Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Дума гатовыя да анэксіі Крыму


Уладзімер Пуцін
Уладзімер Пуцін

Пуцін абмеркаваў з чальцамі Савету бясьпекі РФ рашэньне Рады Крыму пра далучэньне да Расеі, у Дзяржаўнай Думе рыхтуюць закон.

Уладзімер Пуцін правёў нараду зь сябрамі Савету бясьпекі Расеі.

Пра гэта УНІАН паведамілі ў прэсавай службе Крамля.

«Пуцін правёў апэратыўную нараду з пастаяннымі сябрамі Савету бясьпекі. На нарадзе абмяркоўвалася сытуацыя ва Ўкраіне, у тым ліку з улікам прынятага сёньня Вярхоўнай Радай Крыму рашэньня», — гаворыцца ў паведамленьні.

У нарадзе ўзялі ўдзел старшыня ўраду РФ Дзьмітры Мядзьведзеў, старшыня Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка, старшыня Дзяржаўнай Думы Сяргей Нарышкін, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Іваноў, сакратар Савету бясьпекі Мікалай Патрушаў, міністар унутраных спраў Уладзімер Калакольцаў, міністар абароны Сяргей Шайгу, дырэктар Фэдэральнай службы бясьпекі Аляксандар Бортнікаў, дырэктар Службы зьнешняй выведкі Міхаіл Фрадкоў і пастаянны чалец Савету бясьпекі Барыс Грызлоў.

Раніцай 27 лютага будынак Савету міністраў і Вярхоўнай Рады Крыму захапілі невядомыя са зброяй. Пракуратура адкрыла крымінальную вытворчасьць паводле артыкула «тэракт». Пазьней у той жа дзень парлямэнт Крыму на пазачарговай сэсіі адправіў у адстаўку ўрад Анатоля Магілёва і прызначыў новым прэм’ерам АРК лідэра партыі «Рускае адзінства» Сяргея Аксёнава. Тады ж парлямэнт прызначыў правядзеньне ўсекрымскага рэфэрэндуму аб пашырэньні паўнамоцтваў аўтаноміі на 25 траўня. Пазьней ВР АРК перанесла рэфэрэндум на 30 сакавіка, сёньня гэты рэфэрэндум быў прызначаны на 16 сакавіка, Рада Крыму ўхваліла пастанову аб далучэньні да Расеі.

4 сакавіка Акруговы адміністрацыйны суд Кіева прызнаў супрацьпраўнымі і адмяніў рашэньні парлямэнту Крыму аб недаверу Савету міністраў АРК і спыненьні яго дзейнасьці, прызначэньні Аксёнава на пасаду старшыні Саўміну Крыму, а таксама арганізацыі і правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму.

Сёньня ж дэпутаты крымскага парлямэнту прагаласавалі за далучэньне рэгіёну да Расеі.

«Была анэксія Крыму Ўкраінай. Менавіта з гэтых меркаваньняў і настрояў мы прынялі рашэньне пра ўваход у склад Расейскай Фэдэрацыі. Я думаю, што нам там будзе лепш і камфортней», — сказаў Цэкаў.

У Думе Расеі заявілі, што на наступны тыдзень рыхтуюць законапраект, які дазваляе далучыць частку замежнай дзяржавы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG