Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія спэцслужбы праходзяць «абкатку», каб выстаяць да 25 траўня, — Каспрук


Віктор Каспрук
Віктор Каспрук

Украінскі палітоляг Віктар Каспрук лічыць, што ўзяць пад кантроль, у тым ліку і вайсковы, усю тэрыторыю Ўкраіны можна будзе толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Пакуль вельмі важна адбіваць спробы фрагмэнтаваць краіну ў гарачых кропках. Пра гэта ён распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.

— Віктар Арсенавіч, ці можна разьлічваць на нейкія станоўчыя для Ўкраіны вынікі сёньняшняй чатырохбаковай сустрэчы ў Жэнэве?

— Праз тое, што Расея ўжо пачынае адчуваць на сабе пэўныя нэгатыўныя наступствы санкцыяў, можна сказаць, што Лаўроў і яго каманда, магчыма, сёньня будуць больш рэалістычна ставіцца да сытуацыі ва Ўкраіне. З усяго бачна, што ім не ўдалося нахрапам узяць нават Данецкую ці Луганскую вобласьці, таму што Ўкраіна робіць вялікі супраціў. І гэта толькі пачатак. Мне здаецца, што калі Лаўроў і каманда разумеюць, што тое, куды яны падштурхоўваюць Расею, прывядзе ня толькі да эканамічнага крызісу, але і да палітычнага, гэтая сустрэча можа распачаць нейкі больш рэалістычны падыход у палітыцы Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да Ўкраіны. Я так лічу таму, што пачатак эканамічнага крызісу ў Расеі ўжо заўважаецца.

— Ці мае Ўкраіна насамрэч вайсковыя сілы, каб супрацьстаяць сэпаратыстам на ўсходзе?

— Такія сілы ёсьць. І яны арганізоўвацца. Справа ў тым, што сэпаратыстаў на Данбасе падтрымлівае вельмі невялікая колькасьць насельніцтва — можа, толькі 2 працэнты. Але Ўкраіна пасьля Януковіча апынулася ў вельмі складаных умовах праз тое, што тут вельмі шмат расейскіх агентаў. Гэтых агентаў Пуцін засылаў ва Ўкраіну яшчэ да пачатку праўленьня Януковіча. А падчас яго праўленьня гэты працэс, можна сказаць, быў пастаўлены на афіцыйны ўзровень. Нам вельмі складана супрацьстаяць гэтай агентуры, таму што цалкам яна яшчэ ня выяўленая. Яшчэ не да канца зразумела, якія падразьдзяленьні ГРУ і вайсковай выведкі працуюць тут, ва Ўкраіне. Фактычна, гэта элемэнты халоднай вайны Расеі супраць Украіны, але з умацаваньнем гарачых кропак. Вось гэтыя гарачыя кропкі, якія мы цяпер маем на Данбасе, — гэта спадчына расейскай экспансіі. У гэтым сэнсе я думаю, што цяпер Украіна пачала падстройвацца да ўмоваў барацьбы з расейскім тэрарызмам. Нашыя спэцслужбы цяпер праходзяць «абкатку», і я думаю, калі мы зможам пратрымацца яшчэ месяц ці два, дык нашыя спэцслужбы і нашыя людзі змогуць даць адпор Расеі.

— Як ідзе падрыхтоўка да выбараў? Ці магчыма іх правесьці ў варунках фактычнай вайны?

— Відавочна, што выбары ня могуць прайсьці так гладка, як гэты было б у неваенны час. Але нашая ўлада пачала вучыцца на сваіх памылках, яна нарэшце пачынае адчуваць сябе ўладай. У гэтай сытуацыі Ўкраіна прыкладзе максымум высілкаў, каб выбары адбыліся. Пытаньне застаецца ў тым, як яны будуць праведзеныя, напрыклад, на Данбасе. Але па тым, як там цяпер сталі даваць жорсткі адпор засланым з Расеі тэрарыстам, мне здаецца, што ўлады змогуць кантраляваць усю тэрыторыю Ўкраіны. Калі мы выбары правядзем, тады Ўкраіна можа выбіць шмат козыраў з рук Крамля. Пасьля таго, як выбары адбудуцца, Расея ўжо ня зможа рабіць закіды Ўкраіне пра тое, што тут нелегітымная ўлада. І тады сытуацыя зьменіцца, тэрыторыя ўсёй Украіны будзе ўзятая пад кантроль. Пакуль жа Ўкраіну спрабуюць фрагмэнтаваць. Важна не дапусьціць гэтага. Калі мы выстаім гэты месяц да 25 траўня, дык атрымаем магчымасьць рухацца да Эўрапейскага Зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG