Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы апрацоўваюць поўдзень Украіны праз беларускую кібэр-прастору


У сеціве зьявіўся прарасейскі сайт, на якім праводзіцца галасаваньне за ўключэньне канкрэтнага рэгіёну Паўднёва-Усходняй Украіны ў склад Расейскай Фэдэрацыі.

Інтэрнэт-спробы схіліць украінскае насельніцтва ў бок Расеі ня новыя, але ў дадзеным выпадку адметна, што старонка мае беларускі дамэн by.

На старонцы не пазначана ніякіх кантактаў ініцыятараў галасаваньня, але з ІР-адрасу вынікае, што сэрвер знаходзіцца ў Маскве на вуліцы Абразцова. Гэта да таго, ці варта верыць расейскай прапагандзе, якая пераконвае, што на тэрытарыяльнае волевыяўленьне ўкраінскага народу звонку ніхто нібыта не ўплывае.

Сам сайт расейскамоўны, мае назву «Честное голосование». Ананімныя арганізатары «плебесцыту» тлумачаць, што праводзяць галасаваньне дзеля таго, каб даведацца сапраўднае меркаваньне Паўднёвага Ўсходу Ўкраіны адносна статусу іх рэгіёнаў. Да ўдзелу ў галасаваньні заклікаюцца жыхары васьмі абласьцей Украіны — Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай, Адэскай, Мікалаеўскай, Днепрапятроўскай.

«Галасаваньне неафіцыйнае і незалежнае, праводзіцца для вызначэньня рэальнага меркаваньня рэгіёнаў», — паведамляецца на сайце. Зрэшты, каб спрагназаваць вынікі, не трэба быць нават сацыёлягам. За ўваходжаньне ў склад Расеі выказваюцца ад 50 да 70% рэспандэнтаў, астатняя доля дзеліцца паміж варыянтамі незалежнай рэспублікі, суб’екта фэдэрацыі ў складзе Ўкраіны і застацца ўкраінскай тэрыторыяй на цяперашніх умовах

Але чаму інтэрнэт-праект, які прэтэндуе на нібыта неангажаванасьць і бесстароннасьць, хаваецца пад беларускім дамэнтам?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG