Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад прарасейскіх сэпаратыстаў: Данецк, Харкаў, Луганск


Прарасейскія сэпаратысты захапілі будынкі абласных дзяржаўных адміністрацый у Данецку, Харкаве, будынак СБУ і абласной управы Нацбанку ў Луганску.

Сэпаратысты ўмацоўваюцца і плянуюць новыя наступы. Міністар унутраных спраў Ўкраіны Арсен Авакаў абяцае дзейнічаць у адказ жорстка, але без праліцьця крыві.

Арсен Авакаў перакананы, што дзеяньні сэпаратыстаў арганізавалі і аплацілі прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і экс-прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч.

Данецк



У Данецку сэпаратысты пераначавалі ў памяшканьні абласной рады, забарыкадаваліся там шынамі і мэбляй, выгналі з будынку журналістаў і міліцыянтаў. Ля будынку ўсю ноч было каля 200-300 чалавек. Пры гэтым ноч прайшла досыць спакойна — міліцыя і СБУ не пайшла на штурм.

Сэпаратысты, якія напярэдадні захапілі будынак, паставілі ультыматум дэпутатам абласной рады па правядзеньні ўначы пазачарговай сэсіі, у адваротным выпадку яны хочуць сабраць дэлегатаў з гарадоў вобласьці для стварэньня ўласнай рады.

Дэпутаты не сабраліся, таму чакаецца, што ў 12:00 у аблраду паспрабуюць зьвезьці прадстаўнікоў з рэгіёнаў і прызначыць свой рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі. Як заяўлялі самі актывісты-сэпаратысты, асноўная мэта — пратрымацца ў будынку 48 гадзін. Пры гэтым, міліцыя не спрабавала вярнуць будынак. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, па горадзе пад раніцу бачылі групы маладых па 2-3 чалавекі ці то з бітамі, ці то са сталёвымі прутамі.

Мяркуючы па адным з каналаў радыёсувязі, якім карыстаюцца сэпаратысты, яны заклікаюць людзей з Харкава і Луганска прыехаць у Данецк для падтрымкі. Акрамя таго, з размоваў на тым жа канале стала вядома, што з расейскага горада Краснадара хочуць адправіць каля тысячы чалавек у Данецк. Таксама ўначы абмяркоўвалі пляны захапіць адзін з мясцовых тэлеканалаў. Хоць сэпаратысты пакуль сышліся на тым, што ня маюць кваліфікацыі, каб уласнаручна наладзіць ўсё абсталяваньне для выхаду ў жывы эфір. Аднак канчаткова ідэю не пакінулі.

Пазыцыя міліцыянтаў да гэтага часу незразумелая, нямала жыхароў Данецка расчараваліся ў праваахоўніках, бо яны не перашкаджаюць сэпаратыстам у штурме будынкаў, больш за тое — яны нікога не затрымліваюць на месцы. Прыхільнікі Расеі паведамілі, што два дзесяткі міліцыянтаў засталіся з актывістамі ў будынку. Пры гэтым афіцыйна міліцыя заяўляе, што застаецца на баку закона. Ёсьць таксама іншая вэрсія паводзін сілавікоў, агучаная імі ж — прадухіленьне эскаляцыі канфлікту і гвалту. Менавіта таму, паводле вэрсіі МУС, данецкая міліцыя так лёгка здае дзяржаўныя будынкі і іншыя аб’екты.

Харкаў


Пасьля 21 гадзіны ўчора ў Харкаве прарасейскія сэпаратысты таксама захапілі будынак абласной адміністрацыі і вывесілі над ёю расейскі сьцяг.

У панядзелак у Харкаве заплянаваны дзьве акцыі пратэсту супраць дзеяньняў сэпаратыстаў у горадзе.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, каля 8 гадзін раніцы «ляжачы пікет» адбудзецца ля будынка абласнога ўпраўленьня міліцыі. Прыкладна ў такі ж час заплянаваны мітынг супраць акупацыі перад абласной адміністрацыяй.

Паводле карэспандэнта Радыё Свабода, сэпаратысты правялі ноч у будынку Харкаўскай абласной адміністрацыі.

На раніцу панядзелка яны паабяцалі не прапускаць новапрызначанае кіраўніцтва, замест таго дазваляць праходзіць у памяшканьне прадстаўнікам папярэдняй улады, якая належала да каманды цяперашняга кандыдата ў прэзыдэнты Міхаіла Добкіна.

Мясцовая міліцыя, якая не змагла перашкодзіць нядзельным захопу будынка, пакуль у сытуацыю не ўмешваецца.


Луганск



Тым часам луганскія сэпаратысты захапілі філіял Нацбанку.

Тры тысячы добра падрыхтаваных актывістаў захапілі філіял НБУ ў Луганскай вобласьці

Ёсьць сігналы аб падрыхтоўцы захопу іншых стратэгічных аб’ектаў у горадзе. На вуліцах Луганска ўзводзяцца барыкады, да сэпаратыстаў падвозяць таварныя кантэйнэры з невядомым зьмесьцівам.

У Луганску СБУ вызваліла з-пад варты шэсьць сэпаратыстаў, іх перадалі прарасейскім актывістам.

6 красавіка пад час прарасейскага мітынгу ў Луганску радыкальна настроеныя актывісты захапілі кіраваньне СБУ. Мітынгоўцы прабраліся на другі паверх будынка і білі вокны цаглінамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG