Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паганяйла: У Беларусі таксама ідзе праца над законам аб люстрацыі


Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон аб люстрацыі судзьдзяў. Закон прадугледжвае прававыя і арганізацыйныя асновы правядзеньня адмысловай праверкі судзьдзяў судоў агульнай юрысдыкцыі.

У дакумэнце прапісаныя выпадкі, калі судзьдзя падлягае люстрацыі. Сярод іх — прыняцьце палітычных рашэньняў: абмежаваньне правоў грамадзянаў на правядзеньне сходаў, мітынгаў, шэсьцяў, дэманстрацыяў ва Ўкраіне з 21 лістапада 2013 году. Пад люстрацыю падпадуць і тыя судзьдзі, якія выносілі рашэньні аб утрыманьні пад вартай, судзілі ўдзельнікаў масавых акцыяў, давалі дазвол на правядзеньне сьледчых і вышуковых дзеяньняў у дачыненьні да мітынгоўцаў.

Таксама судзьдзя падлягае праверцы, калі раней ён вынес прысуд чалавеку, які потым быў прызнаны палітычным зьняволеным або калі прысуд быў вынесены з прычыны грамадзянскай дзейнасьці.

Ва Ўкраіне Закон аб люстрацыі пакуль тычыцца толькі судзьдзяў. Але такі ж закон павінен быць прыняты ў дачыненьні да супрацоўнікаў Службы бясьпекі Ўкраіны, міліцыі, пракуратуры, якія зьдзяйсьнялі арышты, прыцягвалі людзей да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці, расьсьледавалі адпаведныя справы, падтрымлівалі дзяржаўнае абвінавачваньне ў судах, лічыць беларускі праваабаронца Гары Паганяйла.

Ці будуць прынятыя падобныя законы ў Беларусі? На думку былога судзьдзі, а цяпер супрацоўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйлы, «калі-небудзь улада зьменіцца, прыйдуць сьветлыя дэмакратычныя часы, і такога кшталту заканадаўства, накіраванае на чысьціню шэрагаў, будзе вельмі запатрабаванае».

Што да Беларусі, паводле словаў Гары Паганяйлы, то прадстаўнікі апазыцыі ўжо працуюць над праектам закону аб люстрацыі.

«У розных краінах гэта робіцца па-свойму — праз адпаведныя камісіі, праз суды, трыбуналы. Але прынцыпова тое, што люстрацыі падлягаюць тыя дзяржаўныя служачыя, якія дапускалі грубыя парушэньні правоў чалавека, прынятых ААН, іншымі ўплывовымі міжнароднымі структурамі», — патлумачыў Гары Паганяйла.

Што да Ўкраіны, то правяраць судзьдзяў тут будзе часовая сьледчая камісія. У яе ўвойдуць 5 судзьдзяў у адстаўцы, якія цягам апошніх пяці гадоў не займалі адміністрацыйных пасадаў у судах. Абярэ іх пленум Вярхоўнага Суду. Яшчэ па 5 сяброў камісіі прызначаць урадавы ўпаўнаважаны па пытаньнях антыкарупцыйнай палітыкі і парлямэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG