Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць Расеі, крымскіх сэпаратыстаў і былых кіраўнікоў Украіны


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама сёньня падпісаў Указ у сувязі з палітыкай ураду Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны.

Белы Дом лічыць, што разгортваньне расейскіх войскаў у Крымскай вобласьці Ўкраіны падрывае дэмакратычныя працэсы і інстытуты ва Ўкраіне, пагражае яе міру, стабільнасьці, бясьпецы, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, а таксама мае прыкметы незаконнага прысваеньня ўласнасьці.

Новы Ўказ пашырае папярэдні, які прэзыдэнт Абама падпісаў менш за два тыдні таму і які дазваляў міністру фінансаў, па ўзгадненьні зь Дзяржаўным сакратаром, увесьці санкцыі ў дачыненьні да канкрэтных чыноўнікаў расейскага ўраду, адказных за пагаршэньне сытуацыі ва Ўкраіне.

Ва ўказе пералічваюцца імёны сямі расейскіх дзяржаўных чыноўнікаў, у дачыненьні да якіх будуць уведзеныя санкцыі. Ім будзе забаронены ўезд у ЗША, а іх актывы і ўласнасьць будуць заблякаваныя.

Гэтыя людзі: Уладзіслаў Суркоў, Сяргей Глазьеў, Леанід Слуцкі, Андрэй Клішас, Валянціна Мацьвіенка, Дьзмітры Рагозін і Алена Мізуліна.

У дадатак Міністэрства фінансаў увяло сёньня санкцыі ў дачыненьні яшчэ да чатырох чалавек за дзеяньні, якія падрываюць стабільнасьць, сувэрэнітэт і бясьпеку Ўкраіны. Гэта: лідэры сэпаратысцкіх сіл у Крыме Сяргей Аксёнаў і Ўладзімер Канстанцінаў, былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Віктар Медведчук, а таксама былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч.

ЗША дасылаюць выразны сыгнал расейскім уладам, што іхныя дзеяньні, якія парушаюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, будуць мець наступствы. Сёньняшнія дзеяньні таксама зьяўляюцца пасланьнем Расеі, што калі яна ня выканае свае міжнародныя абавязацельствы і ня верне свае войскі на зыходныя базы, калі ня будзе паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, Злучаныя Штаты гатовыя прыняць дадатковыя меры па ўвядзеньні далейшых палітычных і эканамічных санкцыяў.

Уладзіслаў Суркоў: падпадае пад санкцыі як памочнік прэзыдэнта Расеі

Сяргей Глазьеў: падпадае пад санкцыі як дарадца прэзыдэнта Расеі

Леанід Слуцкі: падпадае пад санкцыі як дэпутат Дзяржаўнай Думы, старшыня камітэту Дзярждумы па справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі.

Андрэй Клішас: падпадае пад санкцыі як член Савета Фэдэрацыі, старшыня Камітэту па канстытуцыйным праве, судовых і прававых пытаньнях

Валянціна Мацьвіенка: падпадае пад санкцыі як кіраўнік Савета Федэрацыі

Дзьмітрый Рагозін : падпадае пад санкцыі як намесьнік прэм’ер-міністра Расейскай Фэдэрацыі

Алена Мізуліна: падпадае пад санкцыі як дэпутат Дзярждумы.

Сяргей Аксёнаў: падпадае пад санкцыі як самаабвешчаны прэм’ер-міністар Крыму

Уладзімер Канстанцінаў: падпадае пад санкцыі як сьпікер крымскага парлямэнту, які 11 сакавіка 2014 году абвясьціла незалежнасьць ад Украіны

Віктар Медведчук: падпадае пад санкцыі як лідэр «Украінскага выбару» за падрыў дэмакратычных інстытутаў і працэсаў ва Ўкраіне

Віктар Януковіч: падпадае пад санкцыі як былы ўкраінскі прэзыдэнт, які заклікаў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна накіраваць расійскія войскі ва Ўкраіну.

Таксама прэзыдэнт ЗША падпісаў асобны ўказ, згодна зь якім могуць быць пакараныя амэрыканскія кампаніі і бізнэсоўцы, якія аказваюць дапамогу ваеннай прамысловасьці Расеі. Такія ж захады могуць быць ужытыя і да тых, хто аказвае фінансавую падтрымку асобам з чорнага сьпісу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG