Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў палоне стужак


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Тое, пра што марылі беларускія нацыяналісты, адбылося – улады краіны «забараняюць» георгіеўскую стужку.

Для многіх своеасаблівай сэнсацыяй прагучалі паведамленьні, што БРСМ рэкамэндуе не выкарыстоўваць «георгіеўскую стужку» на сьвяткаваньнях Дня Перамогі 9 траўня. Мяркую, ані ў кога няма ілюзіяў наконт «палітычнай самастойнасьці» БРСМ – таму відавочна, што сапраўдны аўтар рэкамэндацыяў знаходзіцца ў адміністрацыі прэзыдэнта. (Падкрэсьліваю гэта на той выпадак, калі Масква раптам жорстка адрэагуе і афіцыйны Менск асадзіць назад, зваліўшы ўсё на «ініцыятыву на месцах» – усё роўна відавочна, што рэкамэндацыі былі і што паходзілі яны ад уладаў.)

Цяпер ужо ня так і важная гісторыя георгіеўскай стужкі – бо цяперашняе яе значэньне зьмянілася, як калісьці беззваротна зьмянілася сымбалічнасьць старажытнай індыйскай свастыкі пасьля выкарыстаньня яе фашыстамі. На сёньня георгіеўская стужка стала адназначна атаясамлівацца менавіта з расейскай палітыкай апошніх месяцаў. За апошнія гады, а тым больш месяцы яна ператварылася ў сымбаль падтрымкі цяперашняй палітыкі Крамля. У 2012 годзе ў Маскве георгіеўскія стужкі насілі тыя, хто быў супраць руху «белых стужак», апазыцыянэраў Пуціну. Яна стала стужкай разладу, а не яднаньня. Ніякай сувязі з агульнай перамогай савецкага народу ў ёй няма.

У гэтым сэнсе становіцца больш зразумелым, чаму «прасавецкі» Лукашэнка ані раней, ані тым больш зараз ня хоча прымаць георгіеўскую стужку – бо гэта сымбаль перамог Расеі, Пуціна. Паводле беларускіх ідэолягаў, 22 чэрвеня немцы напалі на Беларусь (прынамсі, так сказана ў рэкляме, якая ідзе цяпер на БТ пра фільм «В августе 44-го»), а перамог у вайне савецкі народ пад савецкімі сымбалямі. На Дзень Перамогі ў Маскве ў 2010 годзе тагачасныя прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны Мядзьведзеў і Януковіч насілі георгіеўскую стужку, Лукашэнка – чырвона-зялёную, колераў дзяржаўнага сьцягу Беларусі.

Лукашэнка (пакуль) не прымае георгіеўскую стужку, але кіраўнік Беларусі яшчэ (ці ўжо) ня ў сілах яе забараніць хоць бы гэтак, як гэта зроблена ў Казахстане. Ён нават асьцерагаецца спыніць «энтузіязм прарасейскіх масаў» (які ў любы момант «па сьвістку» можа актывізавацца), бо Масква можа раззлавацца, – а ў Масквы, як заўсёды, чарговых грошай даводзіцца прасіць.

Украінскія падзеі зафіксавалі канчатковы распад наратыву «дружбы народаў былога СССР», пад які Лукашэнку так таленавіта ўдавалася высмоктваць з Расеі рэсурсы. Ну сапраўды, як можа ўспрымацца цяперашнім Крамлём на фоне вайны ў Данбасе стылістыка беларускага кіраўніка пра тры братэрскія славянскія народы? Дружбы народаў больш няма, надыходзіць вайна, яе сымбаль – георгіеўская стужка. Ад Лукашэнкі патрабуюць вызначыцца, на якім ён баку, – а ён ня хоча.

Гісторыя з георгіеўскай стужкай – гэта прыватны выпадак шырэйшай праблемы: наколькі ляяльная беларуская дзяржаўная машына (чыноўнікі, ідэолягі, СМІ, БРСМ, армія) да любых загадаў свайго кіраўніка? Пакуль яны змагаліся са слабым «чэленджам» з боку апазыцыі і лёгкіх санкцыяў Захаду – праяўлялі поўную еднасьць. Але хто дасьць гарантыі, як яны павядуць сябе, калі пачнецца паўнацэнны накат з боку Расеі?

Фактычна, зараз можа адбыцца другая вэрсія «мух і катлет», на больш сур’ёзным і больш небясьпечным для Беларусі ўзроўні. На расейскіх патрыятычных сайтах ужо ідзе даволі істотны наскок на Лукашэнку. Наўрад ці ім так патрэбны ўласна Лукашэнка, ім трэба «нагнуць» (як мінімум) Беларусь.

Усе гэтыя гады Лукашэнка душыў сапраўды патрыятычныя сілы ў Беларусі (і працягвае гэта рабіць літаральна ў гэтыя дні, арыштоўваючы апазыцыйных актывістаў), і адначасова гадаваў паслухмяны яму, сыстэмны, вэртыкальны, але разам з тым прарасейскі «патрыятызм».

Але зь якой радасьці гэтыя «расейцы са знакам якасьці» кінуцца бараніць яго ад Расеі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG