Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон ЗША аб падтрымцы Ўкраіны: каму — грошы, каму — санкцыі


Асноўны зьмест амэрыканскага закона аб падтрымцы Ўкраіны.

3 траўня прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў Закон 4152, поўная назва якога «Акт у падтрымку сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, дэмакратыі і эканамічнай стабільнасьці Ўкраіны». Падаем пераказ асноўных палажэньняў закона, падрыхтаваным украінскай службай «Голасу Амэрыкі».

У прэамбуле закона тлумачацца асновы палітыкі ЗША ў дачыненьні да сытуацыі ва Ўкраіне і агрэсіі з боку Расеі.

А менавіта — ЗША асуджаюць неапраўданае ваеннае ўмяшаньне Расеі ў Крым і яе далейшую акупацыю рэгіёну, як і ўсе іншыя формы палітычнай, эканамічнай і ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

ЗША сьцьвярджаюць сваю прыхільнасьць да Будапэшцкай Дамовы і патрабуюць ад Расеі, аднаго з падпісантаў дакумэнта, вызваленьня ваенных аэрадромаў і іншых мясцовасьцяў Крыму і вяртаньня сваіх вайсковых частак у месцы іх сталай дыслякацыі.

ЗША абавязваюцца працаваць з партнэрамі па ЭЗ і НАТО, каб пераканацца, што ўсе краіны паважаюць ды не падрываюць незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, а таксама — каб даць усю неабходную эканамічную падтрымку Ўкраіне.

Злучаныя Штаты бачаць сваёй палітычнай місіяй падтрымку Ўкраіны на шляху эўраінтэграцыі, уключна з падпісаньнем пагадненьня аб асацыяцыі.

ЗША гатовыя дапамагаць Украіне ў перамовах з МВФ, у правядзеньні выбараў 25 траўня, прыцягненьні да адказнасьці ўсіх вінаватых у гвалце супраць мірных пратэстоўцаў, пачынаючы з 21 лістапада 2013 году, вярнуць актывы, выведзеныя зь бюджэту Ўкраіны Януковічам, яго сям’ёй і іншымі былымі і цяперашнімі чальцамі ўкраінскага ўраду.

Злучаныя Штаты, як гаворыцца ў законе, асуджаюць дзеяньні Расеі, накіраваныя на падрыў шчыльных сувязяў Украіны, Малдовы, Літвы і іншых краінаў з ЭЗ, а таксама — працяглую практыку фізычнай і эканамічнай агрэсіі ўраду РФ супраць суседніх краінаў.

ЗША пацьвярджаюць сваю гатоўнасьць узмацніць супрацоўніцтва і дапамогу ў сфэры бясьпекі з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Эўропы ў рамках НАТО, выканаць, пры неабходнасьці, артыкул 5 Паўночнаатлянтычнай дамовы, шукаць шляхі памяншэньня энэргетычнай залежнасьці гэтых краінаў і забясьпечыць далейшую дамінантную пазыцыю ЗША ў МВФ для таго, каб фонд працягваў мець дастаткова рэсурсаў, каб дапамагчы Ўкраіне правесьці неабходныя структурныя рэформы і пазьбегнуць патэнцыйна сур’ёзнага фінансавага крызісу ва Ўкраіне.

Дапамога


Паводле гэтага закона, урад ЗША прадастаўляе дзяржаўныя гарантыі на крэдыты ва Ўкраіне. Дарэчы, у самім законе пра 1 мільярд ня згадваецца, але вядома, што гаворка ідзе менавіта пра гэтую суму.

Заканадаўцы ўсклалі на Дзяржаўны дэпартамэнт адказнасьць у супрацоўніцтве зь Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам эканомікі ў тым, каб дапамагчы ўкраінскаму ўраду знайсьці і вярнуць актывы, зьвязаныя з карупцыйнымі дзеяньнямі Віктара Януковіча, яго «Сям’і» і ўкраінскіх чыноўнікаў ды іх хаўрусьнікаў. З гэтай мэтай прапануецца выкарыстоўваць ужо існыя праграмы, уключна з Ініцыятывай па вяртаньні актываў карумпаваных чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі ( Kleptocracy Asset recovery Initiative of the Department of Justice), а таксама ў супрацоўніцтве з усімі адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі, у тым ліку з Інтэрполам.
[10:30:12 AM] KalinovskyV: Законам, празь Дзяржаўны дэпартамэнт, выдаткоўваецца 50 мільёнаў даляраў на праекты па падтрымцы дэмакратыі па наступных напрамках:

• Паляпшэньне дэмакратычнага кіраваньня, празрыстасьці, падсправаздачнасьці, вяршэнства права і барацьбы з карупцыяй;

• Дапамога намаганьням ураду ва ўзмацненьні адзінства паміж людзьмі розных рэгіёнаў;

• Правядзеньне выбараў;

• Дывэрсыфікацыя эканомікі Ўкраіны, яе гандлю і пастаўкі энэргіі;

• Узмацненьне дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці;

• Павелічэньне доступу да незалежных СМІ ды абарона журналістаў і грамадзкіх дзеячаў, якія станавіліся мішэньню праз сваю дзейнасьць, зьвязаную з данясеньнем інфармацыі;

• Падтрымка эканамічных і палітычных рэформаў краінаў Усходняга партнэрства;

• Падтрымка намаганьняў ўраду, нацыянальных і міжнародных арганізацыяў, накіраваных на ўзмацненьне ролі жанчын у грамадзтве і пераадоленьне гвалту ў дачыненьні да жанчын і дзяўчат ва Ўкраіне, як таксама — уключэньне жанчын у любыя перамовы па аднаўленьні бясьпекі, незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны;

Яшчэ 100 мільёнаў даляраў выдаткоўваецца на ўзмацненьне ваеннага супрацоўніцтва ЗША з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, уключаючы Ўкраіну. А менавіта — прадастаўленьне ваеннай дапамогі, трэніроўкі і правядзеньня рэформы войска, разьведкі і сілаў спэцпрызначэньня.


Санкцыі


Санкцыі ўводзяцца супраць наступных катэгорыяў асобаў:

• Якіх-кольвек асобаў (уключна зь дзейнымі і былымі чыноўнікамі ўкраінскага ўраду, а таксама асобаў, якія дзейнічалі па іх даручэньнях), вінаватых у выдачы загадаў, кантролю і арганізацыі актаў гвалту або значнага парушэньня правоў чалавека супраць удзельнікаў антыўрадавых пратэстаў, якія пачаліся пасьля 21 лістапада 2013 году. (Прычым вызначае гэта, як і ва ўсіх наступных катэгорыях, ня суд, а Прэзыдэнт ЗША, на практыцы — амэрыканскі ўрад).

• Любыя асобы, вінаватыя ў арганізацыі мерапрыемстваў з мэтай падрыву міру, бясьпекі, стабільнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, уключна з актамі эканамічнага шантажу.

• Любога чыноўніка ва ўрадзе Расеі ці яго/яе блізкага саўдзельніка або члена сям’і, адказнага або датычнага да карупцыі ў буйных маштабах ва Ўкраіне або ў Расеі, уключна з прысваеньнем прыватных ці дзяржаўных актываў у мэтах асабістай выгады, карупцыі, зьвязанай зь дзяржаўнымі кантрактамі або незаконнай здабычай прыродных выкапняў, хабарніцтва ці дапамогі ў вывазе за мяжу сродкаў, атрыманых у выніку карупцыі.

• Любы, хто матэрыяльна спрыяў, дапамагаў любым іншым чынам у зьдзяйсьненьні ўчынкаў, апісаных вышэй.

Супраць усіх гэтых асобаў у рамках накладзеных санкцыяў будуць прымяняцца дзеяньні па блякаваньні і забароне на ўсе трансакцыі ў дачыненьні да ўсёй уласнасьці і інтарэсаў, калі гэта ўласнасьць знаходзіцца на тэрыторыі ЗША або пад кантролем асобы ў ЗША; адмене існай амэрыканскай візы і забароне на выдачу новай. Пад дзеяньне ўсе гэтых санкцыяў таксама патрапіць і асоба, якая паспрабуе дапамагчы абыйсьці гэтыя санкцыі. Выключэньнем зьяўляецца імпарт у ЗША, прыезд асобы ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў мерапрыемствах на тэрыторыі штаб-кватэры ААН, калі ўезд гэтай асобы на тэрыторыю Злучаных Штатаў — у інтарэсах бясьпекі саміх ЗША.

Асобна закон ускладае на Міністэрства абароны абавязак штогод даваць справаздачу перад Кангрэсам на працягу наступных 6 гадоў па стратэгіі і стану расейскай Арміі і Флёту, па сытуацыі зь бясьпекай у рэгіёне, па плянах Масквы, яе ваеннай дактрыны, па разьвіцьці яе ядзернай і касьмічных праграмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG