Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты: «Трэба чакаць падзеньня гандлю з Украінай на 20–30%».


На сустрэчы ў Гомельскай вобласьці Аляксандар Лукашэнка і выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандар Турчынаў, як паведамляюць афіцыйныя СМІ, запэўнілі адзін аднаго, што «бакам удалося дамовіцца па ўсіх пытаньнях, і, у прыватнасьці, у сфэры гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва». Украіна — другі гандлёва-эканамічны партнэр для Беларусі пасьля Расеі. Але палітычны крызіс ва Ўкраіне і падзеньне курсу грыўні ўдарылі па эканоміцы Беларусі. Ці ўдасца аднавіць гандлёва-эканамічныя сувязі?

Аснова беларускага экспарту ва Ўкраіну — нафтапрадукты (да 75%) і калійныя ўгнаеньні. Беларусь таксама пастаўляе ў суседнюю краіну грузавыя аўтамабілі, трактары, цягачы, лядоўні, маразільнікі, шыны, вырабы лёгкай прамысловасьці. Летась у параўнаньні з 2012 годам экспарт скараціўся на траціну. А пастаўкі бэнзіну за першыя два месяцы зьменшыліся ў параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам на 38%, дызпаліва — на 10%.

Паводле інфармацыі ўкраінскай кансалтынгавай групы кампаніяў «А-95», пакуль афіцыйнай статыстыкі за апошнія месяцы няма. Яна чакаецца ў сярэдзіне красавіка. Але, паводле апытаньня ўдзельнікаў рынку, за сакавік прагназуецца зьніжэньне паставак бэнзіну і нафтапрадуктаў ва Ўкраіну зь Беларусі на 25–30%.

На думку дырэктара «А-95» Сяргея Куюна, шмат што залежыць якраз не ад Беларусі, а ад Украіны. Бо ва Ўкраіне фінансавая сытуацыя досыць цяжкая:

«Гэта сьведчыць пра тое, што Ўкраіна будзе вымушана зацягваць паясы. Я мяркую, што будзе сур’ёзнае скарачэньне спажываньня нафтапрадуктаў. За няпоўныя пару месяцаў цэны на нафтапрадукты павысіліся на 25–30%. Натуральна, на фоне таго, што грошай у людзей больш ня стала, канечне, гэта прывядзе да сур’ёзнага скарачэньня спажываньня. А значыць, будуць ня так купляць паліва, і ў Беларусі таксама».

На думку эканаміста, кіраўніка Цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, асноўная прычына, чаму Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандрам Турчынавым, — гэта неабходнасьць удакладніць пазыцыі па нафтапрадуктах:

«Ня факт, што з новымі ўладамі беларусы змогуць дамовіцца гэтаксама, як і са старымі. Яму трэба было даведацца пра сытуацыю, паабяцаць нешта, таму што Ўкраіна — тая дзяржава, дзе ня рынкавыя мэханізмы дзейнічаюць, а намэнклятурныя дамоўленасьці. Такім чынам, тут ня толькі мэсыдж, што Аляксандар Лукашэнка хоча быць міратворцам, а жаданьне захаваць прынамсі той аб’ём гандлю нафтапрадуктамі, які быў зафіксаваны ў 2013 годзе. Калі ўдасца на 4 мільярды даляраў выйсьці, гэта будзе посьпех. Але я лічу, што нам трэба чакаць падзеньня гандлю з Украінай на 20%».

«Белнафтахім» і Беларуская нафтавая кампанія афіцыйных камэнтароў не даюць. Але, паводле інфармацыі ўкраінскай кансалтынгавай групы кампаніяў «А-95», нягледзячы на зьніжэньне аб’ёмаў паставак, беларусы пастаянна спрабуюць падняць цэны, кажа Сяргей Куюн:

«Гэта было б зразумела, калі гэта рабілі б расейскія давальцы. Але мы бачым, што і Беларуская нафтавая кампанія робіць пэўныя захады па павелічэньні цаны на дызэльнае паліва. Было пару прэцэдэнтаў у сакавіку. Вось гэта не зусім зразумела. Украіна і так плаціць кошты вышэйшыя, чым любы іншы спажывец беларускай прадукцыі. Я думаю, што будзе ўсё ж такі затуханьне нашага міждзяржаўнага гандлю».

А вось былы прэм’ер-міністар Украіны, а цяпер народны дэпутат Вярхоўнай Рады Анатоль Кінах аптымізму не губляе:

«Шалупіньне зьляціць, а давер, дружбу, якія каваліся стагодзьдзямі, наша задача — захаваць. Я думаю, што зараз у нас такі часовы складаны пэрыяд. Таму што Беларусь, гэтаксама як і Ўкраіна, зацікаўленая ў дывэрсыфікацыі экспарту, улічваючы, што нашы эканомікі — і беларуская, і ўкраінская — зьяўляюцца экспартна-арыентаванымі эканомікамі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG