Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар сувязі: Крым ня згубім


Міністэрства сувязі Беларусі гатова да чэмпіянату па хакеі і спакойнае за Крым.

Менскі паштамт сёньня гасіў маркі спэцыяльным штэмпэлем. У мяне з сабой гатовага ліста і капэрты не было, дык я паставіў на руку. З аднаго боку напісана «Сардэчна запрашаем!», далей па-ангельску: «Welcome to Belarus».


Міністар Папкоў Сяргей Пятровіч паведаміў, што сувязісты да хакейнага чэмпіянату гатовыя, і ў гэта лёгка было паверыць. У паштамт хоць зараз можна было ўкідваць шайбу — гладкая падлога, ганяй на роліках па колу.

Круглую залю паштамта мадэрнізавалі — паставілі электронны лічыльнік чаргі, яшчэ нейкую электроніку, у цэнтры павесілі дысплэй зь бягучай карцінкай, па коле расставілі канапы, прыгожы сьвяцільнік і вокны з вітражамі пакінулі, на шчасьце, бязь зьменаў, і запрасілі начальства і журналістаў на ўрачыстае адкрыцьцё.

Круглая заля мае сваю акустычную таямніцу: там ёсьць месца, як мікрафонны камень у грэцкім амфітэатры, скажаш шэптам — і чуваць паўсюль. Але над ім павесілі дынамікі і таму дакладна пра што гаварылі выступоўцы, перадаць не магу, скажу толькі, што гучала ўсё вельмі моцна, як на канцэрце heavy metal.


Таму я глядзеў па баках і лічыў галовы. Выходзіла так: сярод публікі на аднаго прысутнага мужчыну прыпадала дваццаць сувязістак. А вось начальства стаяла асобна, і там прапорцыя была адваротная. Пералічу як запомніў: дзяржаўны дэпутат, якога прадставілі намесьнікам старшыні камісіі па энэргетыцы, транспарце, прамысловасьці і сувязі, затым адмысловы дарадца Саўміну па сувязі, пасьля міністар, за ім — галава Ленінскага раёну Менску, потым яго кіраўнік спраў, і на іх пяцёх прыпала адна жанчына — начальніца Белпошты.


Хто тут вінаваты і што рабіць, адказ ведаюць толькі гендэрныя спэцыялісты, і то няправільны. Я памятаю, як на адной палітычнай лекцыі у сярэдзіне 80-х адна дзяўчына спыталася ў маскоўскага лектара, калі ж скончыцца вайна ў Аўганістане — маўляў, яе хлопец ужо месяц ня піша, яна хвалюецца.

— Так, недахопы ў нашай пошты яшчэ ёсьць, — мужна прызнаў госьць.

Сувязісты, трэба аддаць ім належнае, амаль усё робяць хутка. І прамовы былі кароткія, і стужку разрэзалі без траўмаў, і спэцгашэньне правялі так, што пазайздросьцілі б і пажарнікі.

Міністар Папкоў стаяў без аховы і я задаў яму актуальнае пытаньне, якое цікавіла мяне і нерасейскую частку чалавецтва з апошняй нядзелі: што ж будзе з Крымам? Адказ для цывільнага ведамства быў, як пішуць у мясцовых газэтах, нечакана чоткі і нават чаканны:

— Усе плыні паштовых адпраўленьняў ва Ўкраіну да цяперашняга часу хадзілі па тых маршрутах, якія былі раней падпісаныя ў пагадненьні паміж беларускай і ўкраінскай поштай. На цяперашні час непраходжаньня пошты ва Ўкраіну і канкрэтна ў Крым не было і пытаньняў па ўзаемнай аплаце — з боку беларускай пошты і з боку ўкраінскай пошты — пакуль не было. Ведаеце, цяпер ідзе працэс рэарганізацыі і ўваходжаньня Крыму ў Расейскую Фэдэрацыю. Калі гэты працэс будзе скончаны, беларуская пошта будзе адпрацоўваць пытаньні праходжаньня і трафікі праходжаньня карэспандэнцыі зь Беларусі.

Што будзе зь лістом, калі напісаць «Україна, Сімфэропаль», цікава, але пакуль невядома. Я ўзгадаў, што за савецкім часам з Крыму слалі пасылкі зь пэрсікамі, вінаградам і яго сваякамі.

— Садавіну па пошце не дасылаюць. Гэта тавар, які хутка псуецца і не падлягае перасылцы праз паштовыя адпраўленьні, так што гэта больш праблема гандлёвых сетак, якія закуплялі нейкія прадукты — гародніну, садавіну ў паўднёвых краінах. Гэта агульная праблема іх, але не «Белпошты».

Апошні сказ прагучаў і як адказ на пытаньне, якое я ўжо ня змог задаць: чаму суткамі ідуць і часам не даходзяць лісты за пяцьсот мэтраў, ад паштамта да Валадаркі і да Амэрыканкі. У якасьці станоўчага аспэкту адзначу, што некаторыя лісты і паштоўкі ад палітвязьняў даходзяць нават у Прагу.


Я выйшаў з самага прыгожага будынку на праспэкце Незалежнасьці, з гонарам думаючы пра ўклад беларускай пошты ў беларускую літаратуру: кнігамі выйшлі лісты Ларысы Геніюш, перапіска Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, рыхтуецца да выданьня том «Лісты на Свабоду»...

Я спусьціўся ў мэтро, узяўся за поручань. На руцэ чарнела, як татуіроўка, спэцгашэньне Менскага паштамту. Адзін пасажыр з наколкай, падобнай да ўзыходу сонца, з павагай паглядзеў на маю і саступіў месца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG