Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН абмеркавала крымскі рэфэрэндум


Уся міжнародная супольнасьць выступае супраць незаконнага акта, правядзеньня рэфэрэндуму ў Крыме аб далучэньні паўвострава да Расіі, заявіў у чацьвер амбасадар Вялікабрытаніі ў ААН Марк Лаял Грант.

Гэты рэфэрэндум, прызначаны на 16 сакавіка, будзе незаконным і прывядзе да сур’ёзнай эскаляцыі становішча, заявіў ён пасьля чарговых кансультацый у Рады бясьпекі ААН.

Паводле яго слоў, пазыцыю аб тым, што ўлады Крыму не маюць паўнамоцтваў праводзіць такі рэфэрэндум, выказалі многія сябры Рады бясьпекі.

Брытанскі прадстаўнік прапанаваў Расеі пайсьці на дыялёг з уладамі Украіны, вывесьці свае войскі з украінскай тэрыторыі, пацьвердзіць прыхільнасьць тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны, а таксама забясьпечыць доступ міжнародных назіральнікаў на паўвостраў.

Ён выказаў шкадаваньне з нагоды таго, што ў Крым не пусьцілі дэлегацыю Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе. Пры гэтым амбасадар адзначыў, што на мяжы Крыму былі людзі ў уніформе Ваенна-марскіх сіл Расеі, а таксама людзі ў стандартных мундзірах вайскоўцаў Расеі, побач з аўтамашынамі з расейскімі нумарамі.

Грант адзначыў, што Рада бясьпекі ў цяперашняй сытуацыі ня можа прыняць па становішчы ва Ўкраіне ніякага рашэньня. Але ён адзначыў, што дыскусіі дазваляюць амбасадару Расеі пераканацца, што міжнародная супольнасьць выступае супраць дзеяньняў Расеі.

Прадстаўнік Вялікабрытаніі таксама дадаў , што Лёндан і далей будзе падтрымліваць ўкраінскі народ у яго імкненьні да міру і дэмакратыі, паведаміла прэсавая служба ААН.

У бліжэйшы час, сказаў ён, Рада бясьпекі зноў зьбярэцца для абмеркаваньня становішча ва Ўкраіне, у прыватнасьці, у Крыме.

Амбасадар Украіны Юрый Сяргееў са свайго боку адзначыў, што ўжо вядзецца праца адносна магчымага абмеркаваньня ўкраінскага пытаньня ў Генэральнай асамблеі ААН. Яе рашэньне не абавязковыя да выкананьня, але ў Генасамблеі не існуе права вета, якое ў Радзе бясьпекі мае, у прыватнасьці, Расея.

Таксама ў ААН у чацьвер распаўсюдзілі як афіцыйны дакумэнт ліст Сяргеева на імя старшыні Рады бясьпекі, у якім адзначана, што выключнае паўнамоцтва дапускаць на тэрыторыю Ўкраіны падразьдзяленьні ўзброеных сіл іншых дзяржаў мае толькі Вярхоўная Рада, а Віктар Януковіч ужо не зьяўляецца законным прэзыдэнтам Украіны.

Гэты ліст апублікавалі ў адказ на сьцьвярджэньне амбасадара Расеі Віталя Чуркіна на папярэднім пасяджэньні Рады бясьпекі па Ўкраіне ў панядзелак, што менавіта Віктар Януковіч, назваўшыся прэзыдэнтам, зьвярнуўся 1 сакавіка да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай ўвесьці войскі ва Ўкраіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG