Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе бясьпекі ААН рыхтуюць рэзалюцыю ў абарону Ўкраіны


У Радзе бясьпекі ААН разглядаюць магчымасьць падаць праект рэзалюцыі, якая пацьвердзіла б сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і асудзіў рэфэрэндум у Крыме як такі, што парушае Канстытуцыю Ўкраіны.

Пра гэта паведаміў журналістам дыплямат у ААН, які пажадаў застацца неназваным.

Пры гэтым ён прызнаў, што Расія амаль напэўна накладзе на гэты праект вета.

Разам з тым іншы дыплямат, гэтак жа на ўмовах ананімнасьці, паведаміў, што тэкст праекта рэзалюцыі рыхтуюць такім чынам, каб яго не вэтаваў Кітай сваім голасам, а прынамсі ўстрымаўся.

Абодва дадалі, што яшчэ працягваюцца дыскусіі аб тым, падаць гэты праект рэзалюцыі на разгляд яшчэ да крымскага рэфэрэндуму, ці ўжо пасьля яго. Мяркуюць, што яго могуць вынесьці на пасяджэньне, якое склічуць на вечар нядзелі, калі павінен адбыцца незаконны рэфэрэндум, або на панядзелак.

Дыпляматы выступілі ананімна, таму што прыватныя кансультацыі паміж сябрамі Рады бясьпекі з нагоды гэтага дакумэнта яшчэ працягваюцца.

Акрамя таго дыпляматы сказалі, што Ўкраіна таксама плянуе на наступным тыдні вынесьці пытаньне аб акупацыі Расеяй Крыму на разгляд Генэральнай асамблеі ААН. Яе рэзалюцыі не абавязковыя для выкананьня, у адрозьненьне ад рэзалюцый Рады бясьпекі, але ў Генасамблеі ніхто не мае права вета.

Раней у дыпляматычных колах ужо паведамлялі аб меркаваньні вынесьці пытаньне Ўкраіны на разгляд Рады бясьпекі ААН з тым, каб толькі Расея прагаласавала супраць і наклала на рэзалюцыю вета і тым паказала б сваю дыпляматычную ізаляцыю ў сьвеце.

У чацьвер на адкрытым пасяджэньні Рады бясьпекі ААН, прысьвечаным становішчу ва Ўкраіне, павінен выступіць прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк, які цяпер знаходзіцца ў ЗША на запрашэньне прэзыдэнта Барака Абамы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG