Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Васі і Пеці» вярнулі Крым «Валодзю»


Belarus - Illustrations to the article by Siarhiej Astraucou
Belarus - Illustrations to the article by Siarhiej Astraucou

У мяне на стале бутэлька «Піно-Гры». Я разьвітваюся з украінскім крымскім віном. На бутэльцы так і напісана: Украіна, Крым, Ялта.

Прадаўшчыца дзяжурна пацікавілася – ці можа мне дапамагчы? Я адмовіўся, сказаў, што выберу сам, што хачу проста апошні раз набыць віно з украінскага Крыму. Яна ледзь не спалатнела! Прыбегла загадчыца, разам пачалі мне тлумачыць: па дакумэнтах віно набытае ва Ўкраіне, і яны ня маюць права напісаць як цяпер ёсьць – Крым, Расея.

Вось яны, беларусы! Яны са страху нават не разумеюць, што ты ім кажаш. Яны самі, ледзь толькі Пуціну заманецца, павывешваюць расейскія сьцягі, як было 1 красавіка ў нас на ўстановах – у рэчышчы дзяржаўнай завядзёнкі. Ніколі не кажы «ніколі!» Ён сёньня ўсё можа, і байцы ў яго падрыхтаваныя для гэтай мэты.

Ня думаю, што валасы дыбарам могуць стаць пасьля Крыму і разнашорсных «данецкіх рэспублік», але сюжэт зь «Вести недели» з тэлеканалу «Россия 24» гадавой даўнасьці (28 красавіка 2013 году) міжволі выклікае мурашкі. Вядомы пясьняр расейскіх апэтытаў Дзьмітры Кісялёў абвяшчае гвозд праграмы: ваенны карэспандэнт Сладкоў раскажа сэнсацыю – Сяргей Шайгу, міністар абароны, вырашыў стварыць расейскія сілы для спэцапэрацый з магчымасьцю дзейнічаць за рубяжом. Сладкоў зьняў «баявую падрыхтоўку» у гарах Паўночнага Каўказу.

Гледачу паказваць вучэньні, а карэспандэнт апавядае: «Упершыню расейскія вайскоўцы заявілі аб сваёй гатоўнасьці да нелегальнай работы за рубяжом». Мова не ідзе аб разьведчыках, стараецца не расчараваць карэспандэнт. Не, сілы спэцыяльных апэрацый прадэманстравалі свае магчымасьці для дзеяньняў «на сумежнай тэрыторыі, гэта азначае – за мяжой». Гэта «войскі, прызначаныя для дасягненьня палітычных і эканамічных мэтаў». У любым месцы, «што ўяўляе цікавасьць для Расейскай Фэдэрацыі». Гэта – «войскі, якія ваююць у мірны час», працягваў Сладкоў.

Мэта вучэньняў – «імітацыя пераброскі на тэрыторыю адной з суседніх дзяржаваў». Байцы скачуць з парашутам, карэспандэнт падказвае – «зьвярніце ўвагу: першае, што робяць спэцыялісты – пераадзяваюцца, мяняюць сваю форму на камуфляж краіны знаходжаньня». Умоўна кажучы, гэта атрады расейскіх Джэймсаў Бондаў, зазначае Сладкоў. Але афіцэр не пагаджаецца з замежнай мянушкай, тут ня Джэймсы Бонды, а – «Васі і Пеці, Мішы», іхняя задача – «абараняць інтарэсы нашай краіны».

Тут Сладкоў пераводзіць стрэлкі на такія ж падразьдзяленьні «замежныя», якія выконваюць самыя неверагодныя задачы – «адцягваюць сілы і ўвагу пэўных краінаў ад зьнешніх праблемаў, ствараючы ім праблемы ўнутраныя, разгойдваюць палітычную сыстэму гэтых дзяржаваў, дэстабілізуюць абстаноўку, у тым ліку – цераз трэція рукі». Ну, але ж гэта – замежныя, капіталістычныя! Расейскія, яны не такія! Галоўная ў іх задача зусім-зусім іншая, хлопцы! Якая? «Абарона сваіх грамадзянаў за рубяжом, вызваленьне расейцаў, што трапілі ў закладнікі» і «абарона інтарэсаў нашай краіны».

Карэспандэнт падсумоўвае: «Паступіць загад і геаграфія іхніх дзеяньняў будзе любой».

І як вам такі «сакрэт полішынэля»? Мне асабіста запала ў душу гэтае абавязковае пераадзяваньне байцоў Шайгу і Пуціна. Яны падрыхтаваныя былі гэта рабіць у сумежных з Расеяй краінах. Сьпіс магчымых краінаў-ахвяраў вельмі абмежаваны. Калі расеец пераадзенецца ў кітайца, у грузіна, у казаха, шанцы будуць невялікія, згадзіцеся. А вось – ва ўкраінца, беларуса, літоўца, паляка – гэта ўжо зусім іншы «калянкор»: твары аднолькавыя, славянскія, ва ўсякім разе – эўрапейскія.​
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG