Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 3 красавіка: Пан Гі Мун у Празе, новае лідзкае піва ў Менску


Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце і гісторыі.

У Ватыкане заплянаваная сустрэча Папы Францішка з брытанскай каралевай Лізаветай.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун прыбудзе з візытам у Прагу, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам Чэскай рэспублікі, наведае парлямэнт і Карлаў унівэрсытэт.

У Менску — бізнэс-форум з удзелам беларускіх і польскіх бізнэс-колаў.

У Нацыянальнай бібліятэцы пройдзе галіновая канфэрэнцыя крамаў e-trade.

Акцыянэрнае таварыства «Лідзкае піва» прадставіць свой новы брэнд у сталічным рэстаране «Дольчэ віта». Пачатак а 15-й гадзіне.

У клюбе TNT адбудзецца прэс-канфэрэнцыя брытанскага рок-музыкі, гітарыста, вакаліста, аўтара песьняў, прадусара, удзельніка легендарнага гурту Uriah Heep Кена Хэнсьлі. Пачатак а 16-й.
Таксама ў гэты дзень

1793 — створаная Менская губэрня.

1922 — Іосіф Сталін быў выбраны генэральным сакратаром Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў).

1940 — чорная дата ў гісторыі сталінскага СССР і Беларусі. У гэты дзень аддзелы НКВД пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах. Агульны лік ахвяраў 16 тысяч. Сярод расстраляных было шмат беларусаў-вайскоўцаў. У адных толькі Курапатах было замардавана каля 5 тысячаў ваеннапалонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі. Адзін з палонных, якому дзівам пашчасьціла выжыць — пісьменьнік Юзэф Чапскі — назваў пасьля гэтага сталінскую Расею «бесчалавечнай зямлёй».

1981 — у Менску заснаваны Літаратурны музэй Максіма Багдановіча. Пасьля шматгадовага існаваньня 1 красавіка сёлета багдановічаў музэй афіцыйна перайшоў у разрад філіі Дзяржаўнага музэя гісторыі беларускай літаратуры.

1991 — у Менску пачаўся страйк работнікаў менскіх заводаў з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі.

2008 — з 2 на 3 красавіка ў Менску была пасьпяхова праведзеная першая ў Беларусі апэрацыя перасадкі нырак.

У гэты дзень нарадзіліся:

1885 — Барыс Вількіцкі, дасьледчык Арктыкі, гідрограф-геадэзіст беларускага паходжаньня.

1937 — Іван Антановіч, беларускі палітык і дыплямат, прафэсар філязофіі. Быў загадчыкам аддзелу культуры ЦК КПБ. Паводле Алеся Адамовіча, яму належыць фраза: «Калі ў выніку ядзернай вайны паміж СССР і ЗША на плянэце застанецца толькі адзін чалавек — галоўнае, каб гэта быў наш, савецкі чалавек». Пры Лукашэнку займаў пасаду міністра замежных спраў.

У гэты дзень памерлі:

1973 — Анатоль Марцінкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускага баскетболу.

1980 — Леанід Галяк, юрыст, журналіст, дзеяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

2003 — Алег Табола, удзельнік маладзёвага антысавецкага падпольля ў Глыбокім, вязень ГУЛАГу.
Цытата на памяць

«У чэкістаў ёсьць толькі два шляхі — на вылучэньне або ў турму.»
Ёсіф Сталін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG