Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Расейскі закон аб спрошчаным атрыманьні грамадзянства небясьпечны для Беларусі


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падпісаў закон аб спрошчаным атрыманьні грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі носьбітамі расейскай мовы. Ці нясе гэты закон пагрозу для незалежнасьці Беларусі?

Закон, які днямі падпісаў Уладзімер Пуцін, значна спрасьціў атрыманьне расейскага грамадзянства для носьбітаў расейскай мовы. У адпаведнасьці з дакумэнтам такімі лічацца людзі, якія валодаюць расейскай мовай і рэгулярна выкарыстоўваюць яе ў розных сфэрах. Каб пацьвердзіць гэта, ім патрэбна будзе толькі прайсьці гутарку.

Прэтэндаваць на расейскі пашпарт паводле новага закону могуць тыя, хто стала пражывае або раней стала пражываў на тэрыторыі Расеі альбо на тэрыторыі, якая ўваходзіла ў склад Расейскай імпэрыі ці СССР, альбо тыя людзі, у якіх на гэтых тэрыторыях пражывалі сваякі па прамой узыходнай лініі.

У консульскім аддзеле амбасады Расеі ў Беларусі пацьвердзілі, што ўжо адказваюць на званкі грамадзянаў Беларусі адносна атрыманьня грамадзянства Расеі. У асноўным людзі пытаюцца, ці могуць яны ўжо тут, у Беларусі, падаваць заявы на атрыманьне грамадзянства. «Такім мы адказваем, што мы ў консульскім аддзеле такімі пытаньнямі не займаемся», — адказала супрацоўніца консульскага аддзелу:

«Закон усталёўвае спрошчаны парадак атрыманьня грамадзянства РФ для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пражываюць на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі і прызнаныя носьбітамі расейскай мовы. У дадзеным выпадку ўмовай атрыманьня расейскага грамадзянства зьяўляецца пераезд на тэрыторыю Расеі, а таксама адмова ад іншага грамадзянства. Гэта значыць, што трэба пераехаць у Расею і зьвярнуцца ў Фэдэральную міграцыйную службу на тэрыторыі Расеі. Консульскі аддзел амбасады тут гэтым не займаецца».

Як успрымаюць новы расейскі закон палітыкі ў Беларусі?

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч мяркуе, што закон прыняты, каб лягчэй было наўпрост умешвацца ў справы суседніх з Расеяй краінаў, і Беларусь можа аказацца сярод іх адной зь першых. Палітык згадаў, як выдавалі расейскія пашпарты ў грузінскай Абхазіі і ва ўкраінскім Крыме, а потым уводзілі войскі нібыта для абароны грамадзянаў Расеі. Аляксей Янукевіч не выключае, што такія схемы будуць паўтораныя:

«Прыняцьце гэтага закону сьведчыць, што амбіцыі Расеі па гвалтоўным далучэньні новых тэрыторыяў абсалютна не абмяжоўваюцца цяперашнім станам. А значыць, небясьпека вялікая існуе і для Беларусі».

Як мяркуе Аляксей Янукевіч, Крэмль цяпер не плянуе вайсковага ўварваньня ў Беларусь, таму што «рукі зьвязаныя Ўкраінай», а таксама таму, што Аляксандар Лукашэнка раней цалкам задавальняў маскоўскае кіраўніцтва. Але ў будучыні сытуацыя можа зьмяніцца, лічыць лідэр партыі БНФ:
Не выключаю, што пры падрыхтоўцы наступных прэзыдэнцкіх выбараў Расея можа пайсьці на спробы арганізацыі нейкіх правакацыяў

«Аднак мы бачым, што прарасейская пятая калёна ў Беларусі ствараецца. Відавочна, што адной з задач гэтай калёны ёсьць знаходжаньне фактаў пра нібыта дыскрымінацыю расейскамоўных і расейцаў. І я не выключаю, што пры падрыхтоўцы наступных прэзыдэнцкіх выбараў Расея можа пайсьці на спробы арганізацыі нейкіх правакацыяў. З мэтай, як меншае — аказаньня ціску на Аляксандра Лукашэнку, як большае — уварваньня на тэрыторыю Беларусі».

Новы закон патрабуе ад прэтэндэнта на расейскі пашпарт, які жыве ў іншай краіне, пераехаць у Расею. Ці ня ёсьць гэта аргумэнтам супроць думкі пра пляны «вайсковага ўварваньня»? Аляксей Янукевіч гэтак ня лічыць і нагадвае, што некалькі соцень тысяч беларусаў стала працуюць на тэрыторыі Расеі. Гэтыя людзі, мяркуе палітык, дзеля зручнасьці могуць скарыстацца новым законам ды атрымаць расейскае грамадзянства коштам адмовы ад беларускага. Але потым, калі частка гэтых людзей вернецца на гістарычную радзіму, празь іх Расея зможа ўжыць схемы, ужо адпрацаваныя ў іншых рэгіёнах, лічыць Аляксей Янукевіч:

«Таксама ня выключана, што ў нейкі момант могуць прыняць дадаткі да гэтага закону, якія здымуць патрабаваньне прыехаць на тэрыторыю Расеі для атрыманьня расейскага грамадзянства. І гэтыя папраўкі пройдуць нават незаўважна, таму што будуць выглядаць як нейкія тэхнічныя зьмены».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG