Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Адэсе ўзводзяць барыкады, у Данецку і Луганску разблякавалі вайсковыя часьці


Прарасейскія актывісты ўзводзяць барыкады ў Адэсе
Прарасейскія актывісты ўзводзяць барыкады ў Адэсе

У цэнтры Адэсы сэпаратысты ўзводзяць барыкады. На Кулікова поле, дзе стаяць каля 10 намётаў антымайдану, яны завезьлі пясок, аўтамабільныя пакрышкі, старыя дошкі і розную мэталёвую арматуру.

7 красавіка ў Адэсе брат арыштаванага па падазрэньні ў сэпаратызьме Антона Давідчанкі Арцём на прарасейскім мітынгу на Куліковым полі заклікаў пабудаваць барыкады, перадае УНІАН.

У Харкаве прарасейскія актывісты, якія называюць сябе «абаронцамі Харкава», забарыкадавалі выезды з базы спэцпадразьдзяленьня абласнога ўпраўленьня МУС, дзе раней быў «Бэркут». Пра гэта апавёў каля Кіеўскага раённага суду Харкава актывіст прарасейскага руху, які назваўся Спартаком. Яго твар быў закрыты маскай. Ён сказаў, што людзі заблякавалі базу, каб не дапусьціць выкарыстаньня байцоў спэцпадразьдзяленьняў супраць тых, хто мітынгуе за фэдэралізацыю.

У прэс-цэнтры Харкаўскага абласнога ўпраўленьня МУС паведамілі, што людзі з георгіеўскімі стужкамі знаходзяцца ля базы спэцпадразьдзяленьня.

Пракуратура падазрае ў масавых беспарадках 65 затрыманых за захоп будынка Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі, паведамляе Інтэрфакс.

Прарасейскія актывісты, якія блякуюць будынак ўпраўленьня Службы бясьпекі ў Луганскай вобласьці, усталявалі ў сквэры гарадок з 10 намётаў. Таксама сэпаратысты збудавалі другую лінію барыкад за будынкам ўпраўленьня Нацбанку. На плошчы знаходзіцца каля тысячы чалавек, сярод якіх і выпадковыя мінакі.
Барыкада ў Луганску
Барыкада ў Луганску


Раней заблякаваныя ў будынку СБУ сэпаратысты заявілі, што яны рыхтуюць стварэньне «парлямэнту Луганскай рэспублікі», перадае «Украінская праўда».

Тым часам у Данецку і Луганску разблякавалі вайсковыя часьці. Пра гэта УНІАН паведамілі ў прэс-службе ўправы Ўсходняга тэрытарыяльнага камандаваньня ўнутраных войскаў МУС Украіны.

8 і 9 красавіка ў Луганску і Данецку ля брамы мясцовых вайсковых часьцей унутраных войскаў зьбіраліся грамадзкія актывісты, каб перашкодзіць выезду вайскоўцаў на службу.

Старшыня Данецкай абласной дзяржадміністрацыі Сяргей Тарута назваў умовы мірнага вырашэньня канфлікту з мітынгоўцамі, якія захапілі будынак абласной адміністрацыі, і спадзяецца, што яны будуць прынятыя ўдзельнікамі пратэсту. Паводле губэрнатара, яны павінны здаць зброю, пакінуць будынак для правядзеньня легітымнага пасяджэньня сэсіі Данецкага аблсавета бязь ціску на дэпутатаў і ўзгадніць праблемы, што іх хвалююць, з кіраўніцтвам вобласьці. Ён адзначыў, што 10 красавіка прадстаўнікі абласной улады працягнуць перамовы з пратэстоўцамі.

Кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў паабяцаў 9 красавіка вырашыць сытуацыю з сэпаратыстамі на ўсходзе краіны цягам 48 гадзін — альбо шляхам перамоваў, альбо сілай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG