Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: віна і гарэлкі — многа, а выбарнікаў мала


Участак № 46 у Першамайскім раёне — адзін зь нямногіх, дзе выбары ня проста альтэрнатыўныя. Тут балятуюцца чацьвёра кандыдатаў у дэпутаты гарсавету, і ажно пяцёра — у дэпутаты абласнога савету. Аднак выбарнікі не праяўляюць вялікай актыўнасьці.

Участак № 46 і яшчэ два суседнія месьцяцца ў віцебскай гімназіі № 8. Але сёньня на гімназічным двары зьбіраюцца купкамі пераважна пэнсіянэры. Прынамсі, большасьць тых, хто ідзе галасаваць — гэта людзі ўжо сталага веку, маладзейшых сустрэнеш рэдка.

Выключэньні бываюць хіба толькі тады, калі з гімназіі дасылаюць невядомых «агітатараў», каб прабегліся па бліжэйшых дамах вуліцы Чкалава ды нагадалі жыхарам пра галасаваньне. Тады на ўчастка прыходзяць адразу чалавек 5-6 з аднаго пад’езду, апавядае назіральніца Тацяна Севярынец:
Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец
«Прыбягаў чалавек, абураўся тым, што робіцца — што да яго дахаты прыйшлі нейкія людзі, змушаюць ісьці галасаваць.Ну, гэта ўжо, напэўна, гаротных настаўнікаў паслалі, даручыўшы кожнаму па пад’езду... бо то нікога няма, то адразу па некалькі чалавек, і з аднаго дому і пад’езду. Яшчэ прыходзіў чалавек, абураны тым, што ў школе прадаецца алькаголь Абураўся, бо тут дзеці — спэктакль для выбарцаў, дзіцячы канцэрт — і сьпіртное побач на разьліў. Але Грабоўская, дырэктар гімназіі і «Чалавек году Віцебску», сказала, што ў яе ёсьць дазвол, і што яна „служыць дзяржаве“, што яна „дзяржаўны чалавек“».

З Тацянай Севярынец давялося размаўляць за тэрыторыяй школы, бо за ёй на ўчастку асаблівы кантроль, і яна ўжо мае ад камісіі два папярэджаньні. За тое, што фатаграфавала падрыхтоўку да продажу алькагольных напояў, і за тое, што крыху перасунула свой стол, каб было лепей відаць працэс галасаваньня.

Назіральніца кажа, што ёй ужо палохаюць выбарцаў: калі чалавек прыходзіць, прыкладам, з двума пашпартамі, яму тлумачаць: «Ня можам выдаць вам бюлетэні на дваіх, бо ў нас назіральнікі». Але не ўсе назіральнікі сочаць за парушэньнямі, кажа спадарыня Тацяна:

«Пра нас так і кажуць: „У нас назіральнікі, таму нельга.“ Не таму, што заканадаўства не дазваляе, а таму, што ў нас назіральнікі! У мяне два міліцыянты стаяць за плячыма. Раней стаялі мэтраў за 10, а тут ужо за плячыма літаральна! Яшчэ я сфатаграфавала назіральніцу ад ГА БРСМ, якая прыйшла, села, і палезла ў інтэрнэт — яна рыхтавалася да нейкай віктарыны па біяграфіі Лукашэнкі. І нічога не назірала. А былі й такія, што прыйдуць, пасядзяць гадзінку ды зьбягаюць».

Да ўчастка прыпісаны 2 165 выбарцаў. Падчас датэрміновага галасаваньня ўдзел у выбарах узялі 389 чалавек паводле падлікаў назіральнікаў, або 399 — паводле падлікаў камісіі. Да абеду ў галоўны дзень галасаваньня прыйшлі яшчэ чалавек пад 400, гаворыць Тацяна Севярынец. Паводле яе меркаваньня, яўка невысокая: наўрад ці будзе больш за 50%.

Кандыдатка ў дэпутаты гарсавету і аблсавету Ірына Яскевіч прыехала на 46-ты ўчастак, каб на свае вочы паглядзець працэс галасаваньня. Яна апавяла, што выбарцы яе пазнаюць. І — зьдзіўляюць:
Ірына Яскевіч
Ірына Яскевіч
«Пасьміхаюцца, вітаюцца... Але адчуваецца, што ім усё адно, як галасаваць. Неаднаразова бачыла, як людзі кідаюць бюлетэні ў скрыню, а потым ідуць чытаць біяграфіі кандыдатаў. Гэта нейкі ўласны падыход, ніколі не думала, што такое можа быць!»

Супернікі прадстаўніцы АГП Ірыны Яскевіч на выбарах у гарадскі савет — гэта прыхільніца стварэньня партыі БХД, сябар партыі левых «Справядлівы сьвет» і галоўны інжынэр трамвайна —тралейбуснага ўпраўленьня Дзьмітрый Палякоў. У абласны савет разам са спадарыняй Яскевіч балятуюцца сябар ЛДПБ, сябар партыі БНФ, сябар партыі левых «Справядлівы сьвет» і дырэктар віцебскага філіялу прадпрыемства «Белтэлеком» Аляксандар Бохан.

Выбар вялікі, але вынік ужо відавочны, лічыць Ірына Яскевіч. Але некаторыя выбарцы аддаюць свае галасы за дэмакратычных кандыдатаў. Хлопец гадоў пад 25 надоўга спыніўся перад стэндам з партрэтамі, а потым рашуча зайшоў у кабіну. На ганках гімназіі ён паведаміў, што аддаў свой голас двойчы за аднаго чалавека — за лекара хуткай дапамогі, сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Аляксандра Вінаградава, які балятуецца ў абодва саветы:

«Так, прагаласаваў, і хачу сказаць: гэта шкодна — не хадзіць на выбары! Каб усе хадзілі, і галасавалі так, як я, то потым нас бы меней падманвалі!»


А вось Марына Ігараўна, маці двух дачушак, прыйшла зь дзецьмі проста пагуляць на гімназічны стадыён — на ўчастак для галасаваньня яна нават не заходзіла:

«Ужо даўно не хаджу на мясцовыя выбары. Лічу, што няма карысьці. Вось на прэзыдэнцкія — хаджу, каб потым быць пэўнай, што за дзейнага прэзыдэнта я не галасавала. Не галасавала я за яго, і ўсё! А мясцовыя выбары — што ад іх залежыць? Таго, каго ім трэба, тым выберуць і без мяне!».
Агітацыя па-віцебску
Агітацыя па-віцебску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG