Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН прызнала зьмену ўлады ва Ўкраіне


Юры Сяргееў
Юры Сяргееў

У ААН у якасьці афіцыйнага дакумэнта распаўсюджаны ліст Пастаяннага прадстаўніка Ўкраіны Юрыя Сяргеева на імя старшыні Рады Бясьпекі, які аспрэчвае законнасьць просьбы Віктара Януковіча ўжыць на тэрыторыі Ўкраіны расейскія ўзброеныя сілы.

Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце міжнароднай арганізацыі.

У дакумэнце сказана, што «ў адпаведнасьці з пунктам 23 артыкула 85 Канстытуцыі Ўкраіны выключным паўнамоцтвам ухваляць рашэньне аб допуску на тэрыторыю Ўкраіны падразьдзяленьняў узброеных сіл іншых дзяржаў валодае Вярхоўная Рада Ўкраіны».

На пасяджэньні Рады ў панядзелак 3 сакавіка Пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін прадставіў ліст Віктара Януковіча да прэзыдэнта Расеі з просьбай «выкарыстоўваць узброеныя сілы для аднаўленьня правапарадку, міру і стабільнасьці і абароны насельніцтва Ўкраіны».

У лісьце амбасадара Ўкраіны Юрыя Сяргеева адзначаецца, што Віктар Януковіч больш не зьяўляецца законным прэзыдэнтам Украіны. «Падчас найвастрэйшага ў гісторыі нашай краіны крызысу, – піша Юры Сяргееў, – сп. Віктар Януковіч пакінуў сталіцу Ўкраіны і схаваўся ў невядомым кірунку і, такім чынам, ня выканаў свае афіцыйныя абавязкі кіраўніка дзяржавы».

Сяргееў нагадвае, што гэты факт быў пацьверджаны рашэньнем канстытуцыйнага складу Вярхоўнай Рады Ўкраіны, якое было ўхваленае і прадстаўнікамі былой кіруючай партыі рэгіёнаў. Сталы прадстаўнік Украіны адзначыў, што парлямэнт Украіны прызначыў дзейным прэзыдэнтам Украіны Аляксандра Турчынава.

«Сп. Аляксандар Турчынаў будзе выконваць абавязкі дзейнага прэзыдэнта да абраньня новага прэзыдэнта Ўкраіны падчас усенароднага галасаваньня, заплянаванага на 25 траўня 2014 году», – гаворыцца ў лісьце.

Пастаянны прадстаўнік Украіны заключае , што «Просьба сп. Віктара Януковіча на адрас прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі аб ўжываньні яе ўзброеных сіл на тэрыторыі Ўкраіны ня можа лічыцца афіцыйнай просьбай Украіны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG