекі ў камісіі, якія да таго адкрыта прызнавалі, што ня маюць ніякага папярэдняга досьведу працы ў выбарчай камісіі. У некаторых выбарчых акругах не было сьпісаў выбаршчыкаў, што стварала магчымасьці для паўторнага галасаваньня і іншых формаў махлярства. Адзначана прынамсі адзін выпадак, у якім чалавек на выбарчым участку трымаў некалькі бюлетэняў і пашпартоў, кажучы, што ён быў «ўпаўнаважаны», каб прагаласаваць ад імя ўсёй сваёй сям’і.

Выбарчыя фальсыфікацыі. Напярэдадні так званага рэфэрэндуму ўкраінскія сілы захапілі аўтамабіль за межамі горада Данецка з узброенымі людзьмі, якія перавозілі зброю і, паводле ацэнак, 100 тысяч бюлетэняў, у якіх папярэдне быў адзначаны адказ «за». Некаторыя журналісты паведамлялі, што бачылі, як сэпаратысты зьнішчаючы бюлетэні з пазначаным на галасаваньні адказам «супраць».

Апытаньні паказваюць на іншае. Паводле дадзеных апытаньня, праведзенага 8 траўня службай Pew Research Center, 70% украінцаў на ўсходзе Ўкраіны хочуць, каб краіна засталася адзінай, у той час як толькі 18% падтрымлівае ідэю аддзяленьня.

Чаму мы ніколі ня ўведаем праўды?


Было няшмат бесстароньніх сьведак. Не было ніякіх міжнародных назіральнікаў. Шэраг журналістаў паведамлялі аб перасьледзе і зьбіваньні за межамі выбарчых участкаў; у некаторых выпадках фатографам было забаронена ўваходзіць на выбарчыя ўчасткі.

Якія пытаньні жыхары ўсходняй Украіны могуць задаваць сабе сёньня?


Людзі могуць пытацца, за што яны насамрэч галасавалі. У бюлетэнях выбаршчыкаў пыталі, ці яны падтрымліваюць «акт самавызначэньня». Тым ня менш, тыя з выбаршчыкаў, якія гаварылі з карэспандэнтамі нашага радыё, па-рознаму інтэрпрэтавалі слова «самавызначэньне». Адны казалі, што самавызначэньне азначае інтэграцыю з Расіяй. Іншыя казалі, што гэта азначае большую аўтаномію ў складзе Украіны, такую як у Крыме перад анэксіяй. А яшчэ іншыя лічылі, што яны галасавалі за незалежнасьць ад Украіны і Расеі.

Што будзе далей? Розныя самазваныя сэпаратысцкія ўлады ўжо агучылі свае даволі супярэчлівыя намеры: стварыць асобныя кіруючыя органаў і вайсковыя структуры; заставацца ў рамках «унітарнай» або «фэдэратыўнай» Украіны; пазбыцца ўкраінскіх войскаў як «чужынцаў»; правесьці другі раўнд рэфэрэндумаў аб далучэньні да Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG