Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расею сёньня будуць пазбаўляць права голасу ў ПАРЭ


Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы сёньня вызначыцца з далейшымі паўнамоцтвамі Расеі ў арганізацыі праз яе палітыку ў дачыненьні да Украіны.

У прынятай напярэдадні рэзалюцыі, ПАРЭ выказала падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Дэлегаты Асамблеі таксама назвалі неабгрунтаванымі аргумэнты Расеі адносна яе дзеяньняў у Крыме, выказаўшы пры гэтым занепакоенасьць і адносна вялікай канцэнтрацыі расейскіх вайскоўцаў на мяжы з Украінай.

«Асамблея рашуча асуджае расейскую ваенную агрэсію і анэксію Крыму, што зьяўляецца выразным парушэньнем нормаў міжнароднага права, у тым ліку палажэньняў Статуту ААН, Хэльсынскага Акту АБСЭ і асноўных нормаў Рады Эўропы. Ніводзін з аргумэнтаў, да якіх зьвяртаецца Расейская Фэдэрацыя для апраўданьня сваіх дзеяньняў, не адпавядае рэчаіснасьці», гаворыцца ў рэзалюцыі.

Рэзалюцыя ПАРЭ асудзіла прапановы Расеі па фэдэралізацыі Ўкраіны, бо гэта «прывяло б да значнага паслабленьня адзінства і стабільнасьці краіны».

У рэзалюцыі таксама гаворыцца пра адсутнасьць прамой пагрозы этнічнай расейскамоўнай меншасьці ва Ўкраіне ў цэлым і ў прыватнасьці ў Крыме.

Разам з тым кіраўнік расейскай дэлегацыі, старшыня камітэта Дзярждумы па міжнародных Аляксей Пушкоў назваў пазыцыю ПАРЭ абсалютна палітызаванай.

У чацьвер ПАРЭ ўздыме пытаньне аб верагодным пазбаўленьні расейскай дэлегацыі права голасу ў ПАРЭ да канца года. З такой ініцыятывай выступіла камісія Асамблеі па маніторынгу, якая падтрымала адпаведны праект рэзалюцыі па дакладзе Штэфана Шэнаха.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG