Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаагская дэклярацыя ў падтрымку сувэрэнітэту Ўкраіны


Прэсавая служба Белага дому распаўсюдзтла поўны тэкст дэклярацыі па выніках учарашняй сустрэчы краін лідэраў «Вялікай сямёркі» ў Гаазе. Прыводзім поўны тэкст.

1. Мы, лідэры Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Італіі, Канады, Злучаных Штатаў Амэрыкі, Францыі, Японіі, старшыня Эўрапейскай рады і старшыня Эўрапейскай камісіі, сабраліся ў Гаазе, жадаючы пацьвердзіць нашу падтрымку сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Ўкраіны.

2. Міжнароднае права забараняе набыцьцё тэрыторыі іншай дзяржавы, часткова або цалкам, шляхам прымусу або прымяненьня сілы. Гэта парушае прынцыпы, на якіх пабудаваная міжнародная сыстэма. Мы асуджаем незаконны рэфэрэндум, праведзены ў Крыме ў парушэньне Канстытуцыі Ўкраіны. Мы рашуча асуджаем незаконную спробу Расеі анэксаваць Крым у парушэньне міжнароднага права і канкрэтных міжнародных абавязацельстваў. Мы не прызнаем ніводную з гэтых акцый.

3. Сёньня мы пацьвярджаем, што дзеяньні Расеі пацягнуць за сабой значныя наступствы. Гэта відавочнае парушэньне міжнароднага права — сур’ёзны выклік вяршэнству закона ва ўсім сьвеце — павінна выклікаць заклапочанасьць ва ўсіх дзяржаў. У адказ на парушэньне Расеяй сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а таксама з мэтай прадэманстраваць нашу рашучасьць адказаць на гэтыя незаконныя дзеяньні, мы ў індывідуальным або калектыўным парадку прымаем шэраг санкцыяў супраць Расеі і тых фізычных і юрыдычных асобаў, якія адказныя за гэтыя дзеяньні. Мы гатовыя узмацняць нашы дзеяньні, уключаючы скаардынаваныя санкцыі супраць асобных галінаў, якія будуць аказваць усё большы ўплыў на расейскую эканоміку ў выпадку, калі Расея працягне эскаляцыю сытуацыі.

4. Мы нагадваем Расеі аб яе міжнародных абавязацельствах, а таксама аб яе адказнасьці, у тым ліку і перад сусьветнай эканомікай. Перад Расеяй стаіць ясны выбар. Дыпляматычныя шляхі да дээскаляцыі сытуацыі застаюцца адкрытымі, і мы заклікаем ўрад Расеі скарыстацца імі. Расея павінна паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць і сувэрэнітэт Украіны, пачаць перамовы з урадам Украіны і скарыстацца прапановамі міжнароднага пасярэдніцтва і маніторынгу для ліквідацыі законных заклапочанасьцяў, якія ўзьнікаюць.

5. Выказаная Расейскай Фэдэрацыяй падтрымка спэцыяльнай місіі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе па вядзеньні маніторынгу ва Ўкраіне — крок у правільным кірунку. Мы зь нецярплівасьцю чакаем найхутчэйшага пачатку працы місіі, каб палегчыць магчымасьць дыялёгу на месцах, зьнізіць напружанасьць і нармалізаваць сытуацыю, і заклікаем ўсе бакі забясьпечыць сябрам спэцыяльнай маніторынгавай місіі бясьпечны доступ на ўсю тэрыторыю Ўкраіны для выкананьня свайго мандата.

6. Наша група была ўтвораная на базе адзіных прынцыпаў і адзінай адказнасьці. Дзеяньні Расеі ў апошнія тыдні ім не адказваюць. У цяперашніх абставінах мы ня будзем удзельнічаць у заплянаваным Саміце ў Сочы. Мы прыпыняем наша сяброўства ў «Групе васьмі» да таго часу, пакуль Расея ня зьменіць курс і абстаноўка зноў дазволіць праводзіць зьмястоўныя дыскусіі ў фармаце «Групы васьмі»; мы зноў сустрэнемся ў фармаце «Групы сямі» у вызначаны час, у чэрвені 2014 году ў Брусэлі, каб абмеркаваць сумесны шырокі парадак дня. Мы таксама далі распараджэньне нашым міністрам замежных спраў ўстрымацца ад удзелу ў нарадзе ў Маскве ў красавіку. Акрамя таго, мы вырашылі правесьці нараду міністраў энэргетыкі краінаў «Групы сямі» для абмеркаваньня шляхоў умацаваньня нашай калектыўнай энэргетычнай бясьпекі.

7. У той жа час мы цьвёрда падтрымліваем народ Украіны, які імкнецца да аднаўленьня адзінства, дэмакратыі, палітычнай стабільнасьці і эканамічнага росквіту сваёй краіны. Мы ўхваляем амбіцыйную праграму рэформаў, заплянаваную ўкраінскім урадам, і будзем падтрымліваць яе ажыцьцяўленьне ў пэрыяд, калі Ўкраіна імкнецца пачаць новую главу сваёй гісторыі на базе канстытуцыйнай рэформы на шырокай аснове, правядзеньня свабодных і сумленных прэзыдэнцкіх выбараў у траўні, абароны правоў чалавека і павагі нацыянальных меншасьцяў.

8. Цэнтральную ролю ў міжнародных намаганьнях, накіраваных на падтрымку рэформаў ва Ўкраіне, зьмяншэньне эканамічных цяжкасьцяў Украіны, больш поўную інтэграцыю краіны з рынкавай эканомікай у шматбаковую сыстэму, гуляе Міжнародны валютны фонд.

Мы рашуча падтрымліваем працу МВФ з украінскім кіраўніцтвам і заклікаем іх да яе хутчэйшага завяршэньня. Падтрымка з боку МВФ згуляе найважнейшую ролю ў выдаткаваньні дадатковай дапамогі з боку Сусьветнага банка, іншых міжнародных фінансавых арганізацыяў, ЭЗ і двухбаковых крыніцаў. Мы адзіныя ў імкненьні аказаць Украіне магутную фінансавую падтрымку, каардынаваць нашу тэхнічную дапамогу і прапанаваць дапамогу ў іншых галінах, уключаючы меры па пашырэньні гандлю і ўмацаваньні энэргетычнай бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG