Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выпадку штурму ахова крымскіх турмаў мае загад адстрэльвацца


Месцы пазбаўленьня волі ў Крыме гатовыя да магчымых спробаў штурму або аблогі, запэўніў сёньня журналістаў новапрызначаны кіраўнік Дзяржаўнай пэнітэнцыярнай службы Ўкраіны Сяргей Сідарэнка.

Паводле яго, паколькі пэнітэнцыярная служба не належыць да Мінабароны, на яе не распаўсюджваецца загад не ўжываць зброю ў Крыме.

«Установы выкананьня пакараньняў маюць такі рэжым, што пры спробе разбурэньня іх будынкаў або спробы пранікнуць унутр — ахова мае права адразу ж ужываць зброю. На выпадак штурму зброі ў нас дастаткова. Калі ж будуць спробы блякаваць установы выкананьня пакараньняў у Крыме — то яны маюць запас харчаваньня і ўсяго неабходнага на тры месяцы. А за гэты час крызіс у Крыме будзе пераадолены», — сказаў Сідарэнка.

Ён выказаў упэўненасьць, што крымская аўтаномія застанецца ў складзе Ўкраіны.

Таксама ён паведаміў, што ў выпадку вайны пэнітэнцыярная сыстэма мае пляны эвакуацыі работнікаў і зьняволеных. Аднак цяпер такія захады ўжывацца ня будуць, паколькі, паводле Сяргея Сідарэнкі, афіцыйна вайна не абвешчаная.

У Крыме дзейнічаюць адзін сьледчы ізалятар, дзьве папраўчыя калёніі і выпраўленчы цэнтар, у якіх знаходзяцца больш за 3200 зьняволеных.

Між тым, Дзяржаўную пэнітэнцыярную службу супрацьстаяньне ў Крыме не абышло. 3 сакавіка самаабвешчаная ўлада Крыму заклікала работнікаў пэнітэнцыярнай сыстэмы перайсьці на іхны бок, але атрымала адмову. На наступны дзень была спроба падпалу сімфэропальскага аддзелу крымінальна-выканаўчай інспэкцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG