Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі прэзыдэнт: Расею трэба спыніць, інакш на чарзе Малдова


Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман заяўляе, што Эўрапейскі зьвяз і НАТА павінны дзейнічаць вельмі рашуча і прыняць неадкладныя папярэднія крокі, каб перасьцерагчы Расею ад далейшай эскаляцыі ва Ўкраіне. Пра гэта чэскі прэзыдэнт заявіў сёньня на канфэрэнцыі ў Празе, прысьвечанай 10-годзьдзю ўступленьня Чэхіі ў Эўрапейскі зьвяз.

Паводле яго, уварваньне Расеі ва Ўкраіну можа мець працяг: напрыклад, акупацыю сэпаратысцкага рэгіёну Малдовы — Прыднястроўя, а калі спатрэбіцца — і ўсяе Малдовы. «Аўтаматычна пачнецца ланцуговая рэакцыя, нейкі эфэкт сьнежнага кома, які будзе цяжка без сур’ёзных страт спыніць», — лічыць Мілаш Зэман.

Прэзыдэнт Чэхіі выказаў надзею, што і НАТО і ЭЗ знойдуць адвагу, каб ужыць крокі, якія б спынілі Расею на шляху далейшай агрэсіі ў дачыненьні да Ўкраіны. І раней чэскі прэзыдэнт ужо перасьцерагаў, што акупацыяй Крыму агрэсія Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны можа ня скончыцца .

У той жа час прэм’ер Чэхіі Багуслаў Собатка, які таксама выступіў на канфэрэнцыі, лічыць, што ўкраінска-расейскі крызіс не павінен весьці да «нейкага новага кола халоднай вайны, каб зноў у Эўропе ўзводзіліся новыя жалезныя заслоны паміж Эўрапейскім зьвязам і Расеяй». На яго думку, трэба шукаць «не ваеннае, а толькі палітычнае рашэньне» крызісу.

У юбілейнай канфэрэнцыі ў Празе ўдзельнічаюць таксама прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту Марцін Шульц і камісар у пытаньнях пашырэньня і эўрапейскай палітыкі суседзтва ЭЗ Штэфан Фюле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG