Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 2002


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

2002 год. На радыё адбываюцца чарговыя зьмены. 30 студзеня пачынае вяшчаньне на мовах пушту і дары Радыё Свабодны Афганістан — нагадаю, слухачам, што афганская рэдакцыя Радыё Свабода існавала ў Мюнхэне ад 1985 да 1993 году. Складаная сытуацыя ў Афганістане ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам прымусіла кіраўніцтва радыё аднавіць вяшчаньне на гэтую праблемную краіну. У 2002 годзе адбылося і яшчэ адно вяртаньне — нашымі новымі калегамі і непасрэднымі суседзямі ў праскім будынку сталі супрацоўнікі паўночнакаўкаскай службы Радыё Свабода. Папярэдняя паўночнакаўкаская рэдакцыя была створаная яшчэ ў 1951 годзе — першая сярод усіх рэдакцыяў вяшчаньня на Савецкі Саюз — але яна спыніла існаваньне ў 70-х гадох. І вось 3 красавіка 2002-га распачаліся перадачы на аварскай, чаркескай і чачэнскай мовах. Адбылося ў гэтым годзе і адно разьвітаньне — зачынілася дзеля сваёй непатрэбнасьці чэская рэдакцыя Радыё Свабодная Эўропа.

***
Беларускія перадачы ў 2002 годзе працягвалі гучаць у пашыраным аб’ёме ў рэжыме жывой мадэрацыі. Гэты год быў для Беларусі даволі бедны на палітычныя падзеі і вызначыўся рэпрэсіямі ўладаў супраць незалежных журналістаў, працягам інтэграцыйных гульняў з Масквою, паглыбленьнем самаізаляцыі афіцыйнага Менску. Сярод новых перадачаў, якія гучалі ў гэтым годзе можна згадаць «Галерэю свабоды», прысьвечаную мастацкім тэмам, інфармацыйную мазаіку «Сьвет за вакном» з удзелам карэспандэнтаў у розных краінах сьвету, тэматычныя выпускі навінаў — навукі, тэхналёгіі, культуры, мэдыцыны. Штодзённая цыклічная перадача 2002 году — «Мэлёдыя дня», у якой была прадстаўленая беларуская музыка ўсіх жанраў і напрамкаў.

***

На Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа беларускімі пытаньнямі займаецца ня толькі Беларуская рэдакцыя. У аддзеле камунікацыяў ёсьць пасада спэцыяліста ў беларускіх і ўкраінскіх пытаньнях, якую займае Ян Максімюк. Ён рыхтуе нататкі пра падзеі ў Беларусі і Ўкраіне для штодзённых інфармацыйных выпускаў, публікуе штотыднёвы аналітычны агляд і часта выступае камэнтатарам у перадачах Беларускай рэдакцыі. Сёньня Ян Максімюк — госьць нашай перадачы.


«Я прыйшоў на Свабоду ў 1998 годзе ў красавіку, тады патрабаваўся аналітык па Беларусі, Польшчы і Ўкраіне, я напісаў заяўку — і на маё зьдзіўленьне мяне прынялі. Безумоўна, яны ня толькі прымалі аналітыка зь веданьнем беларускай, польскай і ўкраінскай мовай, але таксама і з добрым веданьнем ангельскай мовы, каб можна было беспраблемна пісаць у гэтай мове штодзённа. Так што мой папярэдні досьвед перакладчыка ў амэрыканскай амбасадзе ў Варшаве вельмі прыдаўся. Я раней працаваў больш за чатыры гады як перакладчык, перакладаў постсавецкую прэсу з Украіны і Беларусі, там навучыўся фактычна пісаць па-ангельску, ну і натуральна меў уваход у палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя справы Беларусі і Ўкраіны.

Я працую ў аддзеле, які называецца па-ангельску Communication Division, а канкрэтна займаюся штодзённа пісаньнем інфармацыяў па Беларусі, Украіне і Польшчы ў нашым штодзённым інтэрнэтавым выпуску, які называецца Newsline. Да таго яшчэ штотыднёва я выпускаю бюлетэнь, які прысьвечаны дзьвюм канкрэтным краінам — Беларусі і Ўкраіне — Belarus and Ukraine Report. Наогул тэксты мае прысьвечаныя аналізу палітычнай і сацыяльнай сытуацыі ў гэтых краінах, таксама некаторым эканамічным аспэктам, якія, натуральна, нельга пазьбегчы».

Пра сваю працу ў аддзеле камунікацыяў Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа распавядаў Ян Максімюк. Гутарку зь ім мы працягнем крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 2002 году. Сёньня ў нашым архіўным разьдзеле будуць гучаць «Мэлёдыі дня».
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:34 0:00
Наўпроставы лінк


***
Год 2002 у сьвеце

Палітыка

У дванаццаці эўрапейскіх краінах уводзіцца супольная валюта — эўра. — Прэзыдэнт Буш далучае Ірак, Іран і Паўночную Карэю да «восі зла». — У Гаазе пачынаецца суд над Слобаданам Мілошавічам. — Злучаныя Штаты адмаўляюцца ратыфікаваць пагадненьне аб Міжнародным крымінальным судзе. — Усходні Тымор абвяшчае незалежнасьць. — Чачэнскія паўстанцы захапляюць больш за 700 закладнікаў у тэатральнай залі ў Маскве. — Прэзыдэнтам Кітаю пасьля адстаўкі Цьзян Цзыміня становіцца Ху Цьзіньтао.


Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная вугорскаму пісьменьніку Імрэ Кэртэсу.

Песьня году - Eminem / Loose Yourself

***

А зараз зноў зьвернемся да нашага госьця Яна Максімюка. Як шырока ў штодзённых інфармацыйных бюлетэнях выкарыстоўваюцца матэрыялы Беларускай Свабоды?

«Першае — гэта натуральна я карыстаюся зь сеткі карэспандэнтаў беларускай рэдакцыі, адтуль я чэрпаю актуальную інфармацыю па Беларусі. Гэта па-першае вельмі істотна, таму што ў шматлікіх выпадках інфармацыя, якую падаюць карэспандэнты Радыё Свабода, унікальная, яе не перакрываюць ніякія іншыя беларускія сродкі масавай інфармацыі. Па-другое, я часта вельмі ахвотна чытаю думкі і дыскусіі экспэртаў, якіх запрашае да сябе беларуская служба, і акрамя чыста фактуальнай інфармацыі я часам скарыстоўваю ідэі, якія беларуская рэдакцыя агучвае. Найбольш карыснае для мяне акрамя ўнікальных зьвестак, якіх я не магу знайсьці, напрыклад, у Белапане ці ў беларускіх газэтах — гэта камэнтары, дэбаты беларускіх палітыкаў на Радыё Свабода, якіх фактычна нельга знайсьці ні ў якім іншым месцы, бо ім ні ў якім іншым месцы не даюць месца для такіх дэбатаў».

Пра адметнасьць інфармацыйных матэрыялаў беларускай свабоды гаварыў наш сёньняшні госьць Ян Максімюк. А зараз — зноў наш архіў. Гучыць чарговая мэлёдыя дня...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:41 0:00
Наўпроставы лінк


***
2002 ГОД У БЕЛАРУСІ

8 студзеня — У сувязі з абвінавачаньнем у злоўжываньні службовым становішчам арыштаваны дырэктар Менскага Трактарнага Заводу Міхаіл Лявонаў

20 лютага — беларускія хакеісты на алімпіядзе ў Нагана перамагаюць у чвэрцьфінале каманду Швэцыі

24 сакавіка — падчас адзначэньня Дня Волі ў Менску Горадні арыштавана больш за 100 чалавек

16 траўня — Літаратурна-мастацкія выданьні ЛіМ, Полымя, Маладосьць, Нёман і Крыніца аб’яднаныя ў голдынг «Літаратура і Мастацтва»

19 красавіка — Зьбіцьцё і арышты ў Менску ўдзельнікаў маршу пратэсту «Так жыць нельга»

14 траўня — Уладзімер Мулявін, лідэр гурту Песьняры, трапляе ў аўтамабільную катастрофу

4 чэрвеня — З адкліканьнем зь Менску апошняй супрацоўніцы КНГ АБСЭ, група фактычна спыняе сваю дзейнасьць у Беларусі

11 чэрвеня — Адмысловая камісія абірае гімнам Рэспублікі Беларусь адрэдагаваны стары гімн БССР

24 чэрвеня — Журналісты газэты Пагоня Мікола Маркевіч і Павел Мажэйка асуджаныя на абмежаваньне свабоды за паклёп на Лукашэнку

29 чэрвеня — Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Крыстафэр Сьміт прапанаваў на разгляд ніжняй палаты амэрыканскага парлямэнту «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі».

14 жніўня — Уладзімер Пуцін прапануе Беларусі ўвайсьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі

29 жніўня — Газэта «Наша Свабода» перастае выходзіць з-за накладзенага на яе штрафу

16 верасьня — Рэдактар газэты «Рабочы» Віктар Івашкевіч асуджаны на 2 гады хіміі за крытыку Лукашэнкі

4 лістапада — Расея абвясьціла пра скарачэньне паставак газу ў Беларусь

19 лістапада — 14 краінаў Эўразьвязу, а 27 лістапада Злучаныя Штаты Амэрыкі забаранілі Аляксандру Лукашэнку і яшчэ сямі афіцыйным асобнам Беларусі ўезд на сваю тэрыторыю.

12 сьнежня — Васіль Быкаў атрымаў бестэрміновы від на жыхарства ў Чэхіі

25 сьнежня — У калядную ноч згарэла цэнтральная частка нясьвіскага замка Радзівілаў

30 сьнежня — Сталая Рада АБСЭ зацьвердзіла новы мандат місіі АБСЭ ў Менску

***

Нагадаю, госьць нашай сёньняшняй перадачы аналітык аддзелу камунікацыяў нашага радыё Ян Максімюк. Хто ў сьвеце найбольш цікавіцца беларускай інфармацыяй, якая зьмяшчаецца ў інтэрнэтных выданьнях аддзелу — штодзённым бюлетэні Newsline і тыднёвым аглядзе Ukraine and Belarus Report?

«Зваротная сувязь, натуральна, ёсьць. Фактычна, кажучы пра сябе — няма тыдня, калі б я не атрымоўваў імэйлаў ці з запытаньнямі, ці з лаянкамі, ці з пахваламі, якія датычаць якраз мае дзялянкі працы — Беларусі, Украіны і Польшчы. Мяркуючы менавіта па такой зваротнай сувязі, Newsline i Belarus and Ukraine Report чытаюць перш за ўсё людзі, якія нейкім чынам прафэсійна зьвязаныя ці то з палітыкай, ці з эканомікай, ці яшчэ зь нечым, і натуральна чытаць штодзённа інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі і Ўкраіне, ня стане звычайны чытач — ён мае дзеля гэтага зусім іншыя выданьні — гэта чытаюць перш за ўсё прафэсары ці сацыяльных, ці палітычных навукаў на ўнівэрсытэтах і іхныя студэнты. Летам заўсёды лік падпісчыкаў на Newsline і штотыднёвыя агляды крышку спадае, па гэтым мы мяркуем, што на лета менавіта студэнты, якім прафэсары кажуць падпісвацца, адпісваюцца і потым вяртаюцца назад у кастрычніку».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. Мэлёдыя дня — з цыклічных штодзённых перадачаў, якія гучалі на нашых хвалях у 2002 годзе.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:27 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG