Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наста Дашкевіч пра катаваньні арыштаваных


Наста Дашкевіч
Наста Дашкевіч

Наста Дашкевіч напісала пра ўмовы ўтрыманьня арыштаваных 1 сакавіка каля расейскай амбасады за акцыю салідарнасьці з Украінай.


"Вы можаце сабе ўявіць, што вас заводзяць у камэру, дзе няма сьвятла (толькі начное асьвятленьне круглыя суткі) і вады. Не гарачай, а проста вады. Каб яе ўключылі, трэба спэцыяльна прасіць... Ня думаю, што гэта робіць кожны ў камэры на 7 чалавек, пасьля таго як сходзіць у прыбіральню.

Ідзем далей. 7 чалавек курыць. Фортка проста не адчыняецца. Т.б. не таму, што нехта лянуецца, а таму, што яе зачынілі такім чынам, каб яе не адчынілі. І як, соры, у гэтым смуродзе знаходзіцца таму, хто ня курыць ці не выносіць тытунёвага паху?

Ідзем далей. Вас выводзяць з камэры і кажуць, што вы едзеце ў суд. Здаецца, някепская навіна. Можна пабачыць блізкіх і каханых людзей, а таксама мець нейкую пэўнасьць адносна пэрспэктываў свайго жыцьця на бліжэйшы месяц. Вы падыходзіце да газэлькі, пустой газэлькі, але замест таго каб адчыніць дзьверы ў салён — вам адчыняюць дзьверы ў багажнік. Недзе больш за мэтар у даўжыню і палову мэтра ўшыркі, куды хочуць пасадзіць трох мужчын. Нагадваю, газэль пустая.

Калі ў цябе ёсьць хоць троху самапавагі і пачуцьця чалавечай годнасьці, ты кажаш, што пры наяўнасьці абсалютна пустой машыны ты ў багажніку машыны не паедзеш. І ведаеце, што адбываецца далей?
На цябе надзяюць кайданкі, б’юць у твар, разьбіваючы акуляры, перакідваюць у салён, дзе працягваюць біць, а пасьля нейкі лейтэнант пад імем Чарняўскі Аляксей Анатольевіч ставіць на цябе дзьве нагі
, і так вы едзеце ад ЦІПа ў Цэнтральны РАУС усю дарогу. Пры гэтым па руках Зьмітра я бачу, што адзелі яго ў кайданкі не для таго, каб зрабіць гэта акуратна. А для таго, каб нармальна папіхаць ва ўсе бакі, пакідаючы на руках чырвоныя бранзалеты ў выглядзе сьцёртай скуры.

У акулярах вылецела шкло, і Зьміцер кажа, што здолеў яго ўставіць. І толькі на носе бачны сьлед ад удару, бо білі, калі акуляры былі на твары, і на пераносьсі засталіся пашкоджаньні. Пасьля РАУСа Зьмітра такі запіхалі ў багажнік, да астатніх — і так мы пабачылі яго перад будынкам суду.

З учорашняга дня іх ніхто не карміў. Хіба што ранкам пасьпелі выдаць 150 гр кашы. Усе спробы перадаць затрыманым ежу сканчаліся выкіданьнем з машыны гэтага пакунку. У выніку дазволу паесьці прыйшлося прасіць у судзьдзі. Калі, канечне, гэтых людзей можна называць судзьдзямі. Зьмітра асудзілі на 12 сутак арышту а 14 гадзіне. А да 18 гадзіны ён усё гэтак жа сядзеў у машыне ў багажніку і чакаў, пакуль асудзяць усіх астатніх. І я магла бачыць і размаўляць зь ім праз бруднае шкло газэлькі.


ЯК ГЭТА МОЖНА НАЗВАЦЬ, АПРОЧ ЯК КАТАВАНЬНЯМІ?


...І ён зноўку вернецца ў камэру, дзе няма вады, сьвятла і стаіць тытунёвы смурод. І я магу толькі маліцца Богу, каб гэтыя мразі, якія зусім абнаглелі і забыліся на слова закон, трымалі свае рукі і ногі далей ад Зьмітра, Яўгена і Сяргея па дарозе на Акрэсьціна",— напісала Наста Дашкевіч у тэксьце, перададзеным для сайта Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG