Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Крым залежыць ад Украіны: вада, электрычнасьць, турызм


Акрамя грошай у мясцовы бюджэт, большую частку пітной вады і электраэнэргіі паўвыспа Крым атрымлівае з Украіны.

Праўда, абвяшчэньне энэргетычнай альбо воднай блякады ўдарыць па шараговых жыхарах, а не па самаабвешчанай ўладзе Крыму. Вырашальны ўплыў Украіна мае і на турызм — асноўную крыніцу прыбытку крымскай эканомікі.

Болей за 80 % пітной вады і электраэнэргіі Крым атрымлівае з Украіны. А выдаткі аўтаноміі больш чым на палову забясьпечваюцца дзякуючы грошам з украінскага дзяржбюджэту.

Калі бюджэтныя датацыі Расея можа без асаблівых праблемаў ўзяць на сябе, то апэратыўна забясьпечыць альтэрнатыўнае вода- і электразабесьпячэньне паўвыспы Масква ня здольная, адзначае аглядальнік Украінскай службы Радыё Свабода Дзьмітры Шурхала.

«Украіна ў такім раздражняльным становішчы. Хоць яна можа цалкам заблякаваць Крым, яна на гэта ня ідзе і ня пойдзе, таму што там тады будуць пакутаваць людзі, а не акупанты», — кажа народны дэпутат Украіны Мустафа Джамілеў.

Праўда, у выпадку працягу акупацыі, Украіна зможа паставіць пытаньне пра тарыфы на ваду і электраэнэргію.

«Крым у значнай ступені пакрывае ўласныя патрэбы ў газе за кошт мясцовай здабычы. А як вырашыць сытуацыю з вадой ? — А ніяк! Нават пры самым дрэнным раскладзе Крыму наканавана атрымліваць ваду па Паўночна-Крымскім канале. Расея павінна будзе клапаціцца пра тое, як фінансаваць гэты аб’ём вады. Гэтак жа і з электраэнэргіяй», — кажа першы намесьнік дырэктара Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Яраслаў Жаліла.

Адзін з найважнейшых фактараў крымскай эканомікі — курортны сэзон. Паводле дадзеных галоўнага ўпраўленьня Міністэрства прыбыткаў і збораў Крыма, менавіта паступленьні ад турызму фармуюць даходную частку бюджэту аўтаноміі, многіх гарадзкіх і раённых бюджэтаў.

«Курортны сэзон 2014 году, магчыма, ужо сарваны. І гэта страты ня толькі для бюджэту аўтаноміі, але перш за ўсё для шараговых грамадзянаў, якія зарабляюць на турыстах. Гэта тая рызыка, якую немагчыма перакрыць за кошт расейскіх бюджэтных сродкаў», — сьцьвярджае Жаліла.

Летась у Крыме адпачыла каля 6 мільёнаў чалавек, зь якіх 4 мільёны — грамадзяне Ўкраіны. Бальшыня турыстаў дабіраецца да Крыма чыгункай, а 100% чыгуначных зносінаў з Крымам ідзе праз тэрыторыю Ўкраіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG