Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не збылося. Эсэ-антыўтопія


Ігар Памяранцаў
Ігар Памяранцаў
У 2005 годзе лёнданскі часопіс Index on Censorship запрапанаваў мне напісаць эсэ-антыўтопію пра Расею 2050 году. Тады ж у перакладзе на ангельскую эсэ было апублікавана. Але арыгінал чакаў свае часіны ў памяці кампутара. У сёньняшняй Расеі модна ўзгадваць антыўтопіі зь іх змрочных папярэджаньнямі. Я рады, што мае прагнозы 9-гадовай даўніны бясконца далёкія ад рэальнасьці, і спадзяюся, што будучыня толькі пацьвердзіць маю гістарычную блізарукасьць.

(Скарочаная вэрсія)


Квадратны кілямэтар усурыйскай тайгі разам з жывёламі і чорнапіхтавымі, ясеневымі і ільмавымі насаджэньнямі трансплянтаваны ў забаўляльны комплекс Масквы. Гэта было зроблена пад покрывам ночы і выклікала пратэсты з боку атамана Усурыйскага казацкага войска (пратэктарат Японскага каралеўства). У другі ўік-энд месяца масквіцяне, узброіўшыся лазэрнымі бярданкамі, палявалі на амурскіх тыграў, гаралаў, ізюбраў, плямістых аленяў, леапардаў, гіганцкіх землярыек. Асаблівую вынаходлівасьць выявілі дзеці. Яны расстрэльвалі жывёлаў пад модныя рытмы, а пасьля скакалі каля абрынутых туш, выстраіўшыся ў апранахі сьмердаў і надзеўшы вэнэцыянскія маскі з пап’е-машэ, скуры і гульнёвых карт. Разам зь імі весяліліся карлікі з плямёнаў ільменскіх славян і пігмэі, нашчадкі крывічоў і чудзі. Пакуль дзеці пілі канапляны сок і елі піражкі з макам, недаросткі глушылі бярозавы самагон і курылі зельле. Дружына не ўмешвалася ў тое, што адбывалася, і дапамагала распускаць рэшткі жывёл і панты ў паходных хімічных лябараторыях. Па завяршэньні сьвята ўчастак тайгі вярнулі на ранейшае месца, а Усурыйскае казацкае войска пагадзілася прыняць кампэнсацыю за нанесеную яму маральную шкоду ў выглядзе ста тысяч кішэнных атамных гранат абмежаванага радыюсу дзеяньня .

Маскоўскі князь (мурза) Густаў выдаў указ, які ўраўноўваў украінскую мову з расейскай у Маскоўскім княстве. Раней Інстытут геннай лінгвістыкі заходняга паўшар’я выявіў, што ўкраінская мова спрыяе ўзьнікненьню ў мозгу фэрмэнту памяркоўнасьці і чалавекалюбства. Навукоўцы лічаць, што наданьне ангельскай мове афіцыйнага статусу ў Маскоўскім княстве магло б выклікаць ломку псыхалёгіі і выклікаць непрадказальныя наступствы.

Князь (мурза) Густаў адыграе ролю «тоўстага чалавека ў белым капелюшы» (П’ера Бязухава). Тры летнія месяцы ўсе падданыя княства будуць удзельнічаць у інсцэніроўцы «Вайны і міру». Зь ліку фіналістак конкурсу «Міс Белыя Слупы» адабрана ня менш за дзесяць Наташ. На ролі афіцэраў запрошаны імэрэтынцы і вісьляне з Кракаўскага ваяводзтва. Запрашэньне ўзяць удзел у праекце таксама накіравана каталіцкаму анкляву Бардо. Раман «Вайна і мір» прызнаны Сусьветнай псыхіятрычнай экспэртызай «найбольш збалянсаваным літаратурным творам, які вяртае асобы пачуцьцё далучанасьці да чалавецтва і дачыненьня да гісторыі». Эпапэя Льва Талстога здольная аднаўляць натуральныя псыхічныя функцыі, як неўсьвядомленыя, так і ўсьвядомленыя. Праект павінен эмацыйна аб’яднаць розныя сацыяльныя групы і касты і нагадаць пра існаваньне «нацыі», «народу», «радзімы». Вытокі гэтага праекту ўзыходзяць да магічных абрадаў першабытных людзей і містэрыяў эзатэрычных аб’яднаньняў, мэтай якіх былі маральнае ачышчэньне, духоўнае абнаўленьне і дасягненьне асалоды ў замагільным жыцьці. Пікам летніх талстоўскіх гульняў стане сцэна з удзелам цяжка параненага Андрэя Балконскага. Каля двухсот выканаўцаў гэтай ролі будуць глядзець на неба, папярэдне ачышчанае ад аблокаў і хмараў, і імправізаваць маналёгі пра сэнс жыцьця. У любым пункце княства можна будзе пачуць гэтыя маналёгі адначасова ці паасобку. Рэжысэр-пастаноўшчык праекту — княгіня (мурзинша) Хэльга. Бюджэт — мільярд нафтакансэрваў .

Вырашальную ролю ў захаваньні сувэрэнітэту Маскоўскага княства адыграе новая зброя, вынайдзеная групай біякібэрнэтыкаў з Каломенскага жаночага каледжу. На межах зь Яраслаўскім, Уладзімірскім і Смаленскім удзеламі мяркуецца збудаваць працэсары, якія ў выпадку набліжэньня небясьпекі будуць раптоўна вылучаць зеленаватую густую вадкасьць, смурод ад якой здольны разбурыць генную базу як чалавека, так і робата. Вадкасьць атрымана з адноўленых клетак засушанага пэніса Грыгорыя Распуціна, вусікаў пчалінай вошы Лінэя (Pediculus apis) і яек пухнатай антафоры (Anthophora pilipes). На пачатковым этапе распрацовак адбыўся працёк новага стратэгічнага прэпарата, што прывяло да масавай эвакуацыі масквіцянаў у калязямную прастору тэрмінам на тры месяцы. Чужаземныя экспэрты асьцерагаюцца, што пранікненьне новай атруты ў паветра і ваду можа пасьля адбіцца на мутацыйных працэсах, якія адбываюцца ў чалавечым, жывёльным і расьлінным асяродзьдзі Маскоўскага княства.

На Краснай плошчы адкрыты лазэрны помнік Філафею, манаху аднаго з пскоўскіх манастыроў, які ў пачатку XVI стагодзьдзя адстойваў дактрыну «Масква — трэці Рым». У адпаведнасьці з гэтай дактрынай, Русь абвяшчалася апошнім і вечным царствам праваслаўнага сьвету, а Масква — спадкаеміцай старажытнага Рыму і Канстантынопалю. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі ўсе падданыя Маскоўскага княства і князь (мурза) Густаў. Народныя гуляньні з гэтай нагоды доўжыліся тры дні. Новы помнік будзе бачны толькі ноччу. Удзень ён страчвае форму і аб’ём...
Пераклад: Сяргей Шупа
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG