Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Бордак: Шакаваная рэакцыяй беларусаў на Ўкраіну


Натальля Бордак. Фота з Фэйсбука
Натальля Бордак. Фота з Фэйсбука

Нясьвіскі раённы суд перанёс на тыдзень паседжаньне па справе актывісткі БХД Натальлі Бордак, якая 9 траўня выйшла ў гарадзкі парк з плякатам супроць палітыкі Ўладзімера Пуціна адносна Ўкраіны.


Суд над Натальляй Бордак зь Нясьвіжа, якую раніцай 12 траўня пачалі судзіць у Нясьвіскім судзе за антыпуцінскі плякат, перанесены на будучы панядзелак, 19 траўня. Гэтак вырашыла судзьдзя Вольга Крупец пасьля хадайніцтва Натальлі Бордак аб адвакаце.

Натальлю прывезьлі ў суд пасьля амаль трох дзён у пастарунку нясьвіскай управы міліцыі — затрымалі жанчыну яшчэ ўвечары 9 траўня. Пастарунак месьціцца ў сутарэньні старога будынку. Натальля згадала пра ўмовы ў гэтым памяшканьні:

«Тры ночы ў тым страшэнным падвале, з шэрай цьвільлю, без паветра, без вэнтыляцыі, без нармальных санітарных умоваў. У прыбіральню выводзілі толькі двойчы: раніцай і а 5 гадзіне дня».

На самаробным плякаце, зь якім Натальля Бордак хадзіла па нясьвіскім парку амаль паўгадзіны, было напісана: «Не — пуцінскай вайне з Украінай». Жанчына згадвае, што ў міліцыі яе запыталі, чаму яна супроць пуцінскай вайны, а не супроць амэрыканскай, ды прапанавалі ў пратаколе патлумачыць сваю пазыцыю:

«Напісала, што выказваю спачуваньне, боль, непакой адносна тых падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне. Мне гэта вельмі балюча, і таму я выйшла з плякатам, каб гэтак выказаць сваю думку. І пачуць рэакцыю на гэта людзей. А чаму менавіта пуцінская вайна? Напісала, што гэта мая ўласная думка, бо я лічу, што агрэсія ідзе менавіта з Крамля, а не з Амэрыкі. У іх свой кантынэнт, яны далёка. Гэтак напісала і падпісалася. І далей працэс пайшоў. Забралі дакумэнты, спусьцілі мяне ў той падвал».

Як рэагавалі наведнікі нясьвіскага парку на антыпуцінскі плякат? Паводле Натальлі Бордак, яна была гэтай рэакцыяй шакаваная, хоць і прадбачыла, што абсалютнай падтрымкай яе плякат карыстацца ня будзе:

«Рэакцыя была рознабаковая. Можна сказаць, што 50 на 50. Нехта казаў „рэспэкт“, маладыя людзі назвалі маю акцыю „добрай ідэяй“. Але некаторыя ўсьлед абражалі гэтак, што нельга паўтараць. Канешне, вельмі шмат замбаваных людзей. Тых, хто падтрымлівае гэтую агрэсію, хто за тое, каб Кіеў разбурылі».

________________________________________

Натальля Бордак — мастачка. У Нясьвіж яна прыехала ў 2007 годзе зь Сьветлагорску, дзе яе звольнілі з працы мастака ў раённым доме культуры. Кажа, што пацярпела за сваю палітычную актыўнасьць — зьбірала подпісы за апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, удзельнічала ў розных палітычных акцыях. «Бяз вас мне будзе спакайней», — згадвае Натальля словы, зь якімі зь ёй разьвітваўся яе начальнік. У Нясьвіжы мастачка ўладкавалася ў ліцэй, але і адтуль урэшце давялося сысьці — не падоўжылі кантракт. З 2011 году Натальля Бордак жыве тым, што вырабляе і прадае сувэніры, малюе партрэты і малюнкі. У Натальлі Бордак трое дзяцей, зь іх адзін, малодшы сын, непаўналетні.

За несанкцыянаваны пікет пагражае грашовы штраф або адміністрацыйны арышт. Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч лічыць затрыманьне Натальлі Бордак незаконным:
Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Гэта недапушчальна, што яе затрымалі і прыцягваюць да адказнасьці. Ніякай пагрозы грамадзкаму парадку, грамадзкай бясьпецы ці маралі і здароўю насельніцтва яна не ўяўляла. Але нашы ўлады будуць трактаваць яе дзеяньні як парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

Паводле Натальлі Бордак, яна ведала пра прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў у Менску і іншых месцах Беларусі напярэдадні 9 траўня, але гэта яе не спыніла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG