Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» заклікае Расею вывесьці войскі з Украіны


Праваабарончы цэнтар «Вясна» накіраваў адпаведны зварот амбасадару РФ у Беларусі Аляксандру Сурыкаву.

Праваабаронцы спрабавалі перадаць ліст асабіста, аднак супрацоўнік амбасады адмовіўся прымаць зварот, спаслаўшыся на тое, што няма практыкі прымаць пошту асабіста.

Прыводзім тэкст звароту:

Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу
Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь
Спадару Сурыкаву Аляксандру Аляксандравічу
Праваабарончы цэнтар «Вясна»
г. Мінск, вул. Мяржынскага, 8-26

Зварот

У сувязі з уварваньнем войскаў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыю Ўкраіны і рашэньнем Савету Фэдэрацыі пра дазвол на выкарыстаньне расейскіх войскаў на тэрыторыі Ўкраіны «да нармалізацыі сытуацыі» мы, прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру «Вясна», выказваем сваё абурэньне дзеяньнямі ўладаў Расейскай Фэдэрацыі і заклікаем:

Паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, спыніць ваеннае ўмяшаньне ва ўнутраныя справы гэтай дзяржавы, як таго патрабуюць міжнародныя дамовы, у тым ліку заключаныя ў рамках АБСЭ, сябрам якой зьяўляецца і Расейская Фэдэрацыя.

Не дапускаць прымяненьня зброі і фізычнага гвалту ў дачыненьні да мірнага насельніцтва акупаваных тэрыторыяў, а таксама ў дачыненьні да ўкраінскіх вайскоўцаў.

Неадкладна разблякаваць вайсковыя аб’екты ўкраінскіх узброеных сілаў і ВМФ, а таксама вярнуць расійскія войскі ў месцы іх сталай дысьлякацыі ў адпаведнасьці з заключанымі Харкаўскімі пагадненьнямі аб статусе Чарнаморскага флёту Расейскай Фэдэрацыі.

Нагадваем, што ў адпаведнасьці зь Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах прымяненьне катаваньняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня недапушчальнае, у тым ліку і ва ўмовах збройных канфліктаў.

Таксама нагадваем, што ўся адказнасьць за магчымыя чалавечыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва і вайскоўцаў з абодвух бакоў у выніку разьвязанай непрыхаванай агрэсіі цалкам будзе ляжаць на кіраўніцтве Расейскай Фэдэрацыі і яе прэзыдэнце У.У. Пуціну асабіста.

Мы заклікаем кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі не дапускаць далейшай эскаляцыі канфлікту і неадкладна пачаць перамовы па пытаньнях, якія закранаюць інтарэсы абедзьвюх краінаў.

Ад імя Рады Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Валянцін Стэфановіч

https://spring96.org/be/news/69494
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG