Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квіткі купяць, а на хакей — ня пойдуць


Даўгабуд «Чыжоўка Арэны» дагэтуль даводзяць да ладу
Даўгабуд «Чыжоўка Арэны» дагэтуль даводзяць да ладу

Роўна празь месяц, ад 25 красавіка, Беларусь адкрые межы для заўзятараў, якія захочуць прыехаць на чэмпіянат сьвету па хакеі.

На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі да канца траўня іншаземцам, якія ўяжджаюць па квітках на любы з матчаў усясьветнага першынства, не спатрэбіцца віза і мэдычная страхоўка, а грамадзкі транспарт будзе перавозіць іх па Менску бясплатна. Тым часам многія жыхары суседніх краінаў разглядаюць спартовае мерапрыемства выключна як спосаб наведаць сваякоў, набыўшы ў інтэрнэце квіток за сымбалічныя 10 даляраў.

Адсутнасьць межаў з Расеяй дае падставу меркаваць, што расейская публіка будзе складаць асноўную масу заўзятараў. А калі ўлічыць, што адкрыцьцё чэмпіянату прыпадае на 9 траўня, можна не сумнявацца, што на хвалі крымскай эўфарыі ўсходнюю тарсіду будзе лёгка распазнаць па паласатых жоўта-чорных «бантах».

Але зьбіраюцца ў Беларусь і іншыя суседзі: перадусім латышы, якія прыедуць падтрымаць сваю зборную, а таксама літоўцы, палякі. Для апошніх, калі праманіторыць інтэрнэт-прастору, чэмпіянат нярэдка служыць проста нагодай, каб трапіць сюды бязь візы. Студэнтка з Кракава Гражына Выжыкоўска мае сваякоў у Лідзе і разам з бацькамі праверыць мяжу на бязьвізавасьць ужо пры канцы красавіка. Праз апэратара Ticketpro набытыя электронныя квіткі на «сечу» Італія — Нарвэгія, кожны абышоўся менш як у 10 даляраў. Кажа, што лік такіх «заўзятараў» ідзе нават не на сотні:
Сымбаль чэмпіянату Волат пазірае літаральна адусюль
Сымбаль чэмпіянату Волат пазірае літаральна адусюль
«З боку палякаў вельмі вялікае зацікаўленьне, бо чэмпіянат прыпадае якраз на прамежак паміж Вялікаднем і травеньскімі сьвятамі. Шмат людзей, калі даведаліся, што можна ўехаць у Беларусь бязь візы, хочуць скарыстацца з такой магчымасьці, каб перадусім наведаць сваякоў. У Фэйсбуку ствараюцца розныя групы, у якіх абмяркоўваецца, на які матч лепш купіць квіткі, як можна выехаць, якія дакумэнты пры гэтым мець. Гаворка нават не пра сотні — пра тысячы людзей. Звычайная аднаразовая віза ў Беларусь каштуе 25 эўра, плюс да гэтага трэба яшчэ ўлічыць страхоўку — у выпадку, калі вы рыхтуеце дакумэнты асабіста. Але ў многіх няма такой магчымасьці, таму яны карыстаюцца паслугамі пасярэднікаў, якія дадаткова бяруць ад 150 злотых, у эквіваленце — 50 даляраў. То бок паездка ў Беларусь вымагае пэўных выдаткаў, хоць гэта і непараўнальна з тым, колькі плацяць беларусы. А на час чэмпіянату не патрэбныя ні віза, ні страхоўка, што спрашчае клопаты па афармленьні дакумэнтаў».

Многія аматары хакею зьбіраюцца ад’ехаць зь Беларусі адразу пасьля першатравеньскіх выходных, якія ў Польшчы вянчае Дзень Канстытуцыі 3 траўня, гэта значыць — яшчэ да пачатку чэмпіянату сьвету. Ці ня ўзьнікне праблемаў з такімі заўзятарамі на зваротным шляху? Мэнэджэр Дырэкцыі па правядзеньні чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году Пётар Рабухін запэўнівае: паколькі квіток — гэта своеасаблівая віза, то цягам месяца чалавек можа распараджацца сваім часам як заўгодна:
Адзінае, трэба мець на ўвазе такі нюанс: калі едуць двое дарослых і вязуць нават двухмесячнае дзіця, то на немаўля таксама павінен быць квіток

«Ну, можа быць і такое, мы ж не кантралёры, каб кагосьці лавіць ці адсочваць. Але ніякіх праблемаў зь вяртаньнем ня ўзьнікне — ці мала якія ў чалавека абставіны? Уяжджай да пачатку матча, як табе зручна, выяжджай таксама, калі захочаш. Калі ў цябе, прыкладам, квіток на 25 траўня, то можаш прыехаць сюды хоць 25 красавіка. Квіток — гэта практычна віза. Значыць, ты маеш права ўехаць у пэрыяд, дазволены паводле прэзыдэнцкага ўказу. Адзінае, трэба мець на ўвазе такі нюанс: калі едуць двое дарослых і вязуць нават двухмесячнае дзіця, то на немаўля таксама павінен быць квіток. То бок тры квіткі, а ня два. Тое ж тычыцца ўсіх дзяцей, бо яны таксама ўяжджаюць па дакумэнце. Але збольшага ніякіх праблемаў быць не павінна».

Арганізатары не бяруцца прагназаваць, колькі заўзятараў можа наведаць Беларусь цягам хакейнага чэмпіянату сьвету. Пасьля алімпійскага турніру ў Сочы цікавасьць да першынства, на якое паўночнаамэрыканская Нацыянальная хакейная ліга дэлегаваць сваіх гульцоў не зьбіраецца, аб’ектыўна невысокая. Не спрыяе папулярнасьці і імідж Беларусі як апошняй эўрапейскай дыктатуры — цягам усяго падрыхтоўчага пэрыяду неаднойчы паўставала пытаньне пераносу спаборніцтваў у іншую краіну з прычыны сыстэматычнага парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Зрэшты, верагоднасьць байкоту асобнымі фэдэрацыямі спаборніцтваў у зьвязку з акупацыяй Крыму бліжэйшым хаўрусьнікам Беларусі — Расеяй — застаецца дагэтуль.

Затое колькасьць патэнцыйных гасьцей і верагоднасьць таго, што сярод іх апынецца «пятая калёна», ацаніў у гутарцы з журналістамі Аляксандар Лукашэнка:

«Ніхто не паўплывае на правядзеньне чэмпіянату сьвету. Мы па самых высокіх усясьветных стандартах рыхтуемся арганізаваць бясьпеку нашых гасьцей. Не напружвайце абстаноўку і не спрабуйце мяне прыдушыць чэмпіянатам сьвету, ня трэба. Што можа здарыцца з намі, калі да нас прыедуць 10–20 тысяч замежнікаў, аматараў хакею, спорту? Мы прагматыкі, мы разумеем, што сярод іх будуць і правакатары, асабліва зь ліку журналістаў. А можа, пад імем журналістаў. Я гэта ведаю. Але ня трэба перабольшваць ролю чэмпіянату сьвету, як некаторыя заходнікі, брыдка нават чытаць: для Лукашэнкі вельмі важныя наступныя прэзыдэнцкія выбары, а яшчэ важнейшы — чэмпіянат сьвету. Так, важны чэмпіянат сьвету, так, важныя прэзыдэнцкія выбары. Але спрабаваць наступіць мне каленам на грудзі і выціснуць усё, што ёсьць унутры, немагчыма. Я ніколі гэтага не дазволю».

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што зробіць усё, каб не паўтарыць ганьбы папярэдніх гаспадароў першынстваў, калі арэны зеўралі напаўпустымі трыбунамі. На запаўненьне «дзірак» ужо мабілізаваныя школьнікі, студэнты, вайскоўцы, актывісты БРСМ. Дарэчы, за паўтара месяца да пачатку першынства квіткі на бальшыню матчаў групавога турніру ляжаць у вольным продажы, пэрыядычна выкідваюцца дадатковыя білеты і на паядынкі з удзелам грандаў — Канады, ЗША, Чэхіі, Швэцыі, Расеі.
XS
SM
MD
LG