Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія рэжысэры перамаглі на фэстывалі Польскай тэлевізіі


Галоўную ўзнагароду 2-га фэстывалю «Мастацтва факту» ў катэгорыі «дакумэнтальны фільм» атрымаў фільм «Каханьне па-беларуску», які для тэлеканалу «Белсат» зьнялі рэжысэры Андрэй Куціла і Вячаслаў Ракіцкі.

Фэстываль адбыўся ў горадзе Торуні. Ён зьяўляецца месцам сустрэчы знаных рэпартэраў, рэжысэраў, драматургаў, якія ствараюць рэпартажы, дакумэнтальныя фільмы і тэатральныя спэктаклі на падставе сапраўдных падзеяў. Сёлетняя імпрэза адбывалася пад лёзунгам «25 гадоў свабоды». Таму асаблівае месца ў праграме фэстывалю займалі рэпартажы і фільмы пра падзеі ад пачатку «Салідарнасьці» праз выбары першага некамуністычнага ўраду ў Польшчы, падзеньне Бэрлінскага муру і аж да апошніх падзеяў ва Ўкраіне.

На конкурс былі прадстаўленыя 107 прац з усіх каналаў Польскага грамадзкага тэлебачаньня — Польскай тэлевізіі. Папярэдняе журы выбрала зь іх 36 рэпартажаў і фільмаў для ўдзелу ў фінале. Яны былі паказаныя ў Торуні. Журы на чале з выбітнай польскай кінадакумэнталісткай Марыяй Эльжбэтай Змарз-Качановіч і прысудзіла галоўны прыз белсатаўскаму фільму. Гэтая сэнсацыя фэстывалю была горача падтрыманая публікай і польскімі творцамі на цырымоніі закрыцьця фэстывалю. Бурнымі авацыямі заля вітала рэжысэраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілу, іх ляўрэацкія прамовы.


«Гэта вельмі важная і прынцыповая перамога і для нас з Андрэем, і для тэлеканалу „Белсат“, — сказаў Радыё Свабода Вячаслаў Ракіцкі. — Па-першае, яна атрыманая ў канкурэнцыі з творцамі вельмі аўтарытэтнага ў сьвеце польскага дакумэнтальнага кіно. Па-другое, яна засьведчыла высокі ўзровень кінадакумэнталістыкі каналу „Белсат“. Па-трэцяе — гэтая прэмія даказвае, што ў Беларусі насуперак волі рэжыму жыве і разьвіваецца дакумэнтальнае кіно без цэнзуры, якое адлюстроўвае сучасную беларускую рэальнасьць для наступных пакаленьняў. І самае галоўнае — гэтая прэмія яшчэ і факт салідарнасьці польскіх творцаў зь беларускімі палітвязьнямі».

Узнагарода на фэстывалі «Мастацтва факту» ў польскім горадзе Торунь стала першай для фільма «Каханьне па-беларуску». У яго аснове — гісторыя пераможнага каханьня праз турэмныя краты юных змагароў за свабоду Беларусі Насты і Зьмітра Дашкевічаў. Прэм’ера фільма адбылася на «Белсаце» напярэдадні Калядаў — 24 сьнежня 2013 году. Стужка ўжо дэманстравалася і на некаторых іншых каналах Польскай тэлевізіі. «Белсат» таксама плянуе прадставіць фільм на адборачныя конкурсы шэрагу міжнародных фэстываляў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG