Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаньне да палітыкі стрымліваньня


Барак Абама і Ўладзімер Пуцін
Барак Абама і Ўладзімер Пуцін
Крэмль змушае Белы дом выкарыстоўваць формы палітычнага ціску часоў «халоднай вайны». Пра гэта піша The New York Times.

Газэта спасылаецца на памочнікаў прэзыдэнта Абамы, паводле якіх адміністрацыя прэзыдэнта пераглядае сваю палітыку ў адносінах да Расеі. Адначасова з гэтым два уплывовыя сэнатары заклікалі да ўзмацненьня жорсткасьці санкцый супраць Расеі ў адказ на яе дзеяньні ва Ўкраіне.

Па словах супрацоўнікаў адміністрацыі, на якіх спасылаецца журналіст The New York Times Пітэр Бэйкер, Абама прыйшоў да перакананьня, што, нават калі будзе знойдзенае рашэньне крызіснай сытуацыі вакол Крыму і паўднёва-ўсходняй Украіны, у яго ўжо ніколі не будзе канструктыўных адносінаў з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным. У тыя два з паловай гады, якія засталіся Абаму да завяршэньня прэзыдэнцкага тэрміну, ён мае намер засяродзіцца не на Расеі, а на тых міжнародных праблемах, дзе яшчэ можна дамагчыся посьпеху. Што ж тычыцца Масквы, то адміністрацыя Абамы паспрабуе захаваць тое невялікае супрацоўніцтва, якое яшчэ можна выратаваць, але, у цэлым, прыкладзе намаганьні да таго, каб ізаляваць Расею эканамічна і палітычна і такім чынам стрымаць яе экспансіянісцкія амбіцыі.

Такі падыход ўяўляе сабой абноўлены варыянт стратэгіі ЗША ў адносінах да СССР у часы «халоднай вайны», а менавіта палітыку стрымліваньня. Мяркуючы па апошніх заявах амэрыканскіх заканадаўцаў, на Капіталійскім пагорку хочуць, каб адміністрацыя ажыцьцявіла свой новы падыход да Расеі як мага хутчэй.

Уплывовы сэнатар-рэспубліканец Боб Коркер, які прадстаўляе штат Тэнэсі і які зьяўляецца чальцом сэнацкага камітэту па міжнародных адносінах, прапануе доўга не чакаць і ўзмацніць жорсткасьць санкцый ў адносінах да Расеі ўжо цяпер:

— Я думаю, — сказаў ён у інтэрвію тэлекампаніі NBC, — што Пуцін ня верыць, што мы сапраўды можам пакараць Расею. Наша зьнешняя палітыка не пасьпявае за падзеямі, мы толькі рэагуем на тое, што робяць іншыя. Я лічу, што, калі Расея тэрмінова не пачне адводзіць сорак тысяч салдат, сканцэнтраваных на мяжы з Украінай, нам варта ўжыць санкцыі супраць расейскіх кампаній, занятых у энэргетычным сэктары, такіх як «Газпром», напрыклад. Нам таксама варта прыняць меры супраць буйных расейскіх банкаў. Больш за тое, не выклікае ніякага сумневу, што нам трэба ўмацаваць сувязі з Украінай у галіне бясьпекі.

Сэнатар-дэмакрат ад штата Канэктыкут Крыс Мэрфі таксама лічыць, што адкладаць ўзмацненьне жорсткасьці санкцый супраць Расеі ня варта:

— Час ўзмацніць санкцыі наступіў. Я згодны з прэм’ер-міністрам Украіны Арсенем Яцанюком, які заклікаў эўрапейскія краіны паглядзець на сытуацыю, ў якую трапіла Ўкраіна, з пункту гледжаньня іх уласнай бясьпекі. Калі Расея не панясе адказнасьць за тое, што яна зрабіла ва Ўкраіне, я баюся, што наступнай патэнцыйнай мішэньню можа апынуцца адзін з нашых саюзьнікаў па НАТО.

Як хутка пойдзе на ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прэзыдэнт Абама, невядома. Пітэр Бэйкер з The New York Times адзначае, што, па меры таго, як фармуецца новы доўгатэрміновы падыход да Расеі, у адміністрацыі ідуць спрэчкі аб тым, якія крокі трэба прыняць у кароткатэрміновым пляне. Падобна на тое, адзначае Бэйкер, што пакуль перавагу маюць дарадцы Барака Абамы па эканамічных пытаньнях, якія здолелі пераканаць схільнага да асьцярожнасьці прэзыдэнта ўводзіць санкцыі паэтапна і невялікімі дозамі, каб ня надта апярэджваць у гэтым сэнсе эўрапейцаў, занепакоеных тым, што санкцыі супраць Расеі могуць адмоўна адбіцца на эканоміцы іх краін. Таму малаверагодна, што прэзыдэнт распарадзіцца аб увядзеньні санкцыі супраць цэлых сэктараў расейскай эканомікі.

The New York Times прыводзіць меркаваньне былога амбасадара ЗША ў НАТА, а цяпер прэзыдэнта чыкагскага дасьледнага цэнтру «Рада па глябальных пытаньнях» Іва Даалдэра, які сказаў, што ідэя новага падыходу ЗША палягае ў тым, каб дзейнічаць пасьлядоўна, паэтапна падымаць цану, якую Расеі давядзецца заплаціць за яе дзеяньні ва Ўкраіне. «Магчыма, — сказаў ён, — гэта не вырашыць праблемы Крыму і ўсходняй Украіны, але гэта вырашыць праблему адносінаў з Расеяй».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG