Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама: Мы ня будзем весьці вайну з Расеяй, але яна будзе ізаляваная


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама, выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Гаазе пасьля саміту па ядзернай бясьпецы заявіў: «Я не цікаўлюся матывацыяй прэзыдэнта Пуціна — гэтаму ёсьць розныя тлумачэньні, я цікаўлюся ягонымі дзеяньнямі».

Абама падкрэсьліў, што гістарычныя сувязі паміж Расеяй і Ўкраінай не апраўдваюць дзеяньняў Масквы ў дачыненьні да Ўкраіны, у прыватнасьці, анэксіі Крыму. Ён таксама выказаў занепакоенасьць далейшымі дзеяньнямі Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і папярэдзіў, што Расею могуць чакаць дадатковыя санкцыі, якія «могуць аказаць нэгатыўнае ўзьдзеяньне на сусьветную эканоміку, але нашмат больш сур’ёзна ўдараць па Расеі».

Абама нагадаў, што пакуль ўведзеныя ў дзеяньне санкцыі ў дачыненьні да канкрэтных асобаў і аднаго банку. Але, калі Расея «пойдзе далей» ва Ўкраіне, то могуць быць уведзеныя ў дзеяньне больш шырокія санкцыі, мэтай якіх стануць «сэктары расейскай эканомікі».

Прэзыдэнт ЗША апісаў сытуацыю наступным чынам: «Міжнародная супольнасьць па вялікім рахунку не прызнае анэксію Крыму. Відавочны факт, што расейскія вайскоўцы кантралююць Крым. Ёсьць людзі ў Крыме, якія падтрымліваюць гэты працэс. Ня варта чакаць, што яны будуць выціснутыя пры дапамозе сілы. Мы будзем ужываць юрыдычныя і дыпляматычныя аргумэнты, палітычны ціск, эканамічныя санкцыі, якія ўжо дзейнічаюць»
Мы ня будзем весьці вайну з Расеяй. Але гэта ня значыць, што яна ня будзе ізаляваная. Расея сёньня нашмат больш ізаляваная, чым у часе вайны з Грузіяй

«Усе разумеюць, што мы павінны абараняць ключавыя прынцыпы міжнароднага права, якія гарантуюць мір і дабрабыт у Эўропе», — сказаў прэзыдэнт ЗША. Ён заклікаў Расею дзейнічаць адказна і выконваць міжнародныя правілы. Ён падкрэсьліў, што мае намер рабіць стаўку на дыпляматыю.

Прэзыдэнт Абама падкрэсьліў вернасьць Злучаных Штатаў абавязацельствам перад іх саюзьнікамі ў Паўночнаатлянтычным альянсе, ён наўпрост прыгадаў 5-ы артыкул статуту НАТА, які прадугледжвае калектыўную абарону ад нападу на любога чальца альянсу.

Кажучы пра Ўкраіну, Абама сказаў, што будуць прыкладзеныя ўсе намаганьні для дапамогі ўкраінскай эканоміцы і для правядзеньня выбараў.

«Мы ня будзем весьці вайну з Расеяй, — заўважыў Абама. — Але гэта ня значыць, што Расея ня будзе ізаляваная. Расея сёньня нашмат больш ізаляваная, чым пяць гадоў таму, у часе вайны з Грузіяй».

Камэнтуючы вядомае выказваньне былога кандыдата ў прэзыдэнты ЗША Міта Ромні, які сказаў, што «Расея — галоўны геапалітычны супернік Амэрыкі», Абама адзначыў: «Амэрыка сутыкаецца з многімі выклікамі. Расея — рэгіянальная сіла, якая пагражае некаторым сваім суседзям. Але гэта не праява сілы, а праява слабасьці. Ва Ўкраіне ў Расеі быў неверагодны ўплыў на працягу дзесяцігодьздзяў, з моманту распаду Савецкага Саюзу. Калі мы гаворым пра нашых суседзяў, нам ня трэба ўрывацца на іх тэрыторыю, каб абараніць свае інтарэсы. Дзеяньні Расеі не ўяўляюць пагрозы нумар адзін для бясьпекі ЗША. Я нашмат больш сур’ёзна стаўлюся да таго, што ядзерная зброя апынецца на Мангэтане».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG