Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не закрывала пункты пропуску ва Ўкраіну


У інтэрнэце з спасылкай на старшыню Чарнігаўскага аблсавету Мікалая Зьверава зьявіліся паведамленьні: Беларусь закрыла некаторыя пункты пропуску на мяжы з Украінай. У прыватнасьці, гэта нібыта тычыцца ўчастка мяжы з Чарнігаўскай вобласьцю.

Беларускі памежны камітэт 3 сакавіка адрэагаваў на згаданае паведамленьне празь дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва: «Пункты пропуску працуюць у штатным рэжыме, і ніякіх дзеяньняў дзеля закрыцьця ці блякаваньня не рабілася».

Гэта, дарэчы, пацьвярджаюць і гамельчукі, якія езьдзілі сёньня ва Ўкраіну праз памежны пераход «Весялоўка-Сянькоўка», што ў Добрускім раёне.

Спадар Кастусь: «Абмежаваньняў на выезд зь Беларусі няма. Усё нармальна і спакойна — ніякіх праблемаў. Праўда, на ўкраінскай мяжы людзей крышку больш. На Чарнігаўшчыне, прынамсі ў памежных раёнах, сытуацыя таксама спакойная. Памежнікі ўкраінскія паводзяць сябе адэкватна. Я зь імі крыху размаўляў — яны за адзіную Ўкраіну. І Крым, і захад, і ўсход дзяржавы — гэта ўсё Ўкраіна, і яны гатовыя змагацца за сваю Ўкраіну. Практычна і жыхары таксама».

Памежны пераход «Весялоўка» — на сутыку трох дзяржаў: Беларусі, Украіны й Расеі. Ні з чыйго боку нейкага актыўнага руху ня бачна — ні тэхнікі, ні людзей. Толькі беларускія памежнікі, як адзначаюць відавочцы, крыху зьдзіўлена глядзяць на адзінокіх падарожнікаў:
Глядзяць памежнікі неяк дзіўна на нас. І самі пытаюцца, што там і як ва Ўкраіне — раскажаце па дарозе назад

«Глядзяць памежнікі неяк дзіўна на нас. І самі пытаюцца, што там і як ва Ўкраіне — раскажаце па дарозе назад. Відавочна, усе дэзынфармаваныя расейскімі СМІ і пра сапраўдны стан рэчаў ня ведаюць. Гэта датычыць і памежнікаў, бо ідзе вельмі вялікі паток дэзінфармацыі. Кажуць, што і ўцекачы чэргамі ломяцца. Насамрэч — ніводнага ўцекача, ніводнага аўтобуса, ніводнай аўтамашыны мы ня бачым. Мяжа пустая — як з боку Расеі, так і з боку Беларусі і Ўкраіны. Ніхто нікуды цяпер ня едзе».

Тым часам Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны на сваім афіцыйным сайце паведамляе пра напады і блякаваньні сваіх падразьдзяленьняў у Крыме адмыслова экіпіраванымі расейскімі вайскоўцамі. Гэта асабліва пачасьцілася пасьля заяваў кіраўніка Вярхоўнай Рады Крыму Ўладзімера Канстанцінава пра ўпартасьць памежнікаў і супраціў рашэньням новапрызначанай улады Крыму.

З Крыму сёньня ў Беларусь прыйшоў цягнік Сымфэропаль — Менск. Адна зь яго беларускіх пасажырак, якая 2 сакавіка апоўдні была яшчэ ў крымскім Сымфэропалі, апавядае:

«Там усё ціха, мірна і спакойна. Ня скажаш, што там нешта адбываецца. Людзі нясьпешна ходзяць. Усё спакойна. Цягнікі адпраўляюцца паводле раскладу. Гарадзкі транспарт ходзіць як мае быць. Можа, недзе штосьці ў Крыме й адбываецца, але вось мы былі на вакзале — дык там усё спакойна. Цішыня і спакой — як заўсёды».

Спадар Аляксандар вярнуўся ў Беларусь зь Мелітопаля, поўдня Ўкраіны:

«У Мелітопалі пакуль цішыня — ні вайскоўцаў, ні міліцыі. Праехалі спакойна, без праблемаў. Хвіліна ў хвіліну цягнік прыйшоў. І на мытню, і з мытні таксама. Украіну нельга дзяліць. І нельга наагул ваяваць славянскім народам».

Аднак у Расеі беларуса, хутчэй за ўсё, ня чуюць. Агенцтва «е-Крым» паведаміла, што акурат мінулай ноччу два расейскія зьнішчальнікі «Су-27», якія стартавалі ў Краснадары, даляцелі ад расейскай мяжы да Мелітопаля. І гэта нягледзячы на афіцыйную забарону прысутнасьці ва ўкраінскай паветранай прасторы нецывільных лятальных апаратаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG