Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапановы Лукашэнкі ў Мытным саюзе адклалі на 10 гадоў


Па выніках учарашніх перамоваў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Пуціна і Нурсултана Назарбаева ў Менску, якія зацягнуліся да позьняй ночы, бакі дамовіліся аб падпісаньні дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе праз месяц. Пры гэтым пытаньне бязмытнага гандлю нафтай і газам у рамках гэтага саюза аднесьлі на 10 гадоў.

Як паведаміла прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі па выніках учарашняга пасяджэньня кіраўнікоў краін Мытнага саюза, Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Пуцін, Нурсултан Назарбаеў «даручылі завяршыць прапрацоўку ўсіх нюансаў дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе ў бліжэйшы час, каб дакумэнт быў прадстаўлены на падпісаньне на саміце „тройкі“ ў Астане 29 траўня».

Як зазначаецца, у праекце дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе сфармуляваная базавая канструкцыя энэргетычнага рынку, якая прадугледжвае што не пазьней за 2025 год «пачнуць функцыянаваць агульныя рынкі нафты, нафтапрадуктаў, газу». Агульны рынак электраэнэргіі пачынае працаваць крыху раней за гэты тэрмін. У 2016 годзе прэзыдэнты маюць зацьвердзіць канцэпцыю па фармаваньні кожнага з гэтых рынкаў: нафты, нафтапрадуктаў, газу. У 2018 будзе зацьверджаная праграма па фармаваньні гэтых рынкаў.

Пры гэтым спатрэбіцца падпісаньне спэцыяльных міжнародных дамоваў.

Такім чынам Аляксандру Лукашэнку не ўдалося адстаяць сваю пазыцыю аб вывядзеньні энэрганосьбітаў з ліку выключэньняў у агульнай мытнай прасторы. Такі крок дазволіў бы беларускаму бюджэту дадаткова атрымліваць каля 3–4 мільярдаў даляраў у якасьці эканоміі экспартных пошлін на нафтапрадукты, вырабленых у Беларусі з расейскай нафты, якія цяпер пералічваюцца ў бюджэт Расеі.

У пачатку ўчарашняга пасяджэньня «тройкі» кіраўнікоў краін Мытнага саюза Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Нам прапаноўваюць сёньня пакінуць нявырашанымі тыя праблемы, якія трэба было б дазволіць яшчэ на папярэдніх этапах. На нашае цьвёрдае перакананьне, мы павінны выходзіць на канкрэтныя рубяжы, адным з якіх зьяўляецца паўнафарматны Мытны саюз. Паміж яго сябрамі не павінна быць ніякіх абмежаваньньяў у руху тавараў, якімі б адчувальнымі яны ні былі».

Лукашэнка заявіў, што захаваньне любых формаў абмежаваньняў у руху тавараў, тым больш такіх, як энэрганосьбіты, стварае непажаданы прэцэдэнт:

«Падыходы, якія заяўляюцца ў працэсе перамоваў, выклікаюць шмат пытаньняў. Наватарскія прапановы па тэрмінах рэалізацыі дамоўленасьцей праз 10 гадоў, гэта значыць да 2025 года, па меншай меры гучаць дзіўна. Калі мы не гатовыя прымаць меры цяпер, то гэта трэба адкрыта прызнаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG