Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стужка ці пятля?


У новай перадачы «Бяз гальштукаў» гаворым пра георгіеўскую стужку як сымбаль і ідэалягічны інструмэнт, яе гісторыю і сучаснае выкарыстаньне ў Расеі, Беларусі і рэгіёне.

Навошта беларусам георгіеўскія стужкі, якія цяпер актыўна раздаюць людзям напярэдадні 9 траўня ў беларускіх гарадах? Ці мае георгіеўская стужка нешта супольнае з ушанаваньнем Сьятога Георгія-Юр’я Пераможцы? Што сымбалізуе яна сёньня? Хто ў Другую сусьветную вайну насіў георгіеўскія стужкі? Ці ведаюць беларусы, якія чапляюць іх на сябе, што «Георгіем» розных ступеняў ўзнагароджвалі за здушэньне вызвольнага паўстаньня 1830–1831 гадоў у Беларусі, Літве і Польшчы, а таксама ганаравалі ўдзельнікаў усіх захопніцкіх каляніяльных войнаў Расеі?

Чым розьніцца стаўленьне да «георгіеўскіх стужак» у Расеі, Беларусі і Ўкраіне? Чаму чорна-аранжавая сымболіка ўсё меней і меней асацыюецца з Днём перамогі, а ўсё болей становіцца сымбалем расейскага імпэрыялізму? Ці варта забараніць раздачу і выкарыстаньне іх у грамадзкіх месцах у Беларусі, як патрабуюць некаторыя беларускія палітыкі?

Гэта ды іншае абмяркоўваюць палітык Вінцук Вячорка, які зрабіў лінгвістычны і гістарычны аналіз георгіеўскай стужкі, і намесьнік дырэктара рускай службы Радыё Свабода Андрэй Шары. Вядучая — Ганна Соўсь.



Фрагмэнт дыскусіі

Ганна Соўсь: Андрэй, што для вас сымбалізуе георгіеўская стужка?

Андрэй Шары: Цяпер гэта сымбаль пуцінскага рэжыму, які меў розныя канатацыі ў апошнія гады. Першая — зьвязаная з расейскімі ваеннымі перамогамі, у сувязі з Украінай гэта набыло дадатковае значэньне. Два гады таму георгіеўскія стужкі насілі тыя, хто былі супраць руху «белых стужак» у Маскве, супраць апазыцыйнага руху. Тут мноства гісторый, вялікая колькасьць значэньняў, і цяпер гэта зьвязана з падтрымкай пуцінскага рэжыму.

Соўсь: Вінцук, што для вас сымбалізуе георгіеўская стужка? Стужка ці пятля?

Вінцук Вячорка: Я імкнуся быць аб’ектыўным, не ўжываць вобразных рэчаў, мэтафараў. Хаця, безумоўна, згадваецца песьня Сержука Сокалава-Воюша, у якой ёсьць радкі «Вабяць кагосьці чужыя стугі і крыжы...». Безумоўна, для мяне і словазлучэньне георгіеўская стужка, ленточка, і самі гэтыя рэаліі — ня нашыя, прыўнесеныя, не беларускія.

Соўсь: Давайце пагаворым пра гісторыю гэтага сымбалю ў Расеі і ў Беларусі. Вінцук, вы падрыхтавалі грунтоўнае дасьледаваньне на гэты конт. Давайце вылучым самае асноўнае. Ці мае гэтая стужка нешта супольнае з ушанаваньнем Сьятога Георгія-Юр’я Пераможцы?

Вячорка: Гэты ордэн, як і бальшыня расейскіх ордэнаў, быў уведзены ў 18 стагодзьдзі, іншыя ў 19 стагодзьдзі. Гэта значыць пазьней, чым ордэны і высокія ўзнагароды ў эўрапейскіх краінах. І ўвяла яго Кацярына, гэта быў 1769 год. Чаму яна назвала ордэн імем Сьвятога Георгія, са статуту ордэна не вынікае. Няма ніякага тлумачэньня, прычым тут той сьвяты. Гэта, калі гаварыць пра тэкст. Калі гаварыць пра колеры, у якіх выкананы сам ордэн, то гэта чорна-залатая гама, стужка да яго — чорна-жоўтая. Жоўтыя альбо аранжавыя колеры перадаюць геральдычнае золата. І таксама не было ніякіх тлумачэньняў чаму. І толькі гадоў праз 60 пасьля ўвядзеньня ордэна расейскія інтэрпрэтатары прыпісалі Кацярыне вобразнае прачытаньне спалучэньня пораху і вагню ў гэтай чорна-жоўтай гаме. А колеры Сьвятога Георгія, па-нашаму Сьвятога Юрыя, па-ангельску Saint George, то ўсе ведаюць, што гэта чырвань на белым...

Соўсь: Дык гэта беларускія колеры?

Вячорка: Сьцяг Ангельшчыны (ня блытаць са сьцягам Брытаніі), сьцяг Грузіі, знак Генуі і нацыянальны сьцяг Беларусі — гэта чырвань на белым. Крыж альбо паласа Сьвятога Юр’я.

Соўсь: За што ўзнагароджвалі «Георгіем» розных ступеняў?

Вячорка: Ордэн і крыж да яго, а пазьней яшчэ і зброя да яго, а пазьней асобна ўзятая стужка да яго лічыліся асноўнымі баявымі ўзнагародамі. І з гэтай прычыны кожны імпэратар зноў вяртаўся да гэтага ордэна ці да ўсёй лінейкі, парадыгмы гэтай георгіеўскай ўзнагароды, нешта дадаваў, удасканальваў.... У прынцыпе ў кожнай вайне, якую вяла Расея, былі георгіеўскія кавалеры. Але рэч у тым, што бальшыня войнаў, якія вяла Расея ў 18-19 стагодзьдзях, былі не абарончыя (акрамя напалеонаўскай вайны), былі калянізатарскія, агрэсіўныя, скіраваныя супраць суседніх дзяржаваў і суседніх народаў. І гэта значыць, што тыя, хто прайшоў каўкаскую вайну, крымскія кампаніі, азіяцкія кампанія і ўрэшце захопы Беларусі ў рамках падзелаў Рэчы Паспалітай, былі георгіеўскімі кавалерамі. І нумар адзін у гэтым сьпісе — безумоўна, генэралісімус Сувораў.

Соўсь: Андрэй, давайце пагаворым пра зьяўленьне гэтага сымбалю і яго адраджэньне ў Расеі. Хто ў 2-ю Усясьветную вайну насіў георгіеўскія стужкі? Чаму гэты сымбаль быў актуалізаваны расейскімі ўладамі некалькі гадоў таму? Наколькі ён удалы, на думку спэцыялістаў?

ў аснове гэтай кампаніі ляжыць канцэпцыя спартовай ці ваеннай перамогі

Шары: Тут трэба пачынаць зь Першай сусьветнай вайны, таму што тады георгіеўскім крыжам узнагароджвалі храбрых салдат, і водбліск гэтага захоўваўся і ў сталінскім СССР. Гэта быў часткова народны ордэн, канечне. І казакі яго насілі, паўсюль насілі. Калі пачалася Другая сусьветная вайна, то сталінская прапаганда гэта скарыстала, і зьявіўся ордэн салдацкай славы (гэта была ўжо зорка, а не георгіеўскі крыж), але былі гэтыя колеры на калодцы, і гэта лічыцца галоўным народным ордэнам за салдацкую храбрасьць. Улічваючы ўвогуле савецкую канцэпцыю стаўленьня да Другой сусьветнай вайны, як да вайны народнай, якая закранула кожную савецкую сям’ю (у кожнай сям’і быў салдат) у гэтага ордэна (я памятаю па дзіцячых успамінах, і вы, напэўна, памятаеце) быў свой, асобны, народны характар. І калі 10 гадоў таму да 60-годзьдзя перамогі, пачалася кампанія па распаўсюду георгіеўскіх стужак у Расеі, тады гэтыя першыя канатацыі былі дзеля таго, каб ачалавечыць вобраз гэтай страшнай вайны. Зь цягам часу гэта ўсё яшчэ мадыфікавалася ў кірунку пошуку дзяржаўнай ідэалёгіі і правядзеньня агромністай прапагандысцкай кампаніі. Цяпер зразумела, што ў аснове гэтай кампаніі ляжыць канцэпцыя спартовай ці ваеннай перамогі.

хто за Пуціна — носіць георгіеўскую стужку, хто не носіць яе — ўжо падазроны чалавек

Не дарма трэнэр зборнай каманды Расеі па хакеі Вячаслаў Быкаў насіў гэтыя георгіеўскія стужкі. Мы перамагалі там, мы перамагаем тут, бралі Бэрлін, цяпер перамагаем у хакеі. Сёлета гэтая кампанія суправаджалася комплексам мерапрыемстваў, зьвязаных з сочынскай алімпіядай, а потым, калі пачалася ўкраінская кампанія, то георгіеўскія стужкі выкарыстоўваліся і тут. Мне падаецца, што цяпер пра гэта можна гаварыць як пра пасьпяховую з пункту гледжаньня Крамля прапагандысцкую кампанію, таму што любая сымбалізацыя руху дае яму дадатковую легітымацыю. І ва ўмовах расейскага грамадзтва, якое, як даўно ўжо сказалі сацыёлягі, у дастатковай ступені атамізаванае, у якім адсутнічаюць, парваныя многія гарызантальныя і вэртыкальныя сувязі, сацыяльныя ліфты не працуюць, канечне, патрэбная нейкая сіла, якая дапаможа зьяднаць народ, які дасьць яму агульны арыенцір і агульны сымбаль. Часткова парадаксальным, часткова навязаным аказаўся гэты сымбаль георгіеўская стужка, і незразумела, уласна кажучы, што яна цяпер азначае. Канечне, пра значэньне кацярынінскіх перамогаў альбо Першай сусьветнай вайны ніхто ня кажа. Канечне, ані моладзь, ані большасьць людзей, якія носяць гэтыя стужкі, ня здольныя расказаць гісторыю ордэна, і гэта ўвогуле і не патрэбна, таму што гэтае значэньне выпарылася, само па сабе сышло. Цяпер гэта сымболіка славы, сымболіка любой перамогі. У кантэксьце актуальных палітычных умоваў гэта — перамога пуцінскіх рэжымаў. Таму адсюль і зьяўляецца, што калі хто за Пуціна — носіць георгіеўскую стужку, хто ня носіць яе — ўжо падазроны чалавек. Таму сацыяльна адказны бізнэс зараз адказвае за распаўсюд гэтых стужак, моладзевыя рухі — для іх гэта часта бяздумнае сьледаваньне модзе. Так ці інакш у цэлым гэта кампанія пасьпяховая, і што тычыцца Ўкраіны, то ўвогуле тут можна сказаць, што гэта амаль не галоўнае, што адрозьнівае ўсю гэтую кампанію, якая спрабуе дамагчыся фэдэралізацыі Ўкраіны.

Соўсь: Вінцук, у Беларусі ў гэтыя дні людзям актыўна бясплатна раздаюць георгіеўскія стужкі, у супэрмаркетах, якія належаць неўязному ў ЭЗ бізнэсоўцу Юрыю Чыжу. За распаўсюд чорна-аранжавых стужак ўзялася Лібэральна-дэмакратычная партыя Сяргея Гайдукевіча. Некаторыя вешаюць сабе на аватарку гэтую стужку на сваіх старонках у сацыяльных сетках, пераважна ў "аднакласніках". Трэба сказаць, што некалькі гадоў таму гэтак жа раздавалі георгіеўскія стужкі напярэдадні 9 траўня ў Беларусі. Вінцук, як цяпер у кантэксьце расейска-ўкраінскага канфлікту ў Беларусі ўспрымаецца георгіеўская стужка?

Вячорка: Стужак меней, чым было летась. Я хацеў бы вярнуцца да таго, што Андрэй казаў. Мне здаецца, што і піяр-тэхнолягі Пуціна, і піяр-тэхнолягі Кацярыны зважалі на ўспрыманьне сымбаляў рознымі групамі насельніцтва, як менш адукаванымі, так і больш адукаванымі. А сымболіка вельмі важная наагул для аўтарытарных і таталітарных рэжымаў, яна становіцца самакаштоўнай і калі-некалі асноўным інструмэнтам ўяўнай кансалідацыі. Вось жа чорны і жоўты, чорны і залаты — гэта нішто іншае, як колеры імпэрскага герба. Чорны арол на залатым шчыце — гэта герб Расейскай імпэрыі, і даволі доўга, усю другую палову 19 стагодзьдзя гэта таксама сьцяг Расейскай імпэрыі — чорна-жоўта-белы. І для Пуціна, які пасьлядоўна вядзе лінію на пераключэньне стрэлак з камуністычна- імпэрскага сантымэнту на ўласна імпэрскі сантымэнт, вось гэтая замена чырвонага колеру, леніных на імпэрскія колеры, стратэгічная і далёкасяжная. Хаця, безумоўна, для якога-небудзь гопніка, які выпіўшы бутэльку, чапляе на сябе гэтыя стужкі, гэта ўсё роўна. Калі казаць на сытуацыю на менскіх вуліцах.. Я бачыў міліцэйскую машыну з георгіеўскай стужкай. Праўда, з увагі на палкоўніцкі статус аднаго з Гайдукевічаў з ЛДПБ, гэта ня дзіўна. І сёньня ў маршрутцы бачыў такую стужку. Але ў цэлым я б не сказаў, што яны пануюць. Адбываліся ў Берасьцейскай крэпасьці нейкія бэрэсээмаўскія імпрэзы з удзелам расейцаў, у Менску каля Вечнага агню.... Я там іх не бачыў. Я дапускаю, што дзяржава, крыху спалохаўшыся ўкраінскага кантэксту, напэўна ў гэтым сэнсе збавіла абароты, зрабіўшы ўпор на чырвона-зялёную сымболіку. Але тым ня менш гэта пранікае.

Соўсь: Андрэй, ці адназначнае стаўленьне да георгіеўскай стужкі ў Расеі? Ці можна казаць, што чорна-аранжавая сымболіка ўсё менш асацыюецца з Днём Перамогі, а ўсё болей становіцца сымбалем расейскага імпэрыялізму? Ці можна сьцьвярджаць, што гэтая стужка як раз вельмі выразна адлюдстроўвае падзел у сьветапоглядах людзей? Начапіў стужку, значыць, ты за палітыку Пуціна, за дзеяньні расейскай улады ў дачыненьні да Ўкраіны...

Шары: Я крыху паспрачаюся з Вінцуком. Наколькі мне вядома, колеры расейскага імпэрскага чорна-жоўта-белага сьцягу цяпер выкарыстоўваюць расейскія ўльтранацыяналісты, і Пуцін зь імі не гуляе. Мне падаецца, што ў каляровай сымболіцы георгіеўскай стужцы важна іншае — для Пуціна гэта сымбаль агульнай перамогі і агульнай абароны. Над чым перамога, ад каго абарона, гэта ўжо зусім іншае пытаньне. Я абсалютна згодны, што гэта выбудова імпэрскай сымболікі і імпэрскай сьвядомасьці, але фармальна, мне падаецца, гэта не зьвязана з колерамі. Тут важна ня гэта, важна тое, што канкрэтна гэтыя колеры асацыююцца з народным духам, са стрыжнем рускага народу. Гэта яшчэ і ступень рускасьці падкрэсьліваецца гэтым. Цяпер сацыёлягі кажуць, што адбываецца даволі хуткая ў Расеі зьмена вялікага масавага сацыяльнага разуменьня, што мы за людзі. І цяпер гэтая эўрапейская арыентацыя на добрае жыцьцё, на асабісты посьпех, замяняецца гэтым партэналісцкім разуменьнем таго, што мы ўсе — часткі аднаго мэханізму, ўсе трымаем агульнае кола абароны. Ключавае тут — менавіта абарона. Расея знаходзіцца зараз у коле ворагаў, паводле тэрміналёгіі Пуціна. Для гэтага вельмі важная ідэнтыфікацыя. Гэта ўсё стыгматызацыя людзей, якія за адну Расею ў тым разуменьні, як цяпер дыктуе Крэмль. Таму тут цэнтральная ідэалёгія агульнасьці. Гэта зьбіраньне зямель, зьбіраньне людзей вакол агульнай ідэі нашай Расеі і нашага Крыма, як гэта прадстаўляе Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG