17:35
24.4.2014
Барадаты баявік у Славянску — злачынец з Расеі
Барадаты баявік, які ня раз усплываў на фатаздымках з усходу Ўкраіны, — расеец Аляксандар Мажаеў.
Пра гэта піша журналіст Time Сайман Шустэр, перадае ТСН.
У Славянску журналіст пабываў у палоне ў сэпаратыстаў і змог пагутарыць з барадатым баевіком, якога прарасейскія байцы называюць «Бабаем».
Падчас інтэрвію Мажаеў паказаў свой пашпарт: ён прыехаў з Краснадарскага краю ваяваць ва Ўкраіну, спачатку ў Крым, а потым на Данбас. Прапісаны ён у расейскім горадзе Беларэчанску.
Мажаеў сказаў, што паехаў ваяваць ва Ўкраіну, бо ў Расеі яго шукае паліцыя за «спробу забойства нажом». Аднак не было грошай падкупіць судзьдзю, і таму ён стаў наймітам.
Аднак Мажаеў адмаўляе, што служыў у ГРУ Расеі. Ён сказаў, што служыў у расейскім войску, а пасьля звальненьня ў запас уваходзіў у «Ваўчыную сотню» казакоў у сваім горадзе.
Свайго ўдзелу ў сілавым захопе Крыму ён не адмаўляе.
У Славянску гэтага расейца наняў уладальнік фабрыкі мыла і самаабвешчаны «народны мэр» Вячаслаў Панамароў.
18:45
24.4.2014
Amnesty патрабуе вызваліць палонных на ўсходзе Ўкраіны
Журналісты і службовыя асобы, якія незаконна ўтрымліваюцца ўзброенымі фармаваньнямі на ўсходзе Ўкраіны, павінны быць неадкладна вызваленыя. Пра гэта заявіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.
«Затрыманьні журналістаў, мясцовых службовых асоб і жыхароў узброенымі асобамі ў Славянску красамоўна сьведчаць пра беззаконьне, якое адбываецца ва ўсходняй Украіне, і выклікаюць насьцярогу, што да затрыманых могуць прымяняць катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня. Захоп закладнікаў і выкарыстаньне іх у якасьці разьменнай манэты для гандлю ў палітычных мэтах — як агідны, так і незаконны», — адзначаецца ў распаўсюджаным 24 красавіка прэс-рэлізе Amnesty International.
20:08
24.4.2014
VICE News паведамляе, што журналіста Саймана Астроўскага вызвалілі.
Сайман Астроўскі асьвятляў крызіс ва Ўкраіне цягам некалькіх тыдняў і ў тым ліку паведамляў пра тое, як групы ўзброеных людзей у масках захоплівалі адміністрацыйныя будынкі ў гарадах на ўсходзе Ўкраіны.
У Славянску яго схапілі сэпаратысты і аб’явілі інфарматарам «Правага сэктару».
Сайман Астроўскі асьвятляў крызіс ва Ўкраіне цягам некалькіх тыдняў і ў тым ліку паведамляў пра тое, як групы ўзброеных людзей у масках захоплівалі адміністрацыйныя будынкі ў гарадах на ўсходзе Ўкраіны.
У Славянску яго схапілі сэпаратысты і аб’явілі інфарматарам «Правага сэктару».