Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данецк: сэпаратысцкая «карцінка» і гандаль за ўплыў пад дываном


Што адбываецца зараз у Данецку? З каго складаюцца сэпаратысцкія сілы? Ці далучэньне да Расеі — іх сапраўдная мэта? На гэтыя пытаньні адказвае карэспандэнт украінскай службы нашага Радыё ў Данецку Валерыя Дубава.

Дубава: Кажучы мовай мэдыкаў, сытуацыя стабільна-цяжкая. Сёньня ўдзень ніякіх штурмаў будынкаў не было, сэпаратысты дагэтуль знаходзяцца ў будынку абласной адмінісмтрацыі, якую яны акупавалі. Яны сёньня ўвесь дзень фармавалі так званы ўрад Данецкай народнай рэспублікі. Адначасна яны вядуць перамовы з сілавікамі. Сілавікі яшчэ ранкам прапанавалі ім пакінуць будынак і здаць зброю. Яны на гэта не пагадзіліся і сказалі, што прынцыпова ня будуць пакідаць памяшканьне. У горадзе працуе актыкрызісны штаб на базе МУС і іншых сілавых структураў. Людзі ў абласной адміністрацыі рыхтуюцца да вечаровага ці начнога штурму.

Дракахруст: Якая прапорцыя мясцовых людзей і людзей з Расеі сярод удзельнікаў забурэньняў у Данецку?

Дубава: Мы ня можам падлічыць дакладна, але дакладна вядома, што пэўныя лідэры гэтых забурэньняў — грамадзяне Расеі. Калегі ідэнтыфікавалі іх празь інтэрнэт і фатаграфіі ў сацыяльных сетках. Але частка ўдзельнікаў гэтай акцый — з Данецку, а яшчэ частка — з Данецкай вобласьці. Гэтыя апошнія не арыентуюцца ў горадзе, але ў іх мясцовая гаворка і яны выглядаюць, як жыхары невялікіх дэпрэсіўных мястэчак Данеччыны.

Дракахруст: Удзельнікі прарасейскіх груповак стварылі «рэспубліку», дамагаюцца рэфэрэндуму, гавораць пра далучэньне да Расеі. Але я чытаў заяву мэра Данецку Лук’янчанкі, які кажа, што прычына пратэстаў — нежаданьне Кіева прыслухоўвацца да цалкам легітымных пажаданьняў вобласьці і гораду, якія не замахваліся на тэрытарыяльную цэласнасьць краіны. Данецкая рэспубліка, далучэньне да Расеі — гэта рэальная мэта ініцыятараў і ўдзельнікаў забурэньняў ці «пазыцыя запыту», маўляў, калі вы ня выканаеце набор нашых патрабаваньняў, мы пойдзем у Расею? Ці ўсё ж яны хочуць у Расею безумоўна?

Дубава: Каб адказаць, мала глядзець на тое, што мы бачым на паверхні, трэба зазірнуць углыб. «Карцінка» — гэта шырма для больш цікавых перамоваў. І гэта ня толькі мая думка, але і многіх палітолягаў і аналітыкаў. У прыватнасьці, я магу спаслацца на Сяргея Ткачэнку, кіраўніка данецкага камітэту выбаршчыкаў Украіны, які займаецца палітычнымі пытаньнямі вобласьці шмат гадоў. Ён мяркуе, што вулічная «карцінка» створаная для таго, каб быў пэўны аргумэнт для мясцовай палітычнай эліты ў барацьбе за сфэры ўплыву. Бо пасьля ўцёкаў Януковіча ўсе разумеюць, што ня маюць гарантый, ўпэўненасьці ў сваёй будучыні. Я маю на ўвазе палітычную і бізнэсовую эліту вобласьці. Ноччу на арэну выйшаў Рынат Ахмэтаў, самы вядомы бізнэсовец Данеччыны. «Карцінка» людзей, якія вельмі хочуць зьмяніць адміністрацыйную будову краіны — гэта толькі паверхня. А ў глыбіні — інтарэсы нашмат больш вузкія, чым паляпшэньне жыцьця ўсяго народу.

Дракахруст: Вы ўжо пачалі гаварыць пра Ахмэтава. Некаторыя мяркуюць, што ён ледзь не кіруе ўсімі гэтымі пратэстамі. А можа ён — такі ж закладнік абставінаў?

Дубава: Мы ня можа казаць пэўна. Няма прамых доказаў яго датычнасьці да сэпаратысцкага руху. Але ўначы ён прайшоў на перамовы з сэпаратыстамі разам з народным дэпутатам Міколам Леўчанкам, які ў свой час вывеў на арэну Паўла Губарава — самаабвешчанага губэрнатара Данеччыны. Менавіта зь ініцыятывы Губарава пачаўся захоп будынкаў, абвяшчэньне «народнай улады» і г.д. Што да Ахмэтава, то гэтыя сэпаратысцкія настроі могуць быць для яго козырам у рукаве ў гандлі з новай кіеўскай уладай за перападзел сфэраў уплыву.

Дракахруст: Наколькі сілавыя структуры, якія дзейнічаюць у Данецку, ляяльныя ўкраінскай уладзе, Кіеву? У Харкаве міністар МУС Авакаў звольніў траціну міліцыянэраў. Ходзяць чуткі, што ў Данецк перакідаюцца атрады Правага сэктару, гаворыцца нават пра нейкіх амэрыканскіх наймітаў.

Дубава: Правага сэктару і амэрыканскіх наймітаў я тут на свае вочы ня бачыла. Улады іх прысутнасьць абвяргаюць. Што да мясцовых сілавікоў, то мясцовая міліцыя даўно заняла пазыцыю чаканьня. Пра тое, што яна ляяльная да сэпаратыстаў, гаворыць шмат фактаў. Лідэры гэтага руху, якіх яна затрымлівае, праз хуткі час ізноў зьяўляюцца на волі і ўдзельнічаюць у мітынгах. Шараговыя міліцыянэры, стоячы ў ачапленьні і ахоўваючы будынкі, носяць пад формай георгіеўскія стужкі. Гэта шмат пра што гаворыць. Да сёньняшняй ночы нашы сілавыя структуры не працавалі актыўна. Мне здаецца, што антытэрарыстычная апэрацыя, якая адбылася сёньня ноччу, па вызваленьні будынку ўправы службы бясьпекі ў Данецку, — гэта заслуга не мясцовай міліцыі, а сілавікоў зь іншых рэгіёнаў. Пра гэта казаў і спадар Авакаў.

Ня ведаю, ці можна разьлічваць на ляяльнасьць данецкай міліцыі. І жыхары гораду, і ўдзельнікі праўкраінскіх мітынгаў разумеюць, што міліцыя прыхільна ставіцца да сэпаратыстаў. Апошнія да нядаўняга часу пачувалі сябе настолькі свабодна і адчувалі такую беспакаранасьць, што гэта таксама паказчык іх дачыненьняў зь міліцыяй. Кіраўніка міліцыі ў мінулым месяцы замянілі, але цяперашні — былы кіраўнік службы бясьпекі ў адной зь фірмаў Ахмэтава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG