Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўны чытач вымірае як ледніковы мамант, — Пашкевіч


Толькі 14,4% пэрыёдыкі выходзіць на беларускай мове, паведамляе Белстат. На расейскай мове кніг у Беларусі выйшла ў 8 разоў болей, чым на беларускай.

«Лічбы не падманеш. Гэта сьведчаньне шматгадовай палітыкі вынішчэньня беларускай нацыянальнай кнігі. Цяпер у нас, калі гавораць „беларуская кніга“, маюць на ўвазе ня толькі беларускамоўную», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода беларускі пісьменьнік і мовазнавец Алесь Пашкевіч.

У 2013 годзе ў Беларусі было выдадзена 11 441 кніг і брашураў агульным накладам больш за 31 млн. асобнікаў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. На расейскай мове ды іншых мовах выйшла 9 443 кнігаў, на беларускай — 1 153.
Алесь Пашкевіч
Алесь Пашкевіч

«Гэта статыстыка яшчэ сонечная, бо, як сьведчыць практыка, беларускамоўныя кнігі — гэта выданьні невялікімі накладамі. Калі праааналізаваць сумарны наклад беларускамоўных кніг і расейскамоўных, сытуацыя будзе выглядаць яшчэ горш. Нават самыя вялікія і багатыя беларускія выдавецтвы ня могуць пераўзысьці расейскую кнігу», — кажа Пашкевіч.

У 2013 годзе, у параўнаньні з 2012, экспарт друкаваных кніг і брашураў паменшыўся на 12,7%, а экспарт газэтаў, часопісаў і іншых пэрыядычных выданьняў — павялічыўся на 3,4%. Імпарт кніг і пэрыёдыкі павялічыўся адпаведна на 32,1% і 49 % — цытуе БелаПАН паведамленьне Белстату.

«На абсягах расейскамоўнага рынку кнігі выдаюцца вялікімі накладамі. Празь вялікія наклады сабекошт гэтых кніг нізкі. Гэта статыстыка ня ўлічвае інтэрнэт-рэсурсы. Калі можна падлічыць, колькі ўвезена папяровых кніг, дык для электронных выданьняў няма панятку мяжы, прасторы і тэрыторыі. Гэта айсбэрг, на які карабель беларускай кніжнай індустрыі штодня наскоквае і разьбіваецца», — адзначае Алесь Пашкевіч.

«Пра змаганьне за якасьць у кнігадрукаваньні і пра палітыку абароны кніжнага рынку можна было казаць гадоў 10-30 таму. Цяпер праблема палягае ў банальным — няма беларускамоўнага чытача, няма спажыўца. Ён вымірае як ледніковыя маманты. Няма беларускамоўнага садка, няма беларускамоўнага школьніка, няма беларускамоўных студэнтаў ва ўнівэрсытэтах», — канстатуе Алесь Пашкевіч.

5 траўня ў Беларусі адзначаецца афіцыйнае сьвята Дзень друку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG