Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна атрымае газ з Эўропы


Урад Славаччыны пагадзіўся на рэвэрсіўныя пастаўкі газу Ўкраіне з Эўропы. Гэта дапаможа Ўкраіне працягнуць курс на энэргетычную незалежнасьць ад Расеі, і Эўразьвяз гатовы ёй дапамагчы.

Пра гэта заявіў камісар ЭЗ у пытаньнях энэргетыкі Гюнтэр Отынгэр пасьля пасяджэньня Рады ЭЗ на ўзроўні міністраў энэргетыкі. Ён адзначыў, што вяліся перамовы адносна Мэмарандуму аб разуменьні, і ён цяпер на стале.

«Украінскі ўрад ня быў стабільным. Але ад 19 сакавіка ўсе зноў запрацуе з перамоўным працэсам. Ёсьць ужо новы ўкраінскі ўрад. Такім чынам, наша стратэгія — дывэрсыфікацыя. Мэта ня ў тым, каб адмовіцца наогул ад расейскага газу, а каб расейскі газ каштаваў столькі, колькі павінен каштаваць. Ёсьць газ з Нарвэгіі, Альжыру, Азэрбайджану, тэрміналы для прыёму звадкаванага газу, сланцавага газу. Калі мы скажам Расеі, што можам атрымліваць газ адусюль і з розных крыніц, то тады расейцы будуць больш рахманымі, каб зьнізіць цану на свой газ для Эўропы да сусьветнага ўзроўню і каб не было прывязкі цаны на газ да цаны на нафту», — сказаў Отынгэр.

Ужо 19 сакавіка будуць перамовы з украінскім міністрам энэргетыкі Юр’ем Проданам у Брусэлі аб падпісаньні Мэмарандуму аб разуменьні адносна рэвэрсіўных паставак газу Ўкраіне з Эўропы.

У мінулым годзе ўжо былі рэвэрсіўныя пастаўкі газу Ўкраіне з Польшчы і Нямеччыны.
Мэта ня ў тым, каб адмовіцца наогул ад расейскага газу, а каб расейскі газ каштаваў столькі, колькі павінен каштаваць

«Тэхнічна, такім чынам, гэта магчыма цяпер. Тое ж датычыцца і Вугоршчыны. І Славаччыны таксама», — адзначыў Отынгэр.

У сьнежні мінулага году, пасьля таго, як Расея пайшла на зьніжэньне кошту газу на траціну, Украіна спыніла актыўныя перамовы са Славаччынай. Раней плянавалася, што са Славаччыны Ўкраіна магла б атрымліваць больш за 10 млрд кубічных мэтраў газу, а пастаўкі плянавалася пачаць з другой паловы гэтага году, нагадвае «Ўкраінская праўда».

Таксама нямецкая RWE у рамках падпісанай дамовы з НАК «Нафтагаз Украіны» можа пастаўляць газ Украіне ў выпадку скарачэньня аб’ёму паставак з Расеі, паведаміў галоўны фінансавы дырэктар RWE Бэрнхард Гюнтэр агенцтву Bloomberg.

Украіна ў 2012 годзе пачала купляць газ у Эўропе. Ад лістапада 2012 года пачаліся пастаўкі газу праз Польшчу па дамове з RWE ( 10 мільярдаў кубамэтраў газу ў год да 2017 года), з канца сакавіка 2013 году — праз Вугоршчыну. Аднак на пачатку гэтага года «Нафтагаз» паведаміў пра намер захаваць пастаўкі толькі расейскага газу з-за яго таннасьці.

Цяпер кіраўнік расійскага «Газпраму» Аляксей Мілер на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым заявіў, што «Газпрам» ад красавіка 2014 году адмяняе льготы на пастаўку газу Ўкраіне. Пратэрмінаваная запазычанасьць Украіны за пастаўкі расейскага газу складае 1,529 мільярда даляраў.

У Эўразьвязе заявілі пра гатоўнасьць дапамагчы Ўкраіне выплаціць даўгі за расейскі газ. Пра гэта заявіў Гюнтэр Отынгэр, паведамляе Інтэрфакс. Ён адзначыў, што пытаньне аб выплаце калясальнага ўкраінскага доўгу уключана ў пакет дапамогі Эўракамісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG