Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: незалежныя кандыдаты пагражаюць зьняцца на знак пратэсту


Ігар Казьмярчак
Ігар Казьмярчак

Гэтая выклікана тым, што незалежныя кандыдаты ня маюць магчымасьці распачаць агітацыйную кампанію — друкарня абяцае вырабіць іхныя ўлёткі толькі на апошнім тыдні перад выбарамі.

Кандыдат ад Партыі БНФ Ігар Казьмярчак лічыць, што пазыцыя друкарні яскрава дэманструе агульнае стаўленьне да апазыцыйных кандыдатаў:

«Мы чуем толькі абяцаньні, якія ніхто выконваць не зьбіраецца. 4 сакавіка я зьвярнуўся ў друкарню, празь дзень-два пералічыў грошы за выраб улётак. І адразу ж мне сказалі, што без распараджэньня райвыканкаму нічога друкаваць ня будуць. Ніякага распараджэньня ня трэба, сказалі мне і ў абласной выбарчай камісіі, і ў райвыканкаме. Паабяцалі „разабрацца“. 7 сакавіка ў Воршу прыяжджаў Уладзімер Някляеў. Незалежныя кандыдаты разам зь ім пайшлі да кіраўніка раённай выбарчай камісіі Мікалая Давыдоўскага. Ен запэўніў, што праблемы няма, што ўсё вырашыцца сёньня ж, а ў друкарні „проста малады дырэктар, які ня ведае законаў“. Нічога так і ня вырашылася. Калі я кантактаваў з супрацоўнікамі друкарні апошні раз, яны сказалі, што мае ўлёткі будуць гатовыя не раней як 14 сакавіка. Такім чынам, на распаўсюд застаецца ўсяго 9 дзён. Хаця ўся агітацыйная кампанія разьлічана на месяц перад выбарамі».

Пра тое, чым выклікана затрымка, апавяла актывістка руху «За Свабоду» Валянціна Ігнаценка:
Я вырашыла патэлефанаваць у Цэнтарвыбаркам, паскардзіцца. Мяне пераключылі на юрыста, і тая спадарыня сказала, што я сама вінаватая

«Мне ў друкарні сказалі, што могуць увогуле не пасьпець надрукаваць улёткі да выбараў. І параілі пашукаць іншую друкарню. Але — ужо пасьля таго, як я пералічыла грошы за ўлёткі, бо загадзя пра магчымыя праблемы мяне не папярэдзілі. Толькі цяпер я даведалася, што ў друкарні цяпер друкуюць матэрыялы для выбарчых камісій, а потым ужо — нашы замовы. Я вырашыла патэлефанаваць у Цэнтарвыбаркам, паскардзіцца. Мяне пераключылі на юрыста, і тая спадарыня сказала, што я сама вінаватая. Што, маўляў, у дамове трэба было пазначыць тэрмін выкананьня, і тады я магла б высоўваць нейкія прэтэнзіі. Кажу: „Там нават графы такой няма, пра тэрмін выкананьня“. І які сэнс прад’яўляць прэтэнзіі потым, калі да выбараў друкарня нічога не пасьпее? Сказалі, усё адно сама вінаватая!»

Актывісты згадваюць, што ня ўсе мясцовыя прадстаўнікі апазыцыі былі зарэгістраваныя кандыдатамі, што мала каму з апазыцыянэраў удалося трапіць у выбарчыя камісіі, а цяпер пачаліся праблемы з улёткамі. Незалежныя кандыдаты вырашылі здымацца з выбараў на знак пратэсту супраць дэманстратыўнай непавагі да іх з боку адказных асобаў. Яны падрыхтавалі пра гэта супольную заяву. І калі да бліжэйшай пятніцы пытаньне з агітацыйнымі матэрыяламі ня вырашыцца, заява будзе пададзена ў выбарчыя камісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG