Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1986


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1986 год. У Савецкім Саюзе пад кіраўніцтвам новага генсэка Гарбачова пачынаюць адбывацца эпахальныя зьмены. У канцы лютага — пачатку сакавіка адбываецца ХХVII зьезд КПСС. Гарбачоў называе брэжнеўскія часы эпохай застою і настойвае на правядзеньні рэформаў у эканоміцы і на неабходнасьці дэмакратызацыі грамадзтва. У траўні праходзіць зьезд кінэматаграфістаў — з паліцаў вяртаюцца забароненыя цэнзурай фільмы. У жніўні мяняюцца пляны павароту сібірскіх рэкаў. У кастрычніку адбываецца амэрыканска-савецкая сустрэча ў Рэйк’явіку. У сьнежні з горкаўскай ссылкі вяртаецца акадэмік Сахараў. Набіраюць імпэту перабудова і галоснасьць.

Аднак галоўнай падзеяй году, а для Беларусі мабыць і стагодзьдзя была Чарнобыльская катастрофа. Сёньня мы будзем прыгадваць падзеі канца красавіка 1986 году разам з колішнімі і цяперашнімі супрацоўнікамі Радыё Свабода.

***

Але спачатку мы пагаворым з нашым чародным госьцем. Сёньня — сустрэча са слухачом, гэтым разам за межамі Беларусі. Пра свой досьвед слуханьня радыё сёньня распавядае айцец Аляксандар Надсан зь Лёндану.


айцец Аляксандар Надсан
айцец Аляксандар Надсан
«Слухаю даволі часта, каб мець весткі — і агульныя, і весткі зь Беларусі, бо так яны хутчэй даходзяць — таму слухаю даволі часта Радыё Свабода. Я думаю, што Радыё Свабода я пачаў слухаць неяк з паловы 70-х гадоў. Раней было нават вельмі цяжка чуць радыё ў Англіі, бо яно ўсё ж было накіраванае на Беларусь, і таму трэба было мець спэцыяльны радыёпрыёмнік. А недзе з пачатку 80-х гадоў, асабліва калі пачаліся цікавыя падзеі на Беларусі — розныя нацыянальныя рухі, аж да развалу Савецкага Саюзу, чарнобыльская справа, якая была вельмі блізкая майму сэрцу — я ўжо стараўся слухаць больш рэгулярна».

Айцец Аляксандар Надсан працягне свае ўспаміны крыху пазьней, а зараз — зьвернемся да падзеяў 1986 году. Пра чарнобыльскую катастрофу і пра яе асьвятленьне на хвалях нашага радыё распавядае цяперашні дырэктар украінскай службы Радыё Свабода Аляксандар Нарадэцкі:

Адзін зь першых здымкаў пасьля выбуху
Адзін зь першых здымкаў пасьля выбуху
«Сур’ёзна навіна пра чарнобыльскую трагедыю не была ўспрынята. Першыя паведамленьні, якія прыйшлі з Швэцыі, як я памятаю, былі ўспрынятыя як нейкая падзея, можа й вельмі важная, але для нас пакуль што ня мела нейкай сур’ёзнасьці ці тым больш трагічнасьці. Але з часам, з кожнай гадзінай, калі мы ўцягваліся ў гэта, тады прыходзіла разуменьне таго, што насамрэч сталася. І першае, што я памятаю — у нас быў шок, як улада рэагавала. Калі Масква наагул катэгарычна замоўчвала, Гарбачоў наагул дзён дваццаць маўчаў і толькі тады выйшаў у эфір, Шчарбіцкі 1 траўня на парадзе — я вельмі добра гэта памятаю — дэманстраваў свайго ўнука — і гэта праз чатыры дні пасьля таго, як здарыўся Чарнобыльскі інцыдэнт — каб паказаць, што ніякай панікі няма, я, бачыце, нават сваю радню вывеў на той парад і паказваю вам — нікуды мы не ўцякаем, усе засталіся ў Кіеве. Але гэта няпраўда — шмат людзей уцякала. Былі калясальныя заторы на кіеўскім вакзале, дзяцей проста ў вокны ўсоўвалі, каб там недзе ў Маскве ці ў Расеі іх прынялі родзічы, была досыць сур’ёзная паніка. Мы ўключыліся, што называецца, адразу ж пасьля першых паведамленьняў, хоць тое адчуваньне сур’ёзнасьці прыйшло да нас трошачкі пазьней, недзе на другі-трэці дзень, і мы ўжо тады проста не вылазілі з студыі і давалі сэрыямі перадачы, водгукі экспэртаў пра магчымыя наступствы чарнобыльскай трагедыі для людзей, не для ўлады. Тады мы разумеллі, што ўлада досыць моцная і выкруціцца ў любым выпадку, а для людзей магчымыя наступствы былі трагічныя, вядома ж, і мы знаходзілі нават украінскіх лекараў у Амэрыцы, мы інтэрвіюавалі іх і дапалі ў эфір. Мы павінны былі даць альтэрнатыўную інфармацыю, якой ня мелі людзі ў Кіеве, Украіне, і ў Беларусі таксама. Я памятаю нават, як кляўся міністар аховы здароўя Раманенка — дарэчы, прафэсійны лекар — што нічога такога надзвычайнага ня сталася, я клянуся сваім уласным здароўем, будзьце спакойныя, усё ў парадку, улада кантралюе сытуацыю. І такія інтанацыі фальшывага аптымізму, вядома, дадавалі нам сілы, бо мы ўжо тады, празь некалькі гадзін, а тым больш празь некалькі дзён ужо разумелі, што здарылася з Чарнобылем і якія страшныя могуць быць наступствы гэтай трагедыі».

***
Год 1986 у сьвеце

Палітыка

Гішпанія і Партугалія далучаюцца да Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці. — Забіты невядомым швэдзкі прэм’ер Улаф Пальмэ. — Амэрыканскія самалёты бамбардуюць лібійскія гарады Трыпалі і Бэнгазі. — Пасьля 28 гадоў дыктатуры прэзыдэнт Гаіці Жан-Клёд Дзювалье ўцякае ў Францыю. — Адхілены ад улады прэзыдэнт Філіпінаў Фэрдынанд Маркас.

Навука i тэхналёгія

Цярпіць катастрофу пры старце касьмічны чаўнок Чэленджэр. — У ЗША выходзіць першая энцыкляпэдыя на кампакт-дыску. — Адбываецца першы ў гісторыі пералёт вакол сьвету без дазапраўкі. — Зонд Вояджэр-2 пралятае міма Ўрану, даслаўшы на Зямлю фатаздымкі і інфармацыю пра яго спадарожнікі, кольцы, атмасфэру і магнітнае поле.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная нігерыйскаму празаіку і драматургу Ўоле Шоінку.

У 1986 годзе памірае заснавальнік царквы саенталёгіі Рон Габард, пісьменьніца Сімон дэ Бавуар, джазавы клярнэтыст Бэні Гудман, кінарэжысэр Андрэй Таркоўскі, пісьменьнік Хорхе Луіс Борхес.

Песьня году - Status Quo / In the Army Now.

***

А зараз зноў зьвернемся да гутаркі з айцом Аляксандрам Надсанам. Айцец Аляксандар прыгадвае свой досьвед супрацоўніцтва з Радыё Свабода...

«Мне здаецца, што недзе ў пачатку 60-х гадоў мяне папрасілі зрабіць некалькі рэлігійных перадачаў. Тады яшчэ, паколькі я жыў у Лёндане, яшчэ не было такой тэхнікі, як цяпер, я проста напісаў, а нехта іншы заўсёды за мяне чытаў. Наогул я меў добрыя водгукі адносна маіх перадачаў, але будучы заняты іншымі справамі, я ня мог гэта ўвесь час працягваць. Пасьля ўжо сустракаўся ў бюро Радыё Свабода, калі езьдзіў у Амэрыку — там я даў некалькі інтэрвію. А ўжо больш рэгулярна я даю перадачы, асабліва рэлігійныя — на Каляды, на Вялікдзень — недзе ад 1986 году».

А зараз — зноў вернемся да чарнобыльскай тэмы. Толькі што наш украінскі калега распавёў пра тое, што адбывалася ў тыя часы ў Кіеве. Тым часам у непасрэднай блізкасьці Чарнобылю знаходзіцца вялікі беларускі горад — Гомель — што адбывалася там у тыя трагічныя дні? Ля мікрафону наш карэспандэнт Казімір Яноўскі...

Саркафаг на 4-м рэактары Чарнобыльскай АЭС
Саркафаг на 4-м рэактары Чарнобыльскай АЭС
«Напрыканцы красавіка 1986 году выбіх на Чарнобыльскай атамнай станцыі многім гамельчукам дый мне асабіста падаўся нейкай шараговай аварыяй. Прынамсі такую выснову можна было зрабіць з кароценькага паведамленьня ў саюзнай газэце «Известия» недзе на трэці дзень пасьля катастрофы — ніякай перасьцярогі пра радыяцыю, нібыта парваўся нейкі паравы кацёл. Маўчалі беларускія ЦК КПБ і саўмін, маўчаў і мясцовы абкам партыі, які ўзначальваў тады Аляксей Камай.

1 траўня ў горадзе, як звычайна, ладзілася мнагалюдная дэманстрацыя. На вуліцы вывелі тысячы школьнікаў, студэнтаў, рабочых і інжынэраў прадпрыемстваў. У паветры ўжо густа віраваў радыеактыўны ёд ды процьма іншых шкодных элемэнтаў, а ўлады вымушалі людзей дэманстраваць нейкую адданасьць камуністычным ідэалам і пралетарскім традыцыям. У Брагіне і Хойніках у дадатак зарганізавалі таварыскія сустрэчы па футболе — зноў такі дзеля заспакаеньня насельніцтва.

Але трывога ўжо апаноўвала горад, чуткі сачыліся зь іншых крыніцаў. Найперш — з тых месцаў, дзе была адпаведная вымяральная апаратура, у прыватнасьці, з Інстытуту мэханікі мэталапалімэраў. Як распавядаў ягоны навуковы супрацоўнік Юры Варонежцаў, ужо ў першы працоўны панядзелак пасьля аварыі ў Чарнобылі навукоўцы губляліся ў здагадках — прыборы зашкальвалі. Пра маштабную катастрофу паведамлялі і заходнія радыёстанцыі, у тым ліку і Радыё Свабода.
У Брагінскім, Хойніцкім, Нараўлянскім раёнах ужо распачалася эвакуацыя, а ў Гомелі зноў-такі ладзіліся на вуліцах масавыя відовішчы — парад вучнёўскіх духавых аркестраў, тэатралізаваныя батальныя сцэны да Дня перамогі на цэнтральным стадыёне «Гомсельмаш». На ганаровай трыбуне сядзелі ўсе кіраўнікі вобласьці, некаторыя нават зь дзецьмі — гэтак дэманстравалі гараджанам спакой і самаадданасьць. Мой сябар журналіст Павел Белы, які ў Нараўлянскім райкаме партыі быў на паўстаўкі яшчэ й лектарам, вывез сваіх траіх дзяцей да цешчы на поўдзень Украіны і за гэта атрымаў вымову па партыйнай лініі, бо, як казалі ў райкаме — сеяў паніку.

Атмасфэра ўзрушэньня сапраўды была вялікая, горад быў напоўнены чуткамі, што на атамнай станцыі можа адбыцца новы выбух. Казалі таксама пра магчымую эвакуацыю нашага абласнога цэнтру ў Слонім Гарадзенскай вобласьці. Але афіцыйна ўпершыню па гарадзкой правадной сэтцы прагучала толькі перасьцярога — не адчыняць вокны і форткі і не пускаць дзяцей на вуліцу.

У 8-й паліклініцы нейкі час зьбіраўся натоўп — тут, падаецца, у адзінай мэдычнай установе ня толькі ў горадзе, але і ў рэгіёне выдавалі нейкую ёдавую настойку. Мужчыны, што езьдзілі ў «зону», у чэргах не стаялі — у іх быў свой рэцэпт засьцярогі: на 100 грамаў гарэлкі 2-3 кроплі ёду. Я й сам разы са два выкарыстоўваў такі рэцэпт — дужа непрыемнае лекаваньне, але іншага не было.

У той час, я працаваў рэгіянальным карэспандэнтам у газэце «Советская Белоруссия». У забруджаны радыяцыяй Брагінскі раён я паехаў упершыню 3 ці 4 траўня, пабачыўся, пагутарыў зь перасяленцамі. Тады іх адсялялі як мага бліжэй — з поўдня раёну на поўнач, супакойвалі што гэта «на трое сутак», максімум на тыдзень. Аказалася, што назаўсёды".

***
1986 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Адбываецца аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у выніку якой шмат якія раёны Гомельскай, Магілеўскай, часткова берасьцейскай і Менскайй абласьцей аказаліся забруджаныя радыёнуклідамі.
• Васілю Быкаву за аповесьць Знак Бяды прысуджаная Ленінская прэмія.
• У Горадні адкрыты дом-музэй Максіма Багдановіча.
• У Берасьці здаздены ў эксплюатацыю новы аэравакзал.
• Пачаўся рух на новым участ5ку менскага мэтро да станцыі Усход.
• У Заслаўі заснаванты дзяржаўны гісторыка-культурны запаведнік.

А зараз — менскі эфір 1986 году. Начальнік РОЎДу Жаўняк распавядае пра ўдзел супрацоўнікаў міліцыі ў працах па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:14 0:00
Наўпроставы лінк



***

У нашай сёньняшняй перадачы, прысьвечанай 1986 году, мы прыгадваем чарнобыльскую катастрофу і яе асьвятленьне на нашым радыё. Пра ўспрыманьне тых трывожных падзеяў распавядае колішняя супрацоўніца беларускай службы Радыё Свабода ў Мюнхэне Ася Левіна...
«Як усім вядома, выбух на Чарнобыльскай АЭС адбыўся ўначы на 26 красавіка 1986 году. Якраз 28 красавіка — праз два дні — амэрыканскія спадарожнікі зямлі зрабілі надзвычайныя і жудасныя здымкі: чарнобыльскі рэактар з сарваным дахам, зь яго ўздымаецца слуп дыму, а непадалёк, на адлегласьці 1 кілямэтру — поўная ідылія: па рацэ Прыпяць плыве баржа, а на стадыёне нейкія хлопцы ганяюць мяч, гуляюць у футбол. Гэта значыць, што народ нічога ня ведаў абсалютна. І мы таксама амаль што нічога ня ведалі — так, нейкія здагадкі былі першыя два дні. Савецкае тэлебачаньне ўвечары 28-га перадало, што на Чарнобыльскай АЭС адбылася аварыя ды што пашкоджаны адзін рэактар. 29 красавіка, у аўторак, ужо і Эўропа і Амэрыка бясконца зьвярталіся да савецкага ўрады з пытаньнямі і прапанавалі дапамогу, асабліва Злучаныя Штаты, але Крэмль рабіў выгляд, што нічога ня здарылася, і ад дапамогі адмаўляўся — маўляў, савецкія маюць свой гонар. Ясна было, што верыць трэба заходнім сродкам масавай інфармацыі, але і яны амаль што нічога ня ведалі, яны толькі вельмі хваляваліся і ўвесь час запытвалі, што можа сказаць
Масква, розныя савецкія арганізацыі за мяжой і ў Савецкім Саюзе, але ўсе яны неяк нічога дакладнага не гаварылі. Амаль усе працаўнікі Радыё Свабода мелі дзесьці там на Беларусі ці ва Ўкраіне ці на поўначы СССР сваякоў ці сяброў, усе страшна хваляваліся, бо ўрэшце гэтая падзея ўяўляла сабой небясьпеку і для Эўропы. Акрамя таго, жудасна было назіраць, як робіцца адкрытае злачынства, і нічога нельга зрабіць. Мы ж ведалі, што такое савецкая ўлада, але ўсё ж заўсёды, калі здараецца нешта сапраўды сур’ёзнае і асабліва злачыннае, дык у гэта няможна паверыць. І таму мы думалі: не, мабыць, сапраўды нейкая невялікая аварыя, ясна, што ўсе хвалююцца, але ўсё ж нічога сур’ёзнага ня будзе. Гэта недзе на 3-4-ты дзень мы ўжо зразумелі, што адбылася сапраўдная аварыя, і ня толькі таму, што пайшла ўжо нейкая інфармацыя і ад савецкіх уладаў, і з заходніх СМІ, але і таму, што мы заўсёды ўводзілі нейкі каэфіцыент хлусьні. Мы ведалі, што калі савецкая ўлада, савецкае тэлебачаньне і газэты гавораць, што сапраўды была аварыя, гэта значыць: можна цьвёрда здагадацца, што аварыя была страшная, вельмі страшная, бо інакш яны б проста нічога не сказалі. Так што ўжо на 3-4-ты дзень, калі на Захад пачала прасочвацца інфармацыя і савецкія ўлады ўжо прызналі, што аварыя была, і нават запрасілі аднаго знакамітага амэрыканскага лекара ў Маскву — тады ўжо ўсім стала ясна, што гэта сапраўды нешта страшнае».

I на заканчэньне — зноў слова нашаму сёньняшняму госьцю айцу Аляксандру Надсану. Што ён хацеў бы пажадаць нашаму радыё напярэдадні юбілею?

«Я б хацеў, каб зь беларускай праграмай Радыё Свабода сталася тое, што сталася зь іншымі праграмамі — чэскай, польскай, іншымі — каб яна адслужыла сваё і каб на Беларусі былі свабодныя перадачы свабоднай Беларусі. Гэта самае важнае. А пакуль гэтага няма — жадаю ўсяго найлепшага, працягвайце далей, бо вы зьяўляецеся ўсё-такі, магчыма, найлепшай крыніцай інфармацыі аб тым, што робіцца цяпер у Беларусі».
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG