Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Піліпца: Кватэры вернутыя. Чыноўнікі — у турме


Віктар Піліпец пасьля агучваньня выраку
Віктар Піліпец пасьля агучваньня выраку

22 красавіка Магілёўскі абласны суд асудзіў былога старшыню Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца на пяць гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Чыноўніка прызналі вінаватым у злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. На пяць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму асудзілі і былога дырэктара ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Гомеля Ігара Адарчанку. Паводле судовага выраку, ён спрыяў Піліпцу ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Асуджаныя праходзілі па крымінальнай справе, распачатай па фактах незаконнага разьмеркаваньня кватэраў у Гомелі. Сваёй віны былыя службоўцы не прызналі.

Ігара Адарчанку ўзялі пад варту ў залі суду. У часе судовага сьледзтва ён быў пад хатнім арыштам у Гомелі. Віктар Піліпец у зьняволеньні ўтрымліваўся ад 2012 году. У залі суду ён сядзеў на закратаванай лаве падсудных.

«Былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму Піліпец прызнаны вінаватым у злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі падчас рэалізацыі 24 кватэраў, — казаў журналістам дзяржаўны абвінаваўца Дзяніс Кічыгін. — Яму прызначана пяць гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці з пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з адміністрацыйна-разьмеркавальнай і адміністрацыйнай дзейнасьцю тэрмінам на пяць гадоў».

Паводле Дзяніса Кічыгіна, асуджаныя не нанесьлі матэрыяльных стратаў дзяржаве: «Прычыненая толькі шкода правам і законным інтарэсам грамадзян. А таксама дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам», — заявіў журналістам супрацоўнік абласной пракуратуры. Дзяніс Кічыгін таксама заявіў, што незаконна разьмеркаваныя кватэры перадаюцца, а частка ўжо перададзена, у гарадзкую ўласнасьць Гомеля.

Пасьля агучваньня выраку былы кіраўнік гомельскай вэртыкалі адмовіўся камэнтаваць прысуд. У сваім апошнім слове, за тыдзень да вынясеньня прысуду, ён казаў пра незаконныя мэтады вядзеньня папярэдняга сьледзтва ды надуманы матыў абвінавачаньня. Ні з адвакатам, ні са сваякамі Піліпца пагутарыць не ўдалося.

На пытаньне пра заяву Піліпца аб незаконных мэтадах вядзеньня сьледзтва Дзяніс Кічыгін адказаў: «Указаная інфармацыя ў ходзе судовага сьледзтва не пацьвердзілася».
Дзяржаўны абвінаваўца Дзяніс Кічыгін
Дзяржаўны абвінаваўца Дзяніс Кічыгін

Адзін з адвакатаў на пытаньне, ці варта чакаць рэакцыі адвакатаў Піліпца на заяву падабароннага аб незаконных мэтадах вядзеньня сьледзтва, адказаў:

«Віктар Іванавіч, хутчэй за ўсё, пра гэта напіша ў сваіх мэмуарах. Абарона тут ня можа бяз згоды сваіх падабаронных рабіць нейкія высновы і камэнтаваць агучанае. Я ж дапускаю, што такое можа быць у нашых турмах».

Адвакат Ігара Адарчанкі заявіў тым часам, што будзе абскарджваць вырак свайму падабароннаму:

«Лічым, што прысуд несправядлівы і неаб’ектыўны. Усе доказы выкарыстоўваліся на карысьць абвінавачаньня. Спадзяемся, што ёсьць усе шанцы на больш аб’ектыўны разгляд справы ў Вярхоўным судзе», — выказаў сваю пазыцыю адвакат.

На пытаньне, ці спадзяецца ён на вызваленьне падабароннага па маючай адбыцца амністыі, абаронца асуджанага Адарчанкі адказаў: «Калі будзе амністыя, то гаворка можа весьціся толькі пра скарачэньне тэрміну пакараньня. Артыкул, па якім абвінавачваецца Адарчанка, адносіцца да катэгорыі цяжкіх».

Яшчэ адну фігурантку справы, супрацоўніцу Ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Алу Нізкоўскую вызвалі з-пад варты, калі быў абвешчаны вырак. Падчас судовага сьледзтва яна сядзела ў той жа клетцы, што і Віктар Піліпец. У зьняволеньні яна прабыла 22 месяцы. У сваім апошнім слове яна казала, што 6 месяцаў сядзела ў адзіночцы і бяз допытаў. Сябе вінаватай не прызнала. Казала пра неаб’ектыўны ход расьсьледаваньня справы.
Ала Нізкоўская на свабодзе пасьля суду
Ала Нізкоўская на свабодзе пасьля суду

«22 месяцы і 11 дзён я была пад вартай, і пяць разоў мянялі абвінавачаньне. Атрымліваецца — быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца», — казала пасьля суду журналістам Ала Нізкоўская.

Адвакат Нізкоўскай, камэнтуючы вырак, заявіў, што ягоную падабаронную павінны былі апраўдаць:

«Яна адпачатку не прызнавала сваёй віны. І мы лічым, што павінен быў быць апраўдальны вырак, а не спыненьне справы па амністыі. У яе было самае малое абвінавачаньне, і яна амаль два гады знаходзілася ў зьняволеньні — гэта ж пра нешта кажа».

Не прызналі сябе вінаватымі і яшчэ двое фігурантаў справы — былыя супрацоўнікі ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва Валеры Барысевіч і Антаніна Зелянок. Крымінальны перасьлед супраць іх, гэтаксама як і супраць Нізкоўскай, спынены паводле амністыі 2012 году.

Гэтак званую справу Піліпца Магілёўскі абласны суд разглядаў паўгода. Паводле сьледзтва, абвінавачаныя, пазьбягаючы нарматыўных перашкодаў, разьмяркоўвалі кватэры між сваякамі і знаёмымі па заніжаных цэнах, а таксама афармлялі ўгоды па набыцьці кватэраў на падстаўных асобаў. Кватэры прадаваліся падчас фінансавага крызісу 2011 году. У той час ільготнае крэдытаваньне спынілася, і, як сьцьвярджалі службоўцы, кватэры засталіся незапатрабаванымі. Каб прыцягнуць дадатковыя сродкі, было вырашана іх прадаваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG