Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя ўхваліла рашэньне супраць дзяржаўнага статуса беларускай мовы

У Цэнтральным судзе Менска прайшоў працэс паводле пазову мастака, вядомага абаронцы беларускай мовы Гэніка Лойкі супраць КДБ за беларускую мову. Адхіліўшы пазоў Гэніка Лойкі да КДБ, суд Цэнтральнага раёна прызнаў, што чыноўнікі не абавязаныя карыстацца беларускай мовай у адносінах з грамадзянамі.

Гэнік Лойка патрабуе пакараць КДБ за парушэньне артыкула № 4 Закону аб мовах, які абавязвае супрацоўнікаў дзяржаўных органаў валодаць дзьвюма дзяржаўнымі мовамі.
14:12 10.4.2014
Гэнік Лойка пра суд супраць КДБ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:42 0:00
13:06 10.4.2014
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч: Закон аб мовах судзьдзя Алена Сямак парушыла:

«У Законе аб мовах ёсьць некалькі рамачных артыкулаў, у якіх гаворыцца пра тое, што дзяржава спрыяе паўнавартаснаму разьвіцьцю дзяржаўных моваў ва ўсіх сфэрах ўжытку. І дзяржаўныя служачыя абавязаныя валодаць дзьвюма мовамі. Таму можна зрабіць выснову, што грамадзяніну такое права стасункаў павінна быць забясьпечана. Таксама ў артыкуле 6 Закона аб мовах прапісана, што не дапускаецца ніякага абмежаваньня, стварэньня перашкодаў альбо наданьня прыярытэту адной з моваў. У дадзеным выпадку гэты прыярытэт надаецца адной мове».
13:02 10.4.2014
Супрацоўнік КДБ ад камэнтароў адмовіўся

Прадстаўнік КДБ на просьбу пракамэнтаваць рашэньне суду адказаў па-расейску:

«Усе камэнтары вы атрымаеце ў прэс-службе КДБ». На пытаньне, ці ўжо ён не гаворыць па-беларуску, прадстаўнік КДБ адказу ня даў і пакінуў залю суду.
13:01 10.4.2014
Лойка будзе абскарджваць вырак судзьдзі Сямак


Гэнік Лойка пасьля абвяшчэньня рашэньня судзьдзі Алены Сямак, якая адхіліла ягоны пазоў да КДБ наконт беларускай мовы, заявіў,


«Прысуд быў чаканы. Але нечакана было, што сакратарка зранку па-беларуску гаварыла. І судьдзя часам пераходзіла на беларускую мову. Такім чынам, яна парушыла заканадаўства, бо судовы працэс мусіў весьціся на адной мове. На гэтай паставе будзем напэўна падаваць скаргу на судьдзю.

Дзіўна прагучала, што дзяржаўныя службоўцы не абавязаныя заканадаўча размаўляць па-беларуску. Вось глядзіце, нашыя дзеці ў школах ня маюць права на беларускую мову. Вось дзіця мае права на жыцьцё, і гэта прапісана, але яно і так мае жыцьцё. Таму калі дзеці маюць права на беларускую мову, то гэта таксама мусіць быць прапісана. Нашае права на беларускую мову мусіць быць распісанае.

Заўтра ў мяне ячшэ адзін суд зь „Белінвэстбанкам“ і тая ж самая судзьдзя. Як абскарджваць сёняншні працэс, яшчэ параюся з юрыстамі. Мне пасьля рашэньня трохі праясьніўся 4-ты артыкул Закона аб мовах. Атрымліваецца, што я імкнуўся дапамагчы дзяржаве. Суды гэтым не займаюцца. Чалавек парушае закон, дык хай нясе адказнасьць, але дзяржава як не займалася, так і сёньня паказала, што нават ня хоча гэта лічыць парушэньнем».
12:32 10.4.2014
Лойку не пераклалі рашэньне суду

Рашэньне судзьдзі Сямак было зачытанае па-расейску. Гэнік Лойка адказаў, што нічога зь яго не зразумеў.
12:26 10.4.2014
Рашэньне суду: У задавальненьні скаргі адмовіць. Рашэньне можа быць абскарджанае ў Менскім гарадзкім судзе.

Судзьдзя Алена Сямак ня выявіла, што правы грамадзяніна Лойкі былі парушаныя, абавязак дзяржаўных служачых на камунікацыю з грамадзянамі на беларускай мове нідзе не пацьверджаны заканадаўча.
11:59 10.4.2014
Вінцук Вячорка пра суд
11:59 10.4.2014

Судзьдзя Сямак груба парушае ГПК і Закон аб мовах, — праваабаронцы

11:29 10.4.2014
Судовае разьбіральніцтва скончанае

Прайшлі спрэчкі бакоў:

Генадзь Лойка: На гэтым судзе парушаныя мае правы грамадзяніна Канстытуцыі РБ, менавіта Арт. 50 — права выбару мовы. Дзяржаўны службоўца, судзьдзя, не забясьпечыла гарантаванае мне Канстытуцыяй права выбару мовы і стварала перашкоды ў карыстаньні. Я хацеў бы пачуць ад супрацоўніка КДБ Сяргея Міхайлавіча Кайдунова беларускую мову. Прашу суд забясьпечыць мне гэтую магчымасьць«.

Прадстаўнік КДБ ад удзелу ў спрэчках адмаўляецца:

«Дадаць няма чаго. Просім у задавальненьні скаргі адмовіць, бо, на наш погляд, парушэньня ягоных правоў дапушчана не было».

Разьбіральніцтва скончанае. Судзьдзя пайшла выносіць рашэньне. Яно будзе абвешчанае праз 30 хвілін.
11:16 10.4.2014
Прадстаўнік КДБ тлумачыць, чаму там не шануюць беларускую мову


Прадстаўнік КДБ па-расейску тлумачыць, што КДБ рэагавала на скаргу Лойкі ў адпаведнасьці з заканадаўствам і адпраўляла адказы на беларускай мове праз пошту «з паведамленьнем».

Прадстаўнік КДБ сьцьвярджае, што асоба валодае абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі ў аб’еме, неабходным для выкананьня службовых абавязкаў.

Лойка зьвяртаецца да прадстаўніка КДБ па-беларуску, той адказвае яму на добрай беларускай мове:

— Вы разумееце беларускую мову?
— Разумею.
— Вы чулі, што я казаў пра 4-ы артыкул "Закона аб мовах"
— Чуў.
— Супрацоўнік КДБ Кайдуноў валодае дзяржаўнымі мовамі?
— Валодае ў аб’еме, неабходным для выкананьня службовых абавязкаў.
— Але ж мне ён сказаў, што не валодае.
— Ён валодае. Вы зьвярнуліся ў КДБ са зваротам на беларускай мове. Вам адказалі па-беларуску. Што тычыцца артыкула 4-га. Артыкул 5-ы апісвае вашыя гарантыі пры звароце ў дзяржаўную ўстанову. 4-ы артыкул не датычыцца вашых грамадзянскіх правоў. Ён кажа пра абавязкі службовых асоб. Мы зьвярталі ўвагу на артыкул 5-ы, бо ён гарантуе вашыя правы. А артыкул 4-ы тычыцца толькі службовых асобаў і не гарантуе вашыя правы.

— Я зразумеў, але парушэньне 4-га артыкула цягне за сабой 6-ы артыкул, што зьяўляецца стварэньне перашкодаў у карыстаньні дзяржаўнай мовай. 5-ы артыкул мяне не цікавіць. Дарэмна вы столькі паперы патрацілі на тлумачэньне гэтага артыкула. Я грамадзянін гэтай краіны. Я народ. Я гаспадар гэтай краіны. А службоўца — гэта служка народу. Сяргей Кайдуноў мне сказаў, што ён не валодае дзяржаўнай мовай. Магчыма, ён ня хоча. Тады адпусьціце яго з працы, звольніце.
11:09 10.4.2014
Лойка хоча звальненьня супрацоўніка КДБ

Сямак далей зьвяртаецца да Генадзя Лойкі цалкам па-беларуску.

Пытаецца, чаму ў сваёй скарзе ён просіць кіраўніцтва КДБ звольніць супрацоўніка, які адмовіўся адказваць яму па-беларуску.

Генадзь Лойка:

«Я прашу кіраўніцтва КДБ узьдзейнічаць на свайго супрацоўніка аж да звальненьня. Бо калі чалавек хоча карыстацца адной дзяржаўнай мовай, то хай карыстаецца, але ня будзе тады супрацоўнікам дзяржустановы. Бо 4-ы артыкул абавязвае службоўца валодаць дзьвюма мовамі. Я прашу адпусьціць чалавека з працы, даць яму магчымасьць не валодаць адной дзяржаўнай мовай».
11:05 10.4.2014
Лойка прымусіў судзьдзю гаварыць па-беларуску

Судзьдзя чытала скаргу Лойкі па-беларуску яна зачытвала вельмі няўпэўнена, як дзеці ў пачатковай школе. Але цяпер яна ўжо цалкам зьвяртаецца да Лойкі па-беларуску. Лойка перамог – піша з залі суда карэспандэнт Свабоды.
11:03 10.4.2014
Судзьдзя Алена Сямак зачытала скаргу Генадзя Лойкі

— Вы сваю скаргу падтрымліваеце? — Сямак зьвяртаецца да Лойкі па-беларуску

— Так, я сваю скаргу падтрымліваю.

Прадстаўнік КДБ скаргу не падтрымлівае.

Генадзь Лойка: «Мне ў рукі трапіў адказ ад КДБ на расейскай мове, якой я не разумею. Я падаваў скаргу, скардзіўся, што парушаны 4-ы артыкул закона аб мовах. Мне двойчы КДБ адказваў пра 5-ы артыкул. Я зьвяртаюся ў суд і ў судзе атрымліваю ад адказчыка адказ на расейскай мове. Ізноў тут усё вядзецца пра артыкул 5-ы. Гэта ізноў адказ не на маё пытаньне. А пытаньне маё палягае ў тым, што службоўца КДБ не валодае дзяржаўнай мовай, што зьяўляецца парушэньнем. Ён абавязаны валодаць дзьвюма мовамі.

Я пастаянна сутыкаюся ў Беларусі з выпадкамі, калі дзяржава груба і цынічна парушае правы чалавека ў моўным пытаньні. Я лічу гэта дыскрымінацыяй па моўным прыкмеце. Я вельмі часта сустракаю службоўцаў, якія не валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай. Такім чынам службоўца вымушае грамадзяніна карыстацца той мовай, якой ён не валодае, гэта парушэньне заканадаўства. Я хацеў атрымаць адказ ад КДБ, чаму службоўца парушае закон. Сёньня я хачу гэты адказ атрымаць ад суда. Чаму службоўца КДБ не валодае дзяржаўнай мовай, але зьяўляецца службоўцаў КДБ».
10:48 10.4.2014
Лойка не разумее судзьдзі

Сямак пытаецца ў Лойкі, ці ён не супраць далучэньня да справы абвяржэньняў, якія прадставіў супрацоўнік КДБ. Лойка адказвае, што не разумее пытаньня. Судзьдзя выносіць рашэньне далучыць абвяржэньні прадстаўніка КДБ да справы.
10:47 10.4.2014

Судзьдзя не рэагую на патрабаваньні Лойкі


Судзьдзя Сямак: Вашае права на дзяржаўную беларускую мову ніхто не парушае

Лойка: Мне ўсчыняюць перашкоды. Мяне прымушаюць карыстацца мовай, якой я не разумею. Грамадзянін мае права валодаць адной мовай, а службоўца мусіць валодаць дзьвюма мовамі.

Сямак: Я вас цудоўна разумею. Калі вы не валодаеце дзяржаўнай мовай, хадзіце ў суд зь перакладчыкам.

Лойка: Я ня бачу прычыны, чаму службоўца ня можа весьці працэс па-беларуску

Сямак: Сядайце. Я вам патлумачыла вашы правы. У мяне такія ж правы, як і ў вас.
10:44 10.4.2014
Лойка патрабуе перакладчыка, судзьдзя — адмаўляе

Генадзь Лойка заяўляе хадайніцтва пра прадстаўленьне перакладчыка. На падставе арт. 14 Закона аб мовах суд павінен забясьпечыць поўнавартасны ўдзел перакладчыка ў судовым працэсе.

«Прашу забясьпечыць вядзеньне працэсу кампэтэнтным перакладчыкам за кошт суда. Я за гэты працэс ужо заплаціў 130 тысяч. Прашу перакладчыка зь дзяржаўнай беларускай мовы на дзяржаўную расейскую мову».

Судзьдзя адхіляе хадайніцтва:

«У нас дзьве дзяржаўныя мовы. І перакладчык з адной дзяржаўнай мовы на другую не прадстаўляецца».

Судзьдзя нагадала Лойку, што ў яго ёсьць права запрасіць перакладчыка за свой кошт.
10:44 10.4.2014


10:41 10.4.2014
Судзьдзя адхіліла адвод

Судовае паседжаньне ўзнавілася. Судзьдзя зачытала «вызначэньне», у якім адмовіла Генадзю Лойку ў адводзе судзьдзі на падставе артыкулаў 35 і 36 Грамадзянскага кодэксу.
Абвінавачаньні Лойкі ў неаб’ектыўнасьці судзьдзі назвала неабгрунтаванымі.
10:31 10.4.2014
Супрацоўнік КДБ абяцае выступаць па-беларуску

У перапынку Гэнік Лойка падсеў да прадстаўніка КДБ і спытаўся, ці будзе ён адказваць у працэсе па-беларуску. Прадстаўнік адказаў, што адказ на скаргу яны даслалі па-беларуску, таму, магчыма, і ў працэсе будзе адказваць па-беларуску:

— Я магу спадзявацца, што вы ў мяне прабачэньня папросіце па-беларуску? — запытаўся Лойка.

— Спадзявайцеся.

Прычынай скаргі Генадзя стала адмова супрацоўніка КДБ размаўляць зь Генадзем Лойка па-беларуску, калі Лойка наведваў прыёмны пакой КДБ.
10:27 10.4.2014
Гэнік Лойка размаўляе з прадстаўніком КДБ
Гэнік Лойка размаўляе з прадстаўніком КДБ

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG