Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чырыча будуць судзіць за сакрэтную відэакамэру


У пятніцу Днепрапятроўскі суд павінен абраць меру стрыманьня для беларускага грамадзяніна Сьцяпана Чырыча, якога затрымалі ў горадзе Першатравенску, падазраючы ў дывэрсійнай дзейнасьці.

Чырыча, які працуе прадусарам праграмы «Цэнтральнае тэлебачаньне з Вадзімам Такмянёвым» на расейскім тэлеканале НТВ, вінавацяць у выкарыстаньні спэцсродкаў.

Супрацоўніца амбасады Беларусі ў Кіеве заявіла Радыё Свабода, што «консульскі аддзел займаецца» справай Чырыча. Аднак падрабязнасьцяў не паведаміла.

Пазьней БелТА распаўсюдзіла афіцыйнае паведамленьне МЗС Беларусі: «Амбасада Беларусі ў Кіеве атрымала пацьвярджэньне ад Службы бясьпекі Ўкраіны па затрыманьні беларускага грамадзяніна». Супрацоўнікі амбасады ўжо выехалі ў Днепрапятроўскую вобласьць, каб сустрэцца з Чырычам і аказаць яму неабходную дапамогу.

«Яму ўжо выстаўленае абвінавачваньне, заведзеная крымінальная справа за выкарыстаньне і збыт спэцсродкаў, пад якімі маюць на ўвазе маленькую відэакамэру, якая была з сабой у Сьцяпана», — паведаміў Інтэрфаксу вядоўца праграмы Вадзім Такмянёў.

У распаўсюджаным НТВ прэсавым рэлізе гаворыцца, што Чырыч, выконваючы заданьне рэдакцыі, выехаў у горад Першатравенск Днепрапятроўскай вобласьці, дзе павінен быў зьняць сюжэт, ніяк не зьвязаны з палітычнай сытуацый ва Ўкраіне.

У сваю чаргу Служба бясьпекі Ўкраіны паведамляе, што ў Першатравенску былі затрыманыя грамадзянін Беларусі і грамадзянін Расеі, якія ажыцьцяўлялі схаваную фота- і відэаздымку адміністрацыйных будынкаў. СБУ кажа, што затрыманыя выкарыстоўвалі акуляры з убудаванай відэакамэрай высокага разрозьненьня, якая мае прыкметы спэцыяльных тэхнічных сродкаў сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, выкарыстаньне якіх забаронена ва Ўкраіне.

СБУ пачала дасудовае расьсьледаваньне паводле крымінальнага артыкула ўкраінскага заканадаўства «незаконныя набыцьцё, збыт або выкарыстаньне спэцыяльных тэхнічных сродкаў атрыманьня інфармацыі».

На Чырыча таксама завялі крымінальную справу за кантрабанду спэцабсталяваньня.

Пра Чырыча вядома, што яму 25 гадоў. Ён скончыў журфак БДУ. Да гэтага вучыўся ў сярэдняй школе № 1 Салігорску (Менская вобласьць).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG