Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая хлусьня расейскіх СМІ пра падзеі ва Ўкраіне


Фашысты кіруюць Кіевам. Уцекачы ліюцца патокам з усходняй Украіны ў Расею. Паўсюль антысэміцкія напады і разбурэньне праваслаўных цэркваў...

Гэта толькі некалькі прыкладаў перабольшаньняў ці проста хлусьні, якую распаўсюджваюць расейскія мэдыі пра падзеі ва Ўкраіне. Карэспандэнт Радыё Свабода Робэрт Коўлсан паглядзеў на інфармацыйную вайну, якую вядзе Расея, каб абгрунтаваць сваю інтэрвэнцыю ва Ўкраіну.

Даведацца, што адбываецца ва Ўкраіне, у любым выпадку ня проста. А расейскія мэдыі робяць усё, каб гэта было яшчэ складаней.

У той час, як расейскія сілы кантралююць Крым, а Масква разважае пра магчымасьць далейшых вайсковых дзеяньняў ва Ўкраіне, расейскія мэдыі і вядучыя палітычныя фігуры пранізьліва асуджаюць «фашыстаў» у Кіеве і заяўляюць пра антысэміцкія інцыдэнты, напады на этнічных расейцаў і патокі ўцекачоў з Украіны ў Расею.

Але шмат з гэтых навін відавочная хлусьня, якая паведамляецца без крыніц інфармацыі, а потым патрапляе ў заявы расейскіх палітыкаў і нават у заходнія мэдыі. Падзеі нечым нагадваюць амэрыканскі фільм 1997 году «Хвост віхляе сабакам», у якім «чорныя піяршчыкі» выкарыстоўваюць мэдыі, каб выклікаць падтрымку няіснай вайны.

Кэтрын Фіцпатрык, пісьменьніца і перакладчыца, якая сочыць за падзеямі ва Ўкраіне і вядзе блог на сайце Interpretermag.com, кажа:

«Так і пачынаюцца войны. Як кажуць, «праўда – першая ахвяра вайны», і мы сапраўды гэта бачым па тым, як паводзіць сябе Расея. Я лічу, што яны сапраўды безадказныя. Яны разьдзімаюць нянавісьць і паніку. Людзі ў такіх месцах як Харкаў глядзяць расейскае тэлебачаньне. Яны могуць глядзець і мясцовае тэлебачаньне, але яны залежаць ад расейскага тэлебачаньня...»

Фіцпатрык дадае, што і прычыны, якія называлі расейскія заканадаўцы, калі ўхвалялі дазвол на выкарыстаньне войскаў ва Ўкраіне, і апраўданьні гэтых дзеяньняў паслом Расеі ў ААН Віталіем Чуркіным, грунтуюцца на хлусьні пра тое, што ва Ўкраіне нібыта адбываюцца напады на расейцаў і расейскамоўных.

У сваім выступе ў ААН Чуркін таксама заявіў пра напад на знакамітую Кіева-Пячорскую Лаўру, пра што шырока паведамілі расейскія мэдыі. Прадстаўнікі манастыра абверглі гэтую інфармацыю пра напад. Расейскія мэдыі таксама шырока паведамілі пра тое, што больш за 650 тысяч украінцаў ад пачатку году перабраліся з паўднёва-ўсходняй Украіны ў Расею. Аднак камісар ААН у пытаньнях уцекачоў кажа, што ня бачыў ніякіх доказаў нейкай незвычайнай міграцыі празь мяжу. Украінскія блогеры высьветлілі, што некаторыя расейскія мэдыі ілюстравалі такія паведамленьні старымі фотаздымкамі з украінска-польскай мяжы.

Некаторыя іншыя паведамленьні грунтаваліся на фактах, але вельмі перакручаных расейскімі мэдыямі. Напрыклад, у ноч з 27 на 28 лютага невядомыя вандалы апаганілі сынагогу ў Сімфэропалі. Расейскія мэдыі адразу ж паведамілі, што гэта зрабіў украінскі «Правы сэктар». Але і сам «Правы сэктар» выступіў з абвяржэньнем, і лідэр мясцовай габрэйскай суполкі Аляксандар Гендзін сказаў нашаму радыё наступнае: «Я ня думаю, што гэта быў «Правы сэктар». Я думаю, нехта скарыстаў іх эмблему, каб дэстабілізаваць Крым».

А галоўны рабін Украіны Якаў Блайх сказаў 4 сакавіка, што галоўная пагроза для ўкраінскіх габрэяў – гэта правакацыі з боку Расеі. Ён параўнаў іх зь дзеяньнямі нацыстаў, якія рабілі правакацыі, калі хацелі ўзяць пад свой кантроль Аўстрыю.

25-гадовы журналіст з Харкава Сяргей Балбека стварыў сайт www.fakecontrol.org. Ён тлумачыць: «Мы зь сябрамі вырашылі запусьціць гэты праект, калі зразумелі, якая колькасьць дэзінфармацыі ідзе з мэдыяў, сацыяльных сетак, з навінаў і прэсы, ды зь іншых крыніц». Гэты сайт адным зь першых абверг інфармацыю пра паток уцекачоў з Украіны ў Расею.

Кэтрын Фіцпатрык кажа, што расейская прапаганда натыкнулася на сур'ёзны супраціў з боку такіх сайтаў як www.fakecontrol.org ці stopfake.org. Але іх намаганьняў можа быць недастаткова, каб супрацьстаяць паведамленьням расейскіх мэдыяў. Вось што кажа расейскі сацыёляг Леў Гудкоў:

«У прапагандзе вельмі важна ўлічыць эфэкт выцясьненьня альтэрнатыўных вэрсіяў падзеяў, усёй альтэрнатыўнай інфармацыі. У выніку нават людзі, якія ня вераць ці сумняваюцца ў афіцыйнай інфармацыі, ня здольныя працаваць зь іншымі крыніцамі. На гэтым уласна і будуецца эфэкт прапаганды».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG