Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць Анатоля Лябедзькі сьведчылі актывісты БРСМ


Анатоль Лябедзька ў судзе ў майцы з надпісам «Свабоду палітвязьням»
Анатоль Лябедзька ў судзе ў майцы з надпісам «Свабоду палітвязьням»

Судзьдзя Савецкага райсуду Марыя Фёдарава прызнала старшыню АГП Анатоля Лябедзьку ўдзельнікам несанкцыянаванага пікету, а таксама вінаватым у дробным хуліганстве ды асудзіла палітыка на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

У самым пачатку працэсу Анатоль Лябедзька заявіў адвод судзьдзі на той падставе, што лічыць усіх «судзьдзяў Савецкага райсуду палітычнымі кілерамі», да таго ж, паводле Лябедзькі, «у Беларусі ўвогуле няма незалежнай судовай сыстэмы». Гэтае хадайніцтва судзьдзя Марыя Фёдарава адхіліла. Яна пагадзілася з просьбай Анатоля Лябедзькі заслухаць у якасьці сьведкі актывіста АГП Антося Жылку, які быў заяўнікам пікету 16 сакавіка каля Камароўскага рынку, на якім затрымалі Анатоля Лябедзьку і яшчэ 6 актывістаў АГП.

Антось Жылка засьведчыў, што як кандыдат у дэпутаты гарсавету падаваў заяўку на пікет і паказаў судзьдзі копію гэтай заяўкі. Таксама Антось Жылка пацьвердзіў, што тэмай пікету была барацьба за вызваленьне палітвязьняў і нагадваньне грамадзтву пра лёсы зьніклых палітыкаў. Паводле закону, гэтыя тэмы не забаронена падымаць падчас выбарчай кампаніі, казаў сьведка.

У суд для дачы паказаньняў былі выкліканыя таксама актывісты БРСМ Аляксей Марозік, Арцём Шакуля і Ўладзіслаў Мулярчык. Аляксей Марозік працуе на стаўцы другім сакратаром Савецкага райкаму БРСМ. Паводле Анатоля Лябедзькі, Марозік і раней замінаў правядзеньню дазволеных пікетаў АГП на плошчы каля Камароўскага рынку. «16 сакавіка ўсё паўтарылася. Марозік падышоў да нас з мэгафонам і пачаў сваю прапаганду на карысьць выбараў, чым перашкаджаў нам весьці нашу агітацыю», — згадаў Анатоль Лябедзька. Лідэр АГП, як ён сьцвярджае, не штурхаў і не абражаў актывіста БРСМ, але запатрабаваў ад яго адысьці. На гэта Аляксей Марозік заявіў суду, што Лябедзька лаяўся матам і спрабаваў пачаць зь ім бойку. У судзе высьветлілася, што Аляксей Марозік ня быў сябрам нічыёй выбарчай групы, аднак вёў каля Камароўкі агітацыю за выбары. Анатоль Лябедзька указаў суду, што гэта было парушэньнем закону.
Сьведкі: Аляксей Марозік (справа), Арцём Шакуля і Ўладзіслаў Мулярчык
Сьведкі: Аляксей Марозік (справа), Арцём Шакуля і Ўладзіслаў Мулярчык

Актывісты БРСМ студэнты БНТУ Арцём Шакуля і Ўладзіслаў Мулярчык заявілі, што бачылі, як Анатоль Лябедзька «спрабаваў пачаць бойку». Пры гэтым іх паказаньні ў судзе супярэчылі таму, што яны раней казалі ў міліцыі. У пратаколах зь іх словаў было пазначана, што яны ўдзельнічалі ў агітацыі, а ў судзе маладыя актывісты заявілі, што проста гулялі па плошчы каля Камароўкі ды выпадкова сталі сьведкамі інцыдэнту паміж Анатолем Лябедзькам і Аляксеем Марозікам. «Хлопцы, у БНТУ вас яшчэ не навучылі складна хлусіць», — заўважыў на гэта лідэр АГП.

Наступныя 14 начэй і дзён палітык правядзе на нарах на Акрэсьціна. Як і 73-гадовы актывіст АГП Уладзімер Раманоўскі, а таксама былы палітвязень Аляксандар Арастовіч, якіх судзьдзі Кірыл Полулех і Марыя Фёдарава асудзілі на 10 сутак арышту кожнага.

Актывістка Ганна Канапацкая пакараная судзьдзём Эдуардам Якубоўскім штрафам у 30 базавых велічынь (3,9 мільёна рублёў).

Суды над актывістамі Міхаілам Бабілам, Яўгенам Храпавым і Вольгай Маёравай працягваюцца.
Анатоль Лябедзька і Аляксандар Арастовіч пад канвоем каля суду
Анатоль Лябедзька і Аляксандар Арастовіч пад канвоем каля суду
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG