Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя рэгіёнаў праводзіць надзвычайны зьезд дэпутатаў у Данецку


Партыя рэгіёнаў Украіны склікае на сёньня, 16 красавіка, надзвычайны зьезд дэпутатаў усіх узроўняў Данецкай вобласьці.

Пра гэта паведамілі ў прэсавай службе Данецкай абласной арганізацыі партыі.

«Выбраныя наўпростым галасаваньнем жыхарамі Данецкай вобласьці дэпутаты сельскіх, пасялковых, гарадзкіх, раённых, абласнога савета і Вярхоўнай Рады Ўкраіны маюць легітымныя паўнамоцтвы прадстаўляць тэрытарыяльныя грамады Данецкай вобласьці і зьяўляюцца адзінымі паўнапраўнымі выразьнікамі меркаваньняў жыхароў Данеччыны», — заявілі ў прэсавай службе.

Зьезд павінен аб’яднаць асноўныя патрабаваньні жыхароў рэгіёну і вылучыць іх цэнтральным органам улады.

"Гэта дэцэнтралізацыя ўлады: наўпростыя выбары губэрнатара, пашырэньне паўнамоцтваў для рэгіёну, у тым ліку бюджэтная аўтаномія, а таксама дзяржаўны статус расейскай мовы. Наша мэта — абараніць інтарэсы Данбаса, прадухіліць раскол Украіны і спыніць далейшае кровапраліцьце«,— заявілі ў прэсавай службе партыі.

У аўторак старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны, выконваючы абавязкі прэзыдэнта Аляксандр Турчынаў ня выключыў, што разам з прэзыдэнцкімі выбарамі 25 траўня можа адбыцца рэфэрэндум аб дзяржаўным уладкаваньні Ўкраіны.

Першы намесьнік старшыні фракцыі Партыі рэгіёнаў Украіны ў Вярхоўнай Радзе Міхаіл Чэчатаў заявіў у інтэрвію Свабодзе, што зьезд ня будзе сэпаратысцкім, і што сэпаратысцкія хваляваньні ва ўсходніх абласьцях Украіны справакавалі людзі, якія ня маюць дачыненьня ні да Ўкраіны ў цэлым, ні ў Данецкай вобласьці ў прыватнасьці:

«Плятформа гэтага зьезду: Данбас быў, ёсьць і будзе неад’емнай часткай адзінай непадзельнай Украіны. Мы не вітаем фэдэралізм. Фэдэралізм сёньня — гэта шлях да развалу дзяржавы. Абмяркоўвацца будуць пытаньні, што ўздымаюцца ва ўсіх рэгіёнах, на Данбасе перш за ўсё. Гэта — пытаньне дэцэнтралізацыі ўлады, узмацненьня паўнамоцтваў рэгіёнаў у эканамічных, гуманітарных пытаньнях. Адмова ад інстытута губэрнатарства. Прадстаўленьне магчымасьці абласным радам фармаваць выканкамы, прызначаць кіраўнікоў выканаўчай улады, каб іх не навязвалі з Кіева. Фармаваньне бюджэту зьнізу ўверх. Каб грошы, якія зарабляюць у рэгіёне, не ішлі ў Кіеў, а потым людзі з рэгіёнаў забіралі іх адтуль праз карупцыйныя схемы, даючы хабары».

Чэчэтаў зазначыў, што зьезд можа зьвярнуцца і да тых людзей, хто цяпер на вуліцы спрабуе дэстабілізаваць сытуацыю:

«Калі ўзяць ўсіх людзей, хто ўдзельнічае ў розных акцыях пратэсту, то ёсьць невялікая група правакатараў, якія, падобна, прыйшлі з-за межаў Украіны. Ёсьць група экстрэмістаў, магчыма, ім і плацяць, якая далучылася да правакатараў. Гэта ўжо нашы грамадзяне. А ёсьць асноўная маса людзей. Яны не вітаюць ідэй сэпаратызму, яны выходзяць, каб выказацца па сацыяльна-эканамічнай сытуацыі. Плюс да таго, людзі бачаць, што кіеўская ўлада іх ня чуе. Атрымліваецца, што гэтыя людзі знаходзяцца ў агульнай масе з гэтымі экстрэмістамі і правакатарамі. Калі яны пачуюць заклікі зьезда, магчыма, атрымаюць магчымасьць адысьці, дыстанцыявацца і пакінуць у відавочнай меншасьці правакатараў і экстрэмістаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG