Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Чэмпіянат па хакеі ня дзеля іміджу Лукашэнкі


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў Беларусі не асьцерагаюцца байкоту Чэмпіянату сьвету па хакеі, які ў траўні пройдзе ў Менску.

У інтэрвію агенцтву BNS Уладзімер Макей паведаміў, што накіраваныя запрашэньні кіроўным асобам суседніх зь Беларусьсю краін, а таксама дзяржаў, якія будуць удзельнічаць у чэмпіянаце.

«Мы выдатна разумеем сытуацыю, якая зьвязана з дэманізацыяй Беларусі ў эўрапейскай грамадзкай думцы і, магчыма, у амэрыканскай грамадзкай думцы. Але тым ня менш мы свой абавязак выканалі, а ўжо справа адпаведных кіроўных асоб — прыняць ці не прыняць удзел. Мы не разглядаем гэта як нейкі байкот зь іх боку».

Паводле Макея, на пэўным этапе з боку рознага кшталту арганізацый была спроба арганізаваць байкот чэмпіянату:

«Але, як бачыце, чэмпіянат адбудзецца. Я лічу, што гэта абсурдна дурная ідэя. Спорт павінен быць па-за палітыкай. І гэты чэмпіянат ладзіўся ня дзеля іміджу прэзыдэнта Лукашэнкі».

Міністар паведаміў, што ў віп-ложы «Менск-арэны» бальшыня месцаў ужо забраніравана. «Ёсьць ужо шэраг лідэраў, якія заявілі, што прыедуць. Больш за тое, адбудуцца дзяржаўныя і афіцыйныя візыты, прымеркаваныя да гэтага чэмпіянату».
XS
SM
MD
LG